Міхал Падалінскі

беларускі графік

Міхал Дамінікавіч Падалінскі (1783, Аршанская парафія — 1853, Мінск) — адзін з найбольш вядомых беларускіх графікаў 1-й паловы ХІХ ст. У гісторыю выяўленчага мастацтва увайшоў як выдатны майстар медзярыту і афорта, рысавальшчык і педагог. Яго творчы і жыццёвы шлях быў цесна звязаны з Беларуссю, Літвой, Расіяй і Польшчай.

Міхал Падалінскі
Дата нараджэння 1783[1][2][3]
Месца нараджэння Аршанская парафія
Дата смерці 1853(1853)
Месца смерці
Род дзейнасці графік, гравёр
Вучоба
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў Аршанскай парафіі. Калі быў падлеткам, сям’я пераехала ў Крожы, дзе да 1801 года вучыўся ў павятовай школе.

Пецярбургскі перыяд (1802-08)Правіць

У 1802 годзе паступіў у Пецярбургскую Імператарскую акадэмію мастацтваў. Спачатку наведваў клас гістарычнай кампазіцыі, а потым партрэтны. 29 жніўня 1806 года атрымаў сярэбраны медаль другой ступені за малюнак з натуры. У 1808 г. атрымлівае Вялікі сярэбраны медаль за акадэмічную штудыю «Два натуршчыкі» (захоўваецца ў зборах Дзяржаўнага Рускага музея). Мастак прадэманстраваў упэўненае валоданне прыёмамі акадэмічнага тонавага малявання фігуры чалавека і добрае веданне пластычнай анатоміі. У гэты ж год удзельнічаў у конкурсе на суісканне залатога медаля.

У 1808 г. па ўласным жаданні пакінуў Акадэмію, атрымаўшы атэстат І ступені.

У Пецярбургу Падалінскі пазнаёміўся з англійскім гравёрам Джозефам Сандэрсам, які працаваў пры Эрмітажы на пасадзе прыдворнага мастака. Разам з іншымі заказамі ў 1805—1809 гг. Ю. Саўндэрс працаваў над стварэннем ілюстрацый шэдэўраў з фондаў Эрмітажу у тэхніцы траўленай гравюры для альбома, які складаў Францішак Ксаверы Любеньскі. Да гэтай жа працы ў 1806 г. далучыўся і М. Падалінскі. Да нашых дзён захавалася пэўная колькасць гравюр з гэтага альбома. Амаль на кожным з эстампаў тры прозвішчы: жывапісца, рысавальшчыка і гравёра (Ю. Саўндэрс, М. Падалінскі, Е. Скотнікаў). Усе гравюры альбома былі падпарадкаваны адзіным стылістычным патрабаванням.

Такім чынам, ужо ў час вучобы ў Пецярбургу М. Падалінскі набыў добрыя прафесійныя навыкі рысавальшчыка, вызначыў сваю асноўную спецыялізацыю ў мастацкай дзейнасці — гравёрства, і атрымаў першую практыку адказнага заказу ў тэхніцы металагравюры.

Віленскі перыяд (1808-21)Правіць

9 кастрычніка 1808 знаходзіўся ў Вільні, куды прыехаў для ўдасканалення ў гравёрстве. 21 лістапада 1810 года быў прыняты ў Віленскі ўніверсітэт. У гэты ж час на пасадзе прафесара Віленскага ўніверсітэта распачынае сваю дзейнасць і Ю. Саўндэрс, які зрабіў гравёрства галоўным вучэбным курсам мастацкага аддзялення. М. Падалінскі спецыялізаваўся ў гістарычнай кампазіцыі і атрымліваў падвойную стыпендыю.

Першыя датаваныя гравюры М. Падалінскага, выкананыя ў Вільні, адносяцца да 1813 г. Сярод іх «Партрэт мужчыны», награвіраваны паводле жывапіснага твора Яна Рустэма і адбіты ў гравёрнай майстэрні Віленскага ўніверсітэта.

У 1815 г. вучоба ў Віленскім універсітэце скончылася, як «кандыдат вызваленых навук» заняў пасаду настаўніка малявання ў Віленскай гімназіі (папярэдне на гэтай пасадзе працаваў Ян Дамель) на шэсць год. Сярод яго вучняў быз вядомы польскі паэт Юліуш Славацкі.

У 1817 г. уступіў у шлюб з Канстантай з сям’і Цыбульскіх, з якой пражыў астатнюю частку жыцця.

Увосень 1818 г. пасля ад’езду Ю. Саўндэрса ў Італію з мэтай папраўкі здароўя кіраўніцтва гравёрнай майстэрняй і нагляд за мастацкім фондам былі даручаны М. Падалінскаму. Не пакідаючы месца настаўніка ў гімназіі, дзе ён атрымліваў жалаванне ў 240 рублёў, бясплатна праводзіў заняткі па гравёрстве і малюнку ва ўніверсітэце. Такім чынам, «М. Падалінскі стаў першым прадстаўніком мясцовай школы, які пачаў рыхтаваць прафесійных графікаў пасля замежных мастакоў»[4].

Пра Падалінскага газеты пісалі:

Праводзячы акадэмічныя заняткі, прывіў вучням густ прыгажосці, які існуе і ў антычных гіпсах, і ў дасканалых гравюрах майстроў, што садзейнічала пазбаўленню ад карыкатурнасці, пакінутай недавучанымі мастакамі. Усё менш бачна нязграбнасці ў вучнёўскіх малюнках[5].

Крытыка адзначыла медзярыт паводле карціны Ланфранка «Смерць Авеля», які быў адбіты ў Парыжы і за які аўтар атрымаў грашовую прэмію.

Яго вучнямі гравёрнага класа была Юзэф Хржановіч і Готліб Кіслінг. Сам Падалінскі вылучаў сярод сваіх вучняў жывапісцаў: «У мяне былі два вучні, якія дасягнулі значных поспехаў. Гэта — Канут Русецкі і Ян Траяноўскі».

Апошні перыяд жыцця (1821-35)Правіць

Калі ў 1821 г. стала ясна, што Ю. Саўндэрс не вернецца ва ўніверсітэт, паўстала пытанне аб замяшчэнні прафесарскага месца. Прэтэндэнтам на гэта месца лічылі М. Падалінскага, якому Я. Рустэм даў пісьмовую рэкамендацыю. Нечакана штатным выкладчыкам кабінета гравюры быў прызначаны Фрыдрых Лехман. М. Падалінскі з цяжкасцю перажыў гэты маральны ўдар, пакінуў універсітэт і Вільню назаўсёды.

З 1826 г. працаваў выкладчыкаў малявання ў адной з гімназій Мінска, потым на аналагічнай службе ў Магілёве. У 1841 г. пасля выслугі 25 гадоў ён быў пакінуты на службе яшчэ на 5 гадоў настаўнікам малявання ў павятовай школе ў Маладзечне. Жыццё М. Падалінскага закончылася ў Мінску ў 1856 годзе, дзе і пахаваны на Кальварыйскіх могілках. Аб яго творчай працы ў апошні перыяд жыцця мы не маем звестак. Сёння невядома ніводнай яго гравіраванай працы, пазначанай пазней 1821 года.

Графічная спадчынаПравіць

Найбольш плённымі гадамі творчасці быў час выкладчыцкай дзейнасці. М. Падалінскі як «чалавек падрыхтаваны прафесійны выдатна», па звестках Ю. Бялінскага, працаваў у Вільні шмат і многа выдаў[6].

Найбольш значныя станкавыя творы былі створаны ў партрэтным жанры. Гэты партрэты гістарычных дзеячоў і асоб блізкага яму акружэння віленскай інтэлігенцыі. Арыгіналамі для гравюр служылі жывапісныя палотны заходнееўрапейскіх, а таксама мясцовых мастакоў, найчасцей Яна Рустэма.

Самая значная і цікавая серыяй гравюр прысвечана прафесарам Віленскага ўніверсітэта. Гэта афіцыйныя парадныя выявы, якія грунтуюцца на традыцыях сармацкага партрэта. Кожны з партрэтных персанажаў — асоба неардынарная ў навуковай галіне. Партрэтныя выявы пададзены на ўмоўным аднатонным фоне ў авальнай раме, якая змешчана на пастаменце, з надпісам на лацінскай мове: імя, прозвішча, займаемая пасада, ганаровае званне, узнагароды і інш.

 
Партрэт Готфрыда Эрнеста Гродэка

Высокай выканаўчай культурай гравіравання вылучаецца партрэт Готфрыда Эрнеста Гродэка — прафесара грэчаскай і лацінскай моў. Гравюра была створана паводле жывапіснага партрэта Яна Рустэма (верагодна ў 1821 годзе). Таксама Падалінскім былі створаны партрэты наступных прафесараў Віленскага ўніверсітэта: Юзэфа Франка (выкладчыка медыцыны), Вінцэнта Ануфрыя Герберскага (таксама прафесара медыцыны), Стэфана Стубялевіча (доктара фізікі).

 
Малюнак кветкі Paradisea liliastrum з роду лілейных

Сваё аўтарства пазначаў на гравюрах звычайна M.R.P або Ryt. M.P., а ў работах вялікіх па аб’ёму, як у выпадку з серыяй партрэтаў віленскіх прафесараў, падпісваўся поўным прозвішчам (M. Podolinski).

Другую тэматычную лінію складаюць вобразы знакамітых дзяржаўных дзеячаў, гэтыя гравюры больш разнастайныя па форме і тэхніцы выканання. Самы знакаміты з іх медзярыт «Леў Сапега» (каля 1819 года), гравюра была надрукавана ў трохтомным выданні Ю. Нямцэвіча «Гісторыя панавання Жыгімонта ІІІ» (Варшава, 1819). Шырокую вядомасць гравюра набыла дзякуючы «Віленскаму альбому». Таксама ім былі створаны партрэтныя выявы Яна Замойскага, Уладзіслава IV, Генрыха Валуа, Станіслава Жалкеўскага.

Сярод вядомых нам гравіраваных партрэтаў мы не маем дакладных фактаў стварэння цалкам аўтарскіх твораў па асабістых малюнках.

Таксама яму належыць некалькі алегарычных кампазіцый: «Саюз 1815», якая ўхваляе Свяшчэнны саюз еўрапейскіх дзяржаў, «Алегорыя перамогі» (1821), прысвечаная завяршэнню вайны з напалеонаўскай Францыяй.

З пейзажнага жанру захаваліся ўсяго некалькі твораў: невялікі пейзаж «Марынкі з вадаспадам», і два архітэктурна-ландшафтных краявіды «Курылавецкі палац» і «Замак у Камянцы-Падольскім».

Уяўленнне аб мастацкім узроўні гравёрв можа даць сюжэтны медзярыт «Лешак і Гаворак» (1816), гравіраваны і адціснуты ў майстэрні Віленскага ўніверсітэта паводле рысунка Яна Рустэма. Гэта ілюстрацыя да кнігі А. Мачускага «Аб прыязнасці і прыяцялях» (1817), якая змяшчала збор тэкстаў на маралістычную тэматыку. Гісторыя прыязнасці ўладара і яго слугі стала папулярнай літаратурнай тэмай, гравюра адлюстроўвае псіхалагічнага супрацьстаяння Лешака Бялага і кракаўскіх паслоў, якія просяць маладога князя стаць уладаром Кракава, а той адмаўляецца прыняць карону цаной выдалення свайго былога апекуна.

Некалькі прац змешчаны ў выданні Канстанціна Тышкевіча «Помнікі айчыннага гравёрства» (Вільня, 1858). Ва ўступным артыкуле альбома К. Тышкевіч называе М. Падалінскага «знакамітым літоўскім гравёрам», які «ў юных гадах зрабіў вялікую колькасць гравёрных твораў на медзі…».

Зноскі

  1. https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/michal-podolinski
  2. Michał Podoliński // NUKAT — 2002.
  3. Michał Podoliński // MAK
  4. Гісторыя беларускага мастацтва ў 6 т. Т. 3. — Мінск: Навука і тэхніка, 1989. — С. 105—120.
  5. Рынкевіч Уладзімір. Міхал Падалінскі. Мінск: БДУКіМ, 2009. 40 с.
  6. Bieliński Józef. Uniwersytet Wileński (1579—1831). T. 2. Krakow 1899.

ЛітаратураПравіць

  • Рынкевіч Уладзімір. Міхал Падалінскі. — Мінск: БДУКіМ, 2009. — 40 с.

СпасылкіПравіць