Міхась Явар
Міхась Явар, сапр. Міхаіл Андрэевіч Карась (8 лістапада 1903, в. Мінявічы, цяпер Мастоўскі раён — 27 чэрвеня 1933) — беларускі паэт, удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі[1].
Міхась Явар | |
---|---|
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Міхась Явар |
Дата нараджэння | 8 лістапада 1903 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 чэрвеня 1933 (29 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт |
Мова твораў | беларуская |
![]() |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Меў толькі тры класы адукацыі. У час Першай сусветнай вайны з 1915 года з сям’ёй быў у бежанстве. У Беларусь сям’я Міхася Карася вярнулася ў 1921 годзе. Па дарозе дадому сям’я была абрабавана бальшавікамі, а потым польскімі памежнікамі[2].
Па вяртанні з бежанства Міхась пачаў рыбачыць на Нёмане[1] і прадаваць рыбу гандлярам у мястэчку Лунна. За грошы, якія ён зарабіў з продажу рыбы, будучы паэт набыў радыё, каб была магчымасць слухаць праграмы з Мінска[2].
Пісаў вершы, разам з сябрамі арганізоўваў вечары з пастаноўкамі п’ес, песнямі і танцамі, спяваў сам. Свае пастановы моладзь ставіла ў Мінявічах і суседніх вёсках. Яны гралі спектаклі паводле п’ес Янкі Купалы, Леапольда Родзевіча, Каруся Каганца. Перад пачаткам пастаноў Міхась Явара чытаў са сцэны паэтычныя радкі.
У 1920-я гады быў сябрам БСРГ. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым і культурным руху пераследаваўся польскімі ўладамі[1].
Міхась Явар быў закаханы ў аднавяскоўку Анісю Мікулу, якая жыла ў суседняй хаце. З-за таго, што Явар быў хворы на сухоты, дзяўчына адмовілася пабрацца з ім шлюбам. Супраць шлюба былі супраць і бацькі дзяўчыны, якія лічылі, што дачка хутка можа стаць удавою[2].
З-за гэтага 24 чэрвеня 1933 года Міхась Явар стрэліў сабе ў сэрца з рэвальвера. Гэта адбылося на беразе Нёмана. Куля не патрапіла ў сэрца, таму Явара адвезлі ў гродзенскі шпіталь. Ён адмовіўся прымаць ксяндза і праваслаўнага святара. 27 чэрвеня 1933 года Міхась Явар памёр. Паэта пахавалі на могілках у суседняй ад Мінявічаў вёсцы Падбараны[2].
Творчасць
правіцьСябрам Міхася Явара быў паэт Міхась Васілёк. Магчыма, што менавіта ён натхніў Явара пісаць вершы[2].
Друкавацца Міхась Явар пачаў за год да сваёй смерці. Першы верш — «Ружы і салавей» надрукавалі ў віленскім часопісе «Шлях моладзі» ў 1932 годзе. Акрамя гэтага, вершы Явара друкавалі ў іншых выданнях Заходняй Беларусі, а таксама віленскіх «Беларуская газета» і «Летапіс Таварыства беларускай школы»[2]. Некаторыя вершы распаўсюджваліся вусна і ў рукапісах[1].
Паэтычная спадчына Міхася Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У час Вялікай Айчыннай вайны Вінцука шукалі немцы, і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў — засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку (напр. паэмы «Шляхам цярністым», «Думы ў адзіноце», «За сэрцам»). Верш Міхася Явара «Паклон чалавечаму страданню» ўключаны У. Калеснікам у анталогію «Ростані волі».
Асноўная тэма паэзіі Явара — пратэст супраць жорсткіх умоў жыцця, бядоты, зневажання чалавека працы. Аптымізмам прасякнутыя вершы пра прыгажосць роднага краю, прыроды («О мой Нёман мілы»), у любоўнай лірыцы пераважалі трагічныя матывы («Думы ў адзіноце»)[1].
Бібліяграфія
правіць- у кн.: «Сцягі і паходні». Мн., 1965
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 227. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Чыгрын С. Жыў паэт з сумнай душою // Ніва № 31(2464), 3 жніўня 2003 г.