Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка
Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (19 мая 1936, вёска Нежыхаў, Брагінскі раён, Гомельская вобласць, Беларуская ССР) — беларускі этнограф, этнолаг, гісторык. Дырэктар (1994—2004) Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Доктар гістарычных навук (1993), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1994), прафесар (1995).
Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 мая 1936 (86 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | навуковец |
Навуковая сфера | этнаграфія, этналогія, гісторыя |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук |
Навуковае званне | прафесар |
Альма-матар | |
Вядомы як | аўтар уласнай канцэпцыі беларускага этнагенезу |
Узнагароды |
БіяграфіяПравіць
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы (зараз — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна), затым паступіў у 1956 на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам гісторыі Мамайскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, а затым Каплічскай сярэдняй школы на Гомельшчыне.
У 1964—1967 вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 працаваў на гістарычным факультэце БДУ, спачатку выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 1977 — дацэнт, прафесар — 1995, 1994 — член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі).
З 1991 М.Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 ён абараняе доктарскую дысертацыю, а з мая 1994 па 2004 – ён дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі.
З 2004 — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела этналогіі інстытута. Даследуе праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар манаграфіі “Этнаграфія Беларусі” (1980), “Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя” (1991), сааўтар калектыўных прац “Гістарычнае краязнаўства Беларусі” (1980), “Народная педагогіка беларусаў” (1996), “Беларусы” (1998), “Беларусь на мяжы тысячагоддзяў” (2000), “Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё” (2001), “Беларусы. Т. 5. Сям'я” (2001), “Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі” (2002).
Ён аўтар звыш ста навуковых артыкулаў, сярод якіх найбольш значнымі з'яўляюцца “Паходжанне і сацыяльная сутнасць сімвалічных выкупаў у беларускай вясельнай абраднасці” (1969), “Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў” (1969), “Сям'я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.” (1970), “З гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору” (1970), “Роля эвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый” (1990), “Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі” (1995), “Прынцыпы класіфікацыі вясельнай абраднасці беларусаў” і інш.
У працы “Этнаграфія Беларусі” разглядае фальклор як элемент духоўнай культуры беларусаў. У артыкулах, надрукаваных у энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” вывучыў многія міфалагічныя вобразы беларусаў. Абгрунтоўваючы свой пункт гледжання аб паходжанні беларускага народа, побач з іншымі крыніцамі, ён шырока выкарыстоўваў матэрыялы па беларускім фальклоры.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Навагродскі, Т.А. Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (Да 60-годдзя з дня нараджэння) / Т.А. Навагродскі // Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманіт. навук. — 1996. № 2. — С. 120—121.
- Член-карэспандэнт Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка // Атэстацыя. 2001. — № 2. — С. 118—119.
- Вучоны шырокага дыяпазону // Памяць. Брагінскі раён. Мн., 2001. — С. 659—660.
- Лакотка, А.І. Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (Да 70-годдзя з дня нараджэння) / А.І. Лакотка, І.У. Чаквін, Т.А. Навагродскі // Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманіт. навук. — 2006. — № 2. — С. 123—124.
- М. Ф. Піліпенка на сайце НАНБ
СпасылкіПравіць
- Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)