Міканор Казіміравіч Ярашэвіч
Міканор Казіміравіч Ярашэ́віч (11 (24) ліпеня 1885, мястэчка Новы Свержань Мінскага павета, цяпер Стаўбцоўскі раён — пасля 1937) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, аграном, педагог.
Міканор Казіміравіч Ярашэвіч | |
---|---|
Род дзейнасці | палітык, навуковец, педагог |
Дата нараджэння | 11 (23) ліпеня 1885 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1937 |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і сялян, Казіміра Мікалаевіча, каталіка, і Марыі Васілеўны, праваслаўнай, старэйшым з пяці дзяцей. Днём нараджэння быў ахрышчаны ў Навасвержанскай царкве. Паводле ўспамінаў Ярашэвіча, сям’я жыла бедна, апрацоўвала толькі 5-7 дзесяцін зямлі, палова якой належала дзядзьку і яму сплачвалі арэнду. Каб карміць сям’ю, бацька займаўся плотніцтвам. Бацькі аднак імкнуліся даць усім дзецям адукацыю. Сястра Ярашэвіча скончыла 5-класнае пачатковае вучылішча. Сыны пачаргова вучыліся спачатку ў народнай школе, а потым у гарадскім вучылішчы, старэйшага Міканора бацькі абавязвалі дапамагаць малодшым.[1]
Скончыў Глухаўскі настаўніцкі інстытут (1906)[1]. Працаваў у Сумскай губерні. Быў арганізатарам гуртка эсэраў-максімалістаў у Шостцы. Дасылаў лісты ў «Нашу ніву»[2].
Сабраўшы грошай, у 1910 годзе збіраўся паступаць у Маскоўскі камерцыйны інстытут, але праз хваробу не паступаў, а потым перадумаў. Паступіў у Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. Вучоба ў Маскве была звязана са сталымі грашовымі праблемамі. Як і раней Ярашэвіч мусіў падтрымліваць малодшых братоў, адзін з якіх таксама паступіў у настаўніцкі інстытут. Паводле ўспамінаў Ярашэвіча, зімой ён працаваў настаўнікам пачатковай школы ў Маскве, летам — тэхнікам па ўкараненні шматполля ў Ковенскай губерні. З 40 рублёў, якія атрымліваў за месяц, 25 рублёў ён адсылаў дадому, рэшта ішла на сталаванне і кнігі. Каб эканоміць на дарозе, Ярашэвіч жыў у Пятроўска-Разумоўскім, дзе знаходзіўся інстытут, наймаў жыллё на дачах. Аднак грошай усё адно не ставала, Ярашэвічу даводзілася браць пазыкі. Да сярэдзіны навучання быў вінен ужо болей за тое, што зарабляў за год і, як сам успамінаў, не ўяўляў як будзе разлічвацца.[1] Падчас вучобы ў Маскве быў сябрам беларускага студэнцкага гуртка[2].
Двойчы спрабаваў атрымаць стыпендыю Мінскага земства, але абодва разы яму адмовілі. Толькі на пачатку 1913 года атрымаў стыпендыю самога інстытута для сялянскіх дзяцей, што дапамагло яму давучыцца. Тэма дыпломнай работы, абароненай пад кіраўніцтвам прафесара А. Ф. Фартунатава, «Дробны крэдыт у Мінскай губерні і яго наступныя задачы», за яе Ярашэвіч атрымаў дыплом вучонага-агранома 1-га разраду ў 1914 годзе.[1]
Па сканчэнні курса Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытута Ярашэвіч паехаў сяло Церны Харкаўскай губерні, дзе, напэўна, атрымаў месца працы. Фінансавы стан палепшыўся, у кастрычніку 1914 — маі 1915 гадоў навучаўся на інжынерным аддзяленні таго самага інстытута, вучобу аднак давялося перапыніць, бо 13 чэрвеня 1915 года Ярашэвіча ўзялі на службу інспектарам дробнага крэдыту Сумскага аддзялення Дзяржбанка. На пасадзе інспектара ён служыў да рэвалюцыі.[1] Паводле ЭГБ, чытаў лекцыі па аграноміі ў навучальных установах Мінскай, Смаленскай і Харкаўскай губерняў, з 1915 года ўдзельнік Першай сусветнай вайны[2], але пацверджаня гэтаму няма.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) адзін з кіраўнікоў Мінскай губернскай земскай управы і лідараў мясцовай філіі расійскіх эсэраў (пазней т.зв. абласнікоў). У пачатку сакавіка 1918 у складзе мінскай земскай групы кааптаваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, аднак 25.3.1918 разам з іншымі прадстаўнікамі земстваў, гарадскога самакіравання і нацыянальных меншасцей выйшаў з яе складу ў знак нязгоды з прыняццем Трэцяй Устаўнай граматы. Адзін з аўтараў праекта стварэння ў Мінску ўніверсітэта. У час польска-савецкай вайны (1919—1920) узначаліў Мінскую губернскую земскую ўправу, выкладаў у Мінскім політэхнічным вучылішчы. 18.9.1919 у час прыезду ў Мінск Ю. Пілсудскага пры сустрэчы апошняга з грамадскасцю ў памяшканні былога Мінскага дваранскага сходу адзіны, хто выступіў з публічным пратэстам супраць польскай акупацыі краю, заявіў, што «палякам няма чаго шукаць у Беларусі». Ва ўмовах польскай акупацыі і фактычнай перамогі бальшавікоў у грамадзянскай вайне падтрымліваў утварэнне суверэннай Беларускай рэспублікі. У пачатку 1920 г. у складзе «расійскай сацыялістычнай групы» беспаспяхова ўдзельнічаў у выбарах у Мінскі гарадскі магістрат.[2]
3 аднаўленнем савецкай улады ў лістападзе 1920 г. прызначаны першым рэктарам новаўтворанага Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ), адначасова выкладаў у Мінскім інстытуце народнай адукацыі (МІНА), Беларускім рабочым тэхнікуме, выконваў абавязкі загадчыка аддзела Наркамата асветы БССР па прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага вольна-эканамічнага таварыства. Выступаў супраць так званай «прымусовай беларусізацыі», быў прыхільнікам паступовага пераводу выкладання ў навучальных установах Беларусі на беларускую мову. У канцы 1920 — пачатку 1921 г. намагаўся аднавіць дзейнасць эсэраўскай арганізацыі «абласнікоў».[2]
У сакавіку 1921 г. арыштаваны ДПУ БССР па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці і зняволены ў мінскі Пішчалаўскі замак. Дзякуючы заступніцтву 38 выкладчыкаў БПІ, МІНА і Беларускага рабочага тэхнікума праз 2 месяцы вызвалены. У студзені 1923 г. паводле загаду ДПУ БССР высланы ў Ташкент.[2]
У 1920-я г. працаваў у Сярэднеазіяцкім універсітэце, Інстытуце ірыгацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі Узбекскай ССР. Пасля чарговага арышту ў 1930 годзе выселены разам з сям’ёй з Ташкента ў сельскую мясцовасць, але ў 1933 годзе зноў дазволена вярнуцца назад. У 1937 г. арыштаваны «за шпіянаж на карысць замежных разведак» і асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў без права перапіскі. Паводле слоў жонкі, знаходзіўся ў адным з лагераў Краснаярлагу, дзе быў расстраляны.[2]
Зноскі
Літаратура
правіць- Ляхоўскі У., Міцкевіч В. Ярашэ́віч Міканор Казіміравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 303. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Кукса А. Н. Н. К. Ярошевич — первый ректор Белорусского государственного политехнического института [текст] : [науч. изд.]. — Минск : БГАТУ, 2011. — 87 с. — Библиогр.: с. 85-86.
- Ярошевич Никанор Казимирович — первый ректор БГПИ в 1920—1922 гг. // Баландин, К. И. Биографии ректоров БПИ — БГПА — БНТУ / К. И. Баландин. — Минск: БНТУ, 2018. — С. 5—7. — 15 с.
Спасылкі
правіць- Гісторыя БНТУ
- Баринов И. Никанор Ярошевич: документы из архива Москвы // Запісы беларусаведа. — 2022.