Адкрыць галоўнае меню

Нараджэнне Венеры (карціна Бацічэлі)

«Нараджэнне Венеры» (італ.: Nascita di Venere) — карціна італьянскага мастака тасканскай школы Сандра Бацічэлі. Карціна ўяўляе сабой жывапіс тэмперай на палатне памерам 172,5×278,5 см. У наш час захоўваецца ў галерэі Уфіцы, Фларэнцыя.

Sandro Botticelli - La nascita di Venere - Google Art Project - edited.jpg
Сандра Бацічэлі
Нараджэнне Венеры. 14821486
Nascita di Venere
Матэрыял Палатно
Тэхніка тэмпера
Памеры 172,5 × 278,5 см
Уфіцы, Фларэнцыя
(інв. Inv. 1890: 878[1])
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

 
Венера. Фрагмент карціны

Біёграф Джорджа Вазары ў сваіх «Жыццяпісах» (1550) адзначае, што «Нараджэнне Венеры» і «Вясна» захоўваліся ў віле Кастэла пад Фларэнцыяй, якая належала Козіма Медычы. Большасць гісторыкаў мастацтва сыходзяцца на меркаванні, што карціна была напісана для Ларэнца дзі П'ерфранчэска Медычы, якія валодалі вілай Кастэла ў 1486 годзе. Ларэнца дзі П'ерфранчэска Медычы — стрыечны брат Ларэнца Цудоўнага, герцага Фларэнцыі. Пазнейшыя знаходкі інвентарных запісаў дому Медычы пацвярджаюць, што Ларэнца валодаў «Вясной», а адназначнага доказу, што менавіта ён быў заказчыкам і «Нараджэння Венеры», пакуль не існуе.

Лічыцца, што мадэллю для Венеры была Сіманета Веспучы, якая нарадзілася ў Партавенерэ на лігурыйскім узбярэжжа. Магчыма, намёк на гэта маецца ў сюжэце карціны. Таксама існуе версія, што Бацічэлі напісаў «Нараджэнне Венеры» не для Ларэнца Медычы, а для аднаго са сваіх знатных сучаснікаў, а ва ўласнасць Медычы яна трапіла пазней.

Апісанне бога заходняга ветру Зефіра, чыё дыханне прыносіць вясну, сустракаецца ў Гамера. Авідзій паведамляе пра яго жонку Хларыду, якая абдымае Зефіра рукамі і нагамі. Малаверагодна, што Бацічэлі быў знаўцам арыгінальных грэчаскіх і рымскіх тэкстаў. Так бібліятэка сучаснікаў мастака братоў Маяна (італ.: Benedetto e Giuliano da Maiano) падобнага з ім сацыяльнага паходжання налічвала ўсяго 29 кніг, палова з якіх была на рэлігійную тэматыку, а з класічных тэкстаў прысутнічала толькі біяграфія Аляксандра Македонскага і праца Лівія. Хутчэй за ўсё, бібліятэка Бацічэлі мела падобны характар. Аднак, праз свайго суседа Джорджа Антоніа Веспучы, Бацічэлі прымалі ў колах інтэлектуальнай эліты Фларэнцыі. Магчыма, ён быў знаёмы з паэтам Анжэла Паліцыяна (1454—1494), які ў адным са сваіх вершаў апісваў нараджэнне Венеры. Таксама дарадцам мастака мог быць і філосаф Марсіліа Фічына (1433—1499), які спрабаваў аб'яднаць класічную філасофію з хрысціянствам. У яго філасофскай дактрыне важнай фігурай была Нябесная Венера, якая сімвалізавала гуманізм, міласэрнасць і каханне, і чыя прыгажосць вяла смяротных на нябёсы.

Нават калі Паліцыяна ці Фічына не былі прамымі дарадцамі Бацічэлі, іх працы падрыхтавалі грамадскую думку да ўспрымання вобраза аголенай антычнай багіні, і мастак мог працаваць над сваім творам без асуджэння ці неразумення з боку суграмадзян.

У 1987 годзе была завершана рэстаўрацыя карціны. З яе быў выдалены слой лаку, які быў нанесены праз некаторы час пасля таго, як Бацічэлі скончыў працу над ёй, і пераўтварыўся за некалькі стагоддзяў у жоўта-карычневы налёт.

СюжэтПравіць

Карціна ілюструе міф нараджэння Венеры (грэч. Афрадыты).

Аголеная багіня плыве да берага ў створцы ракавіны рабрыстага сэрцападобніка[2], якая падганяецца ветрам. У левай частцы карціны Зефір (заходні вецер) у абдымках сваёй жонкі Хларыды (рым. Флора) дзьме на ракавіну, ствараючы вецер, напоўнены кветкамі. На беразе багіню сустракае адна з грацый.

«Каля вострава Кіферы нарадзілася Афрадыта, дачка Урана, з беласнежнай пены марскіх хваль. Лёгкі, ласкальны ветрык прынёс яе на востраў Кіпр. Там багіню кахання, якая выйшла з марскіх хваль, акружылі юныя Оры. Яны апранулі яе ў залататканае адзенне і ўвянчалі вянком з пахучых кветак. Дзе толькі не ішла Афрадыта, там пышна разрасталіся кветкі. Усё паветра было напоўнена водарам». (Мікалай Кун. «Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі»).

ІканаграфіяПравіць

 
Копія «Капіталійскай Венеры» Праксіцеля
 
«Дыядумен» Паліклета

У позе Венеры адчуваецца уплыў класічнай грэчаскай скульптуры. Тое, як яна абапіраецца на адну нагу, лінія сцягна, цнатлівыя жэст рукой і самі прапорцыі цела адпавядаюць канонам гармоніі і прыгажосці, распрацаваным яшчэ Паліклетам і Праксіцелем.

Нараджэнне Венеры ў старажытнасці было звязана з культам, сімвалы якога прысутнічаюць на карціне Бацічэлі. Так пурпурная мантыя ў руках у Грацыі мела не толькі дэкаратыўную, але і рытуальную функцыю. Такія мантыі маляваліся на грэчаскіх урнах і сімвалізавалі мяжу паміж двума светамі — у іх загортвалі як нованароджаных, так і памерлых. У Сярэднявеччы такія атрыбуты Венеры, як ружы і ракавіна, сталі асацыявацца з Дзевай Марыяй. Ракавіна, якая суправаджала выявы Венеры, сімвалізавала ўрадлівасць, пачуццёвыя задавальненні і сексуальнасць, стала азначаць чысціню і бязгрэшнасць (напрыклад, Алтар Св. Варнавы працы Бацічэлі), калі перавандравала ў іканаграфію Багародзіцы.

 
Алтар Св. Варнавы

У вобразе Зефіра, руж, валасоў і руху, як выразу жыцця і энергіі, Бацічэлі прытрымліваўся канонаў, выкладзеных у працах тэарэтыка мастацтва эпохі Адраджэння Леона Батысты Альберці. Таксама Бацічэлі, верагодна, абапіраўся на «Трактат пра жывапіс» Чэніна Чэніні, які апісван апрача іншага тэхніку драбнення лазурыту для атрымання сіняй фарбы (васількі на сукенцы Грацыі) і прынцып нанясення найтанчэйшага ліставага золата (пурпурная накідка Венеры). Сярод навінак Бацічэлі важным было выкарыстанне палатна, а не дошкі, для твора такога буйнога памеру. Ён дадаваў мінімальную колькасць тлушчу да пігментаў, дзякуючы чаму палатно на працягу доўгага часу заставаўся трывалым і эластычным, а фарба не трэскалася. Было таксама ўсталявана, што Бацічэлі нанёс на карціну ахоўны слой з яечнага жаўтка, дзякуючы чаму «Нараджэнне Венеры» добра захавалася.

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Burke, Peter. Culture and society in Renaissance Italy. — London, 1974.
  • Ufizzi, Studi e Ricerche 4: La Nascita di Venere e l'Annunziazione del Botticelli ristaurate. — Firenze, 1987.
  • Rose-Marie & Rainer Hagen. What Great Paintings Say. — Taschen, 2005. — Т. 1. — С. 146—151. — ISBN 978-3-8228-4790-9.

СпасылкіПравіць