Ндэбе́ле (саманазва: Ndebele) — моўна-этнічная група народаў банту на поўдні Афрыкі. Вылучаюцца паўночныя ндэбеле (amandebele), якія насяляюць Зімбабвэ, Батствану і Замбію (агульная колькасць у 2016 г. — 1 807 000 чал.)[1], і паўднёвыя ндэбеле ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы (агульная колькасць у 2016 г. — 1 115 000 чал)[2].

Ндэбеле
(Ndebele)
Паўднёвыя ндэбеле
Агульная колькасць 2922000 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання  Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — 1 115 тыс.

 Зімбабвэ — 1780 тыс.
 Батсвана — 18 тыс.

Мова ндэбеле, паўднёвыя мовы ндэбеле
Рэлігія культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы зулусы, свазі, нгоні, коса

Паходжанне правіць

Ндэбеле паходзяць ад груп нгуні, што насялялі да пачатку XIX ст. сучасны Натал. У 1821 г. ад альянса зулусаў на чале з правадыром Чакам адасобілася буйное аб'яданне на чале з правадыром Мзіліказі[3], які вёў актыўную заваявальную палітыку ў Трансваалі, Лесота, поўдні Мазамбіка, захадзе Зімбабвэ. Заснаваная ім дзяржава Матабеле праіснавала да 1889 г. Падзел Матабеле на некалькі каланіяльных тэрыторый з рознай палітыкай у адносінах да мясцовага насельніцтва ў выніку прывёў да падзелу ндэбеле на паўднёвую і паўночную галіны.

Культура правіць

Традыцыйнымі заняткамі ндэбеле з'яўляюцца жывёлагадоўля і земляробства. Жывёлагадоўля адыгрывала значную ролю ў часы фарміравання адзінага аб'яднання ндэбеле. Каровы лічыліся галоўным багаццем. У нашы дні галоўная роля ў гаспадарцы належыць земляробству. Вырошчваюць проса, кукурузу, некаторыя віды гародніны. Падзел працы ажыццяўляецца па гендэрнай прыкмеце[4]. Жанчыны займаюцца земляробствам і хатняй гаспадаркай, мужчыны — жывёлагадоўляй і будаўніцтвам. Ужо ў дакаланіяльныя часы вылучылася рамесная спецыялізацыя кавалёў. Здабычу і апрацоўку жалеза звычайна вялі прадстаўнікі клана Тшабангу.

Асноўны від традыцыйнага паселішча — сямейныя хутары імізі, што складаюцца з асобных хацін ізіндлу. Імізі ўключалі як жылыя, так і гаспадарчыя пабудовы[5]. Ізіндлу ўяўлялі сабою круглявы каркас, пакрыты саломай, пазней — сумяссю саломы і гліны.

Галоўная сацыяльная адзінка — пашыраная сям'я з трох пакаленняў, якая складала насельніцтва імізі. Главой сям'і заўсёды з'яўляецца мужчына. Распаўсюджана палігінія. Сем'і аб'яднаны ў 80 патрылінейных родаў ізібонга[6]. У перыяд існавання Матабеле правадырскія роды Мгвезане Махлангу і Самлакотва Мабхена атрымалі высакародны статус[7].

Ндэбеле маюць багаты вусны фальклоргістарычныя казанні, казкі, песні і г. д. Іх культура славута выяўленчым мастацтвам, асабліва яркім роспісам сцен[8]. Фарбаваннем займаюцца жанчыны.

Мова правіць

Паўднёвыя групы ндэбеле размаўляюць на некалькіх мовах і дыялектах. Сярод паўночных ндэбеле распаўсюджана адзіная літаратурная мова ісіндэбеле. Яна мае афіцыйны статус у Зімбабвэ.

Рэлігія правіць

Традыцыйныя вераванні засяроджаны вакол культаў продкаў ііньянга і ізангома[9]. Вылучаюцца чараўнікі абатакаты і абалоі. Імі могуць быць мужчыны і жанчыны. З XIX ст. распаўсюджваюцца розныя плыні хрысціянства.

Зноскі