Пагоннае

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Паго́ннае[1] (трансліт.: Pahonnaje, руск.: Погонное) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.

Вёска
Пагоннае
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1526 год
Ранейшыя назвы
Пагоны, Пагонная
СААТА
3254848101
Пагоннае на карце Беларусі ±
Пагоннае (Беларусь)
Пагоннае
Пагоннае (Гомельская вобласць)
Пагоннае

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Найранейшую згадку пра паселішча ўтрымлівае памятны запіс 1526 года ігумена Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского две службе, у-въ Оревицкой волости[A] Лысковщину а Погоны[B], дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошеи серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошеи и сорокъ копъ грошеи Литовское личбы». У пацвярджальнай грамаце манастыру караля Жыгімонта Старога, датаванай 30 снежня 1543 года, сказана: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти, у Воревичохъ, на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей за сто копъ грошеи Литовское монеты у толмача нашого Макара Орменина...». Ігумену і чарняцам спатрэбіўся адмысловы каралеўскі ліст, бо хутка пасля набыцця прывілей на ўладанне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч «до скарбу своего взялъ», а прызначаны пазней ігумен Падапрысвет «мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ». Дзякуючы сведчанню спраўцы ваяводства Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямян, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакументаў, кароль пацвердзіў манастыру яго права на валоданне службамі Лыскаўшчынай і Пагоннай[2].

Аднак, 10 жніўня 1544 года ваявода кіеўскі князь Януш Гальшанскі вымушаны быў асобным дэкрэтам пацведзіць выключнае права ігумена Філарэта і чарняцоў на валоданне згаданымі службамі. Зяць талмача Макара Івашкавіча дзясятнік роты кіеўскай Лаўрын, адмаўляючы продаж цесцем-нябожчыкам Лыскаўшчыны і Пагоннага манастыру, «моцно кгвалтом побрал» з іх даніну мядовую на ўласны пажытак. Сцвярджаў, нібы мае права рабіць тое і надалей. Але ваявода, сабраўшы аргументы бакоў, «дали были есмо то на вырок всих их листи панов рад гспдрских Великого князства Литовского». Паны радныя «игумена михайловского Филарета правост знашли, а Лаврина винного и тое имене, вышей реченное, к манастыру Свтго Михайла Золотоверхого вечне держати присудили»[3].

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Пагоннае з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[4].

Карона Каралеўства Польскага правіць

4 чэрвеня 1570 года каралём Жыгімонтам Аўгустам выдадзена чарговая пацвярджальная грамата Міхайлаўскаму манастыру: «...ижъ две службы людей на Припяти у въ Оревичахъ на имя Лысковщину и Погонную, то есть вышеймененое селищо и землицу[C] у волости Сороцкой игуменъ святого Михаила Золотоверхого, небожчикъ Макарей, купилъ…»[6].

На 1628 год Ліскоўшчына (Liszkowsczyzna) і Пагоннае (Pohorne) манастыра Святога Міхаіла Залатаверхага ў асобе яго дазорцы і ігумена, мітрапаліта кіеўскага і ўсёй Русі Іова Барэцкага, як і раней, мелі па 2 дымы, з якіх выплачвалася па 3 злотыя[7]. 29 лістапада 1646 года кароль Уладзіслаў Ваза на вальным сойме пацвердзіў манастыру граматы Жыгімонта Старога 1516 і 1543 гадоў, адпаведна на «sieliszcze Łynkowszczyznę i ziemicę Nagonną» і «dwie służby ludzi… na imie Łyńkowszczyżnę i Pohonną»[8]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 5 дымоў вёскі Пагоннае (Podhonne) манастыра Святога Міхаіла ў Кіеве мусіла выплачвацца 3 злотых [9]. 12 сакавіка 1685 год кароль Ян Сабескі сваім прывілеем забараніў усім войскам спыняцца на пастой у добрах духоўных, сярод якіх «Mołoczki, Pohonoie, Łyski… w wojewodztwie Kijowskim, powiecie Owruckim, za rzeką Prypiecią pod Brahyniem leżące[D]»[10]. Згадана Пагоннае ў рэестры рэвізіі 1686 года палескіх вёсак, прыналежных Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячорскай архімандрыі пры прыняцці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[11]. 30 сакавіка 1688 года кароль Ян выдаў прывілей, паводле якога вёскі Малочкі, Рудка і Пагоннае, раней прыналежныя Міхайлаўскаму манастыру, аддаваліся «на вечныя часы» (пры ўмове нясення вайсковай службы) шляхцічу Стэфану Крыніцкаму. Згодна з умовамі «вечнага міру» (1686) паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, левабярэжная Украіна і Кіеў заставаліся за апошняй, і Крыніцы, дзедзічны маёнтак С. Крыніцкага, дасталіся Міхайлаўскаму манастыру. Манарх і кампенсаваў шляхцічу яго страту падараваннем былых манастырскіх вёсак[12]. Але папярэднія пасэсары епіскап львоўскі Іосіф Шумлянскі і брат яго Самуіл Шумлянскі, чашнік падольскі, не спяшаліся ад іх адступацца. Таму, калі Ст. Крыніцкі з панамі шляхтай Аляксандрам Казінскім, Янам Грыўскім і чэлядзю 12 чэрвеня заехалі ў падараваныя каралём вёскі[E] і па-гаспадарску ў тых сялян, якіх не разагналі адразу, забралі збожжа, спустошылі борці, даніну і чынш, належныя епіскапу прыўласнілі, староста Беласароцкай воласці Ян Пэнскі 19 жніўня 1688 года, ад імя епіскапа і чашніка Шумлянскіх, падаў скаргу ў Оўруцкі гродскі суд[13].

11 чэрвеня 1706 года оўруцкі гродскі рэгент Даніэль Ляўкоўскі падаў скаргу ў суд на кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага. Апошні, трымаючы ў пасэсіі Шэпеліцкі маёнтак, у складзе якога былі і Пагоннае з Малочкамі і Дронькамі, аддаў яго Ляўкоўскаму ў трохгадовую (ад свята нараджэння Яна Хрысціцеля 1705 г.) арэнду за немалую суму – 4047 злотых у талерах бітых і ў чырвоных злотых. Але надалей сам Манецкі, яго слугі і чэлядзь, таксама і сужэнцы Пясецкія ўсяляк перашкаджалі Ляўкоўскаму атрымліваць з той арэнднай пасэсіі належныя прыбыткі. А яшчэ і палкоўнікі Стэфан Трашчынскі і Герцык, сотнік Дайнэка з сваімі казакамі, ідучы з-за Дняпра да Літвы, вялікія шкоды пачынілі ў добрах падаўца скаргі[14]. 16 днём чэрвеня 1707 года датаваная скарга падчашага Крыштафа Манецкага на кіраўніка маёнткаў брэсцкага харунжага князя Дамініка Шуйскага Зыгмунта Шукшту за збіццё ім разам з сялянамі князя сялян падаўца скаргі, рабаўніцтва іх маёмасці, патраву палёў, захоп паташу і інш. у сёлах Пагоннае, Малочкі і Дронькі на рацэ Прыпяці, нарэшце, за наезд узброенага аддзелу ў 500 чалавек з сялян, стральцоў і казакоў Д. Шуйскага на сяло Варахобавічы, за збіццё і раненне казака і слуг пацярпелага, за намер забіць яго самога[15]. 11 студзеня 1723 года актыкаваны застаўны запіс кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага мельніцкаму войскаму Аляксандру Бандынэлі на тры сяла маёнтка Шэпелічы – Малочкі, Дронькі і (пустое селішча) Пагоннае[16].

На 1734 год вёска Пагоннае заставалася ў пасэсіі ў Кімбараўскага кляштара айцоў-цыстэрцыянцаў[17].

У 1754 годзе з 6 двароў вёскі Пагоннае выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 3 злотых і 18 грошаў[18]. 11 жніўня 1756 года ў кнігах Оўруцкага гродскага суда актыкаваны запіс аб уводзе абата мясцовых базылянаў Андрэя Бянецкага ў валоданне добрамі Шэпелічы Старыя і Новыя, Пагоннае, Малочкі, Дронькі і інш.[19].

Расійская імперыя правіць

 
Фальварак і вёска Пагоннае (Пагонка) на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пагоннае апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[20]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што вёска Пагоннае належала Оўруцкаму абацтву базылянаў у асобе іх галавы Юзафа Ахоцкага[21].

У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Паганянскага казённага маёнтка была ўтворана воласць[F] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 208 дзяржаўных сялян, 2 вольных чалавекі, 5 пасяленцаў «разного звания»[22]. На 1850 год у Пагонным 16 двароў, 123 жыхары, вёска — уласнасць казны. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 116 жыхароў Пагоннага абодвух полаў былі прыхаджанамі царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў Аравічах[23].

У парэформенны перыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласці. У 1863 годзе дзеля выхавання тутэйшых дзяцей, а разам і іх бацькоў у духу вернасці расійскай манархіі, у Пагонным адкрыта народнае вучылішча[24]. У пачатку 1870 года ў Пагонным — 58 мужчынскіх душ з ліку былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да сельскага таварыства[25]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Пагоннае заставалася ў прыходзе Аравіцкай царквы[26]. У 1886 годзе ў вёсцы 23 двары, 174 жыхары, школа[27]. У 1889 годзе надворны саветнік Міхаіл Васільеў Яльніцкі меў у Пагонным 123 дзесяціны ўгоддзяў[G][28].

Паводле перапісу 1897 года, у Пагонным было 47 двароў з 290 жыхарамі, дзейнічалі народнае вучылішча, у якім на 1906/1907 год навучаліся 26 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, хлебазапасны магазін. У 1909 годзе паселішча налічвала 64 двары, 333 жыхары[29].

Найноўшы час правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пагоннае ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[30].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

 
Радзін і Пагоннае на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Пагоннае — цэнтр Паганянскага сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Аравіцкага сельсавета. З 20 лютага 1938 года вёска ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Пагонным было 80 двароў, 256 жыхароў. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў[31]. 89 жыхароў з вёсак саўгаса «Перамога сацыялізму» загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.

З 8 студзеня 1954 года Пагоннае — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 1322 жыхары. У 1976 годзе ў Пагоннае перасяліліся жыхары пасёлка Баравіца. Цэнтр саўгаса «Перамога сацыялізму». Дзейнічалі лесапільня, млын, механічная майстэрня, павільён раённага камбінату бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, бальніца, аддзяленне сувязі, сталовая, 3 крамы.

8 студзеня 1987 года тэрыторыя былога Аравіцкага сельсавета далучана да Стралічаўскага сельсавета[32].

Заўвагі правіць

  1. Воласць тая, пэўна, — Беласароцкая, бо Аравіцкай ніколі не існавала.
  2. 1 службу складалі 2 двары і болей, а значыць у Лыскаўшчыне і Пагонах было, прынамсі не менш, як 4 двары.
  3. У дакуменце дзіўным чынам спалучаныя «селищо и землица» з дзвюма службамі. Пра першыя вялося ў лісце караля Жыгімонта Старога, датаваным яшчэ 14 мая 1516 года[5]:
    ...Бил нам чолом арменин киевскии, толмач н(а)шь татарскии Макар Ивашкович и поведил перед нами, што мы перво сег(о) дали были ему землю пустовскую у Киевском повете в Белосороцкои волости на имя Лемешовщину, и пан воевода киевскии, пан Андреи Немирович, доведавши ся тог(о), иж тая земля шкодно отдати от замку н(а)шог(о), и против тог(о) дал ему в тои же волости Белосороцкои селище на имя Лынсковщину а землицу нагонную, со всим с тым, што здавна к тому прислухало, и листъ пана Андреев Немировича на то перед нами вказывал, и бил нам чолом, абыхмо ему тое селищо и землицу потвердили н(а)шим листом на вечность. Ино мы, з ласки н(а)шое… для его к нам верное службы, которую ж он нам заслуговал пилне ездячи до Орды частокрот в делех н(а)ших и земских и на его чоломбите то вчинили: тое селищо Лысковщину и землицу нагонную с пашными землями, и з сеножатми, и з лесы, и з бортною землею, и с озеры, и з реками, и з езы, и з ловы звериными и пташными, и со всим с тым, што к тому с стародавна прислухало, потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком. А он мает нам с тог(о) земскую службу служити...
    Але ў 1526 і 1543 гадах ужо размова — пра дзве службы. Гэткі вось анахранізм трапіў да тэксту позняга ліста караля Жыгімонта Аўгуста.
  4. Арыенціры даўніх часоў. Ад тых вёсак да Брагіна больш за паўсотню кіламетраў.
  5. Тут, акрамя згаданых у каралеўскім прывілеі, названыя яшчэ і Дронкі (Дронькі).
  6. Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.
  7. У энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» непісьменна сцвярджаецца, нібы Пагоннае ўваходзіла «ў склад аднаймённага маёнтка памешчыка Яльніцкага», без увагі на тое, што перыяд — парэформенны, а раней вёска была казённай, яшчэ раней манастырскай.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). – С.-Петербург, 1848. №. 140, 228
  3. Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві XVI-XVIII ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського (далей: Документальна спадщина.). — Київ, 2011. № 288
  4. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  5. Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511–1518). — Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204
  6. Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 1 (1361– 1598). – С.-Петербург, 1863. № 156
  7. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 382
  8. Документальна спадщина. — № 24
  9. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. – С. 497
  10. Документальна спадщина. — № 28
  11. Описание архива западнорусских униатских митрополитов (далей: Опісаніе архіва). Т. 1. 1470–1700. – С.-Петербург, 1897. № 986
  12. Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). – Киев, 1871. С. 78 – 80
  13. Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 10. – Киев, 1904. С. 364 – 365
  14. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679–1716). – Киев, 1868. С. 689–695
  15. Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: ОАК). – № 26 / Сост. А. Т. Белоусов – Киев: Университетская типография, 1881. С. 9
  16. ОАК. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 48
  17. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  18. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 178
  19. Описание архива. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1671
  20. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  21. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  22. Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
  23. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 677
  24. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. С. 32
  25. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  26. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 463 — 464; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 115
  27. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
  28. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 368
  29. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 155
  30. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  31. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 502
  32. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць