Палявы свірстун, конік палявы (Anthus campestris) — від птушак з сямейства сітаўкавых.

Палявы свірстун
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Anthus campestris Linnaeus, 1758

Арэал
выява

     Толькі гняздуе      Маршруты міграцыі

     Раёны міграцыі
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  558640
NCBI  45800
EOL  45513740

Апісанне

правіць

Даўжыня цела 16,5 см, хваста 7 см, размах крылаў 25-28 см, маса 20-27 г. Апярэнне спіны самца ў шлюбным уборы пясочнае або ружавата-шэрае з цёмнымі стракацінамі, найбольш выразнымі на цемі і ў верхняй частцы спіны. Горла і брушка белаватыя. Бровы шырокія, вохрыста-белыя. Ніз цела крэмавы, грудзі рыжаватыя без плямак, па баках грудзей падоўжаныя бурыя расплыўчатыя стракаціны. Самка святлейшая за самца. Ногі жоўтыя, кіпцюр задняга пальца кароткі. Маладыя могуць быць знізу цела ў цёмныя плямкі.

Спявае ў палёце (у выключных выпадках на зямлі). Голас — адрывістае «тві» або «дві», зрэдку «цюрлі». Пры такаванні выкрыквае «цер-дзі, цер-дзі, цер-дзі», штуршкамі крута падымаецца на вышыню 30-40 м, часта апускаецца на вялікія камяні, слупы, агароджы.

Пашырэнне

правіць

Гнездавы арэал: Еўропа (акрамя Вялікабрытаніі), Малая Азія, Каўказ, Блізкі Усход, Заходняя і Цэнтральная Азія (да цэнтральнай часткі Кітая і на поўдзень да паўднёвай часткі ірана і Тыбета), Паўночна-Заходняя Афрыка.

Насяляе сухія, добра праграваныя сонцам адкрытыя тэрыторыі з рэдкай і нізкай расліннасцю, пясчаныя дзюны, паляны, высечкі і лясныя плантацыі на сухіх пясках, пясчаныя берагі азёрі рэк, паблізу ўскрайкаў сухіх бароў на пясчаных глебах, сухія даліны рэк, камяністыя паверхні, узбочыны дарог, вінаграднікі, сухія схілы пагоркаў. У Арменіі даходзіць да 2600 м, у іспаніі — 2000 м, у Афрыцы (Атлас) — 2400 м (і нават вышэй за 3000 м) вышэй узроўня мора. У гарах жыве на пашах ці сухіх схілах.

Пералётны, месца зімовак: Паўднёвая Азія (на захадзе, пачынаючы ад дэльты Ганга), Аравійскі паўвостраў, Турцыя, Блізкі Усход, Егіпет, Паўднёвая Афрыка на поўдзень ад Сахары. На Беларусі адносна рэдкі, спарадычны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Корміцца насякомымі, наземнымі малюскамі. Вельмі асцярожны, пры небяспецы хутка ўцякае.

Гняздо ладзіць на зямлі ў невялікай ямцы пад прыкрыццём травяністай расліннасці, камянёў і інш., з сухіх траў і каранёў з прымессю моху, валосся і шэрсці, дыяметр 10-14 см.

Яйкі (4-5, радзей 3-6) асіметрычныя, з завостраным вузейшым канцом, белыя з шараватым, жаўтаватым, карычняватым або зеленаватым адценнем. Плямкі даволі густыя, карычневыя, карычнева-шэрыя або аліўкавыя (паверхневыя выразна больш цёмныя). Памеры: 21 х 16 мм. Наседжванне 13-14 сутак, птушаняты знаходзяцца ў гняздзе каля 2 тыдняў.

Падвіды

правіць
  • A. c. campestris — ад Марока і Партугалii праз Еўропу (акрамя поўначы), Малую Азію, Блізкі Усход i Сібір да Краснаярска i паўночнага захаду Манголii;
  • A. c. griseus — Цэнтральная i Паўднёвая Азiя на поўдні да Афганiстана i Iрана;
  • A. c. kastschenkoi — ад Заходняй Сiбiры да паўночнай часткі Iндыi.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць
  Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.