Пачакун

скульптура галандскай мастачкі Маргрыт ван Брэварт

Homunculus loxodontus  (у Беларусі больш вядомая як «Пачаку́н») — скульптура галандскай мастачкі Маргрыт ван Брэварт (нідэрл.: Margriet van Breevoort), створаная ў 2016 годзе для Лейдэнскага ўніверсітэта (Нідэрланды). Першапачаткова ўстаноўлена перад дзіцячай бальніцай у Лейдэне[1]. Станам на люты 2017 года, скульптура перанесена ўнутр медыцынскага цэнтра[en] Лейдэнскага ўніверсітэта, у хол з больш як 10 іншымі скульптурамі[2][3]. На 19 лютага 2017 года, скульптура размешчана каля ўваходу ў Лейдэнскі ўніверсітэцкі медыцынскі цэнтр[4]

Маргрыт ван Брэварт
лац.: Homunculus loxodontus. 2016
Матэрыял эпаксідная смала, поліэфіры, драўніна, метал, шкло
Лейдэнскі ўніверсітэцкі медыцынскі цэнтр, Лейдэн, Нідэрланды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Новае месца размяшчэння Пачакуна каля ўваходу ў шпіталь 19 лютага 2017

Скульптура ўяўляе сабой бязногую істоту шэрага колеру з галавой паўночнага марскога слана, целам гіганцкай лічынкі і рукамі пажылога чалавека, якая сядзіць на крэсле ў пакоі чакання[5][6].

У студзені 2017 года яна стала папулярным мемам на постсавецкай прасторы.

Стварэнне скульптуры

правіць
 
Галава марскога слана

Бальніца пры Лейдэнскім універсітэце вылучыла Маргрыт ван Брэварт грант на стварэнне скульптуры[7] для штогадовага конкурсу, які праводзіцца фондам «Скульптуры ў Лейдэне». Тэмай конкурсу 2016 гады былі біялагічныя навукі[8].

Мастачка доўга разважала над тэматыкай будучай скульптуры, таму што яна не хацела адлюстроўваць штосьці, звязанае з медыцынай ці хваробамі[6]. Яна звярнула ўвагу на людзей, якія сядзяць у чарзе да ўрача ў чаканні дыягназу, і вырашыла прысвяціць сваю скульптуру пацыентам[6][7]. Паводле слоў Маргрыт ван Брэварт, сваёй скульптурай яна хацела паказаць, што «пацыенты проста павінны чакаць сваёй долі з надзеяй на лепшае»[6]. Акрамя таго, мастачка паставіла перад сабой задачу зрабіць гэтага пацыента прывабным і мілым, каб з ім было камфортна і ён мог бы выклікаць смех[6]. Мастачка таксама зазначыла[6], што «мой персанаж — свайго роду няўдалы эксперымент, ён чакае і спадзяецца на тое, каб стаць лепш. Ён нібыта вялікі мілы камяк цела, які хочацца абняць». Скульптура створана з пластыку і эпаксіднай смалы, якія пры змешванні ўтвараюць рэчыва, якое нагадвае гліну — навобмацак яно цвёрдае і шурпатае[8].

У 2016 годзе скульптура стала самай фатаграфаванай славутасцю Лейдэна[9].

Паводле звестак на люты 2017 года[7][10], мэрыя ўкраінскага горада Дніпро вядзе перамовы з Маргрыт ван Брэварт аб ўстаноўцы ў цэнтры горада двухмятровай бетоннай копіі скульптуры.

У студзені 2017 года, пасля размяшчэння фатаграфіі скульптуры на сайце Pikabu.ru[7][11], яна стала папулярным мемам у Рунэце пад назвай «Ждун»[12][13][14][15][16], ва Уанэце пад назвай «Почекун»[17][18][19] і ў Байнэце пад назвай «Пачакун».

24 лютага 2017 года народны дэпутат Украіны Барыслаў Бяроза прынёс у сесійную залу Вярхоўнай Рады фігуру «Пачакуна», якую перад пачаткам пасяджэння і выступленнямі членаў Кабінета міністраў паставілі на парламенцкую трыбуну[20]. Дэпутат назваў Пачакуна сімвалам чаканняў украінскага грамадства[21].

Расійскі палітолаг і журналіст Дзмітрый Травін назваў Пачакуна нацыянальным сімвалам Расіі. Паводле яго меркавання, рускі Пачакун — сумны, гультаяваты і млявы, але пры гэтым сімпатычны і аптымістычны: ён «звесіў нос і паклаў ручкі на жывоціку» ў чаканні змен да лепшага, паколькі «у краіне даўно пануе застой і няма ўмоў ні для палітычнай, ні для грамадзянскай, ні для інвестыцыйнай актыўнасці»[22]. Падобнае меркаванне выказаў сацыёлаг Аляксей Рошчын, які адзначыў, што вобраз Пачакуна, пры ўсёй сваёй прывабнасці, адлюстроўвае таксама і прыхаванай незадаволенасць людзей: «Гэта знак усеагульнага згалення, як інтэлектуальнага, так і духоўнага, паколькі ў Расіі не адбываецца нічога цікавага»[23].

Галандскае выданне Mare  (гал.) адзначыла, што «ў Расіі, дзе чалавек бяссільны супраць бюракратыі, бясконцае чаканне з'яўляецца важнай часткай паўсядзённага жыцця», а ва ўмовах калі «сацыяльныя праблемы не могуць быць вырашаны легітымным парламентам, незалежнай судовай сістэмай ці дэманстрацыямі», інтэрнэт-сатыра застаецца адзіным спосабам выказвання незадаволенасці ўладай, што абумовіла папулярнасць мема[24]. Рэпарцёр Le Monde Ізабель Мандро звязвае папулярнасць вобраза як з успамінамі пра савецкія часы, «калі трэба было з ранняй раніцы займаць чэргі перад гастраномамі ці месяцамі чакаць мэблю», так і з няўдачамі расійскіх рэформаў[25].

Расійскае выданне «Игромания» у артыкуле пра Пачакуна распавяло пра ўплыў персанажа на поп-культуру і на аўдыторыю аматараў відэагульняў.

Пачакуна пачалі ўстаўляць у карціны класічных і сучасных майстроў, у кінакадры і фатаграфіі. Пачакун апынуўся да месца амаль усюды і заўсёды. У любую сітуацыю ён уносіць элемент спакойнага і крышачку здзіўленага спакою.

— гульнявы часопіс «Игромания»[26]

На хвалі папулярнасці Пачакуна ў Інтэрнэце пачалі прадавацца цацкі, фігуркі, крэслы-мяшкі і буйныя скульптуры ў выглядзе мема[27]. Яго таксама прадавалі ў якасці падарунку да Дня Святога Валянціна, на 23 лютага і 8 сакавіка[28].

У горадзе Чыта на рэтра-пляцоўцы парка Дома афіцэраў ўсталявалі копію скульптуры.

Крыніцы

правіць
  1. Sculptures in Leiden exhibition is intriguing and endearing.
  2. Homunculus Loxodontus nu te zien in LUMC
  3. Как найти Ждуна
  4. Пачакуна перанеслі
  5. Прэс-рэліз Лейдэнскага ўніверсітэта пра адкрыццё скульптуры
  6. а б в г д е «Россияне узнают в нём себя» // Эхо Москвы, 6 февраля 2017.
  7. а б в г Автор Ждуна: эта скульптура изменила мою жизнь // Русская служба Би-би-си, 6 лютага 2017.
  8. а б Инесса и Полина Филатовы. Скульптура, ставшая мемом. «АиФ» навестил Ждуна. Аргументы и факты (8 лютага 2017). Праверана 12 лютага 2017.
  9. Homunculus Loxodontus wint publieksprijs bij Beelden in Leiden / Door LEVEN!
  10. Двухметрового бетонного Ждуна решили установить в центре Днепра. // «Интерфакс», 6 февраля 2017.
  11. Ожидание врача — Пикабу
  12. Вокруг шум: что за Ждун и кто его создал. Meduza (30 студзеня 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  13. В сети появился мем «Ждун». Lenta.ru (26 студзеня 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  14. Новый мем Рунета. Почему Россия влюбилась в Ждуна?. BFM.ru (8 лютага 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  15. Мем: Ждун(недаступная спасылка). TJournal (25 студзеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 11 лютага 2017. Праверана 10 лютага 2017.
  16. Паламарчук, Мария. Как Ждун превратился в мем. Life (3 лютага 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  17. Вокруг сплошной Ждун. Подборка(недаступная спасылка). 112 Украина (6 лютага 2017). Архівавана з першакрыніцы 11 лютага 2017. Праверана 10 лютага 2017.
  18. Кондак, Денис. Кто такой Ждун? Как голландская скульптура превратилась в популярный интернет-мем. Гордон (7 лютага 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  19. Ждун захопив уми українців(недаступная спасылка). Хронограф (31 студзеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2017. Праверана 10 лютага 2017.
  20. В Раде появился "Ждун". Украинская правда (24 февраля 2017).
  21. Береза объяснил, зачем принес в Раду Ждуна.. NewsOne (24 февраля 2017).
  22. Травин, Дмитрий. Русский ждун. Ведомости (9 лютага 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  23. Ждун, фетиш терпения и символ России, которая не может больше ждать. Инопресса (2 сакавіка 2017). Праверана 3 сакавіка 2017.
  24. Eindeloos wachten ligt de Russen wel (гал.). Mare  (гал.) (9 лютага 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  25. Мандро, Изабель. Ждун — символ России, которая устала ждать. ИноСМИ.ру (2 сакавіка 2017). Праверана 3 сакавіка 2017.
  26. Светлана Нелипа. Ждун и все-все-все. Герой нового мема в видеоиграх.. Игромания (1 лютага 2017).
  27. Важдаева, Нина. Ждун денег. Как зарабатывают на самом популярном меме. Life.ru (17 лютага 2017). Праверана 10 лютага 2017.
  28. Шашина, Наталья. Ждун в подарок. Вязаный, войлочный, флисовый. BFM.ru (18 лютага 2017). Праверана 10 лютага 2017.

Спасылкі

правіць