Пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам

Пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода прадпрыемства ТАА «АйПаўэр» на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» пачаліся ў студзені 2018 г. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода
Мітынг у красавіку 2018
Дата Са студзеня 2018
Месца Сцяг Беларусі Беларусь, Брэст
Прычыны Будаўніцтва завода па вытворчасці «бруднай» і небяспечнай прадукцыі недалёка ад населеных пунктаў Брэсцкага раёна і горада Брэст. Парушэнні працэдураў будаўніцтва
Мэты Перанос будаўніцтва завода ў іншае месца
Характарыстыка мітынгі, збор подпісаў
Бакі канфлікту
Сцяг Беларусі Грамадзянская супольнасць Сцяг Беларусі Брэсцкі райвыканкам

З 25 лютага 2018 г. штонядзелю на плошчу Леніна ў Брэсце прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. У сакавіку 2021 года акумулятарны завод запрацаваў.

Будаўніцтва завода

правіць

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шэбрын і Тэльмы 2, за 3,6 км ад мяжы г. Брэст. За 2 км — рака Мухавец. Падрадчыкам будаўніцтва з’яўляецца кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». Агульны кошт праекта — каля 20 млн долараў ЗША. Пачынаючы са студзеня 2016 г. праходзіла распрацоўка перадпраектнай дакументацыі, рэгістрацыя ў якасці рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны і іншыя працэдуры. Кампанія «АйПаўэр» заяўляе, што з 8 снежня 2016 па 7 студзеня 2017 гг. прайшлі грамадскія слуханні і абмеркаванне праекта. Звоз свінцовых адкідаў плануецца ажыццяўляць да пасёлка Зялёны Бор.

У канцы мая 2017 г. праект прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу, якая прагназуе, што ўздзеянне завода на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае.

22 мая 2020 года акумулятарны завод ТАА «АйПауэр» выведзены з-пад кантролю Групы кампаній 1AK-GROUP шляхам продажу 100 % доляў у статутным фондзе ТАА «АйПауэр». У выніку завод атрымаў найменне ТАА «Акумулятарны Альянс»: 85 % долі кампаніі належаць Сяргею Кагановічу, а 15 % — Дзмітрыю Баскаву  (руск.).

Зарэгістраваныя парушэнні

правіць

17 і 26 красавіка 2019 г. абласны прыродаахоўны камітэт Брэсцкага аблвыканкама ўзяў пробы і правёў вымярэнні выкідаў. У пратаколах зафіксавана перавышэнне нарматываў па 5 з 38 складнікаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачаў адміністрацыйны працэс па факце перавышэння выкідаў па арт. 15.48 КаАП РБ[1].

Пратэсты

правіць

Праціўнікі завода лічаць вытворчасць «бруднай» і небяспечнай, заяўляюць пра парушэнні працэдур будаўніцтва[2]. Грамадская супольнасць занепакоена, што выкіды з завода падарвуць ім здароўе.

22 лютага грамадскія актывісты адаслалі ў Адміністрацыю кіраўніка краіны каля 37 тыс. подпісаў жыхароў Брэста і навакольных населеных пунктаў, супраць будаўніцтва заводас. Аднак урадавая камісія на чале з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэям Худыкам не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода[3].

29 красавіка ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў санкцыянаваны мітынг, на якім, паводле арганізатараў, было 1500—2000 чал. Была прынята рэзалюцыя, у якой удзельнікі мітынгу, у прыватнасці, патрабуюць неадкладна спыніць усе працы па будаўніцтве завода, прыцягнуць да адказнасці службовых асоб, якія дапусцілі будаўніцтва гэтай вытворчасці і доўгае складаванне тысяч тон свінцовага попелу ў Івацэвіцкім раёне[4].

6 мая суд Ленінскага раёна г. Брэста аштрафаваў актывістаў, якія збіралі подпісы за адстаўку чыноўнікаў, палічыўшы гэта незаконным масавым мерапрыемствам[5].

11 мая ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі была накіравана заява і прыкладзеныя да яе 2665 подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Брэста, Брэсцкага раёна і вобласці ў сувязі са стратай даверу[6].

У жніўні 2018 г. Брэсцкі гарвыканкам забараніў 8 мітынгаў, якія планаваліся правесці ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на падставе таго, што каля сцэны ў парку будуць праводзіцца рамонтныя работы.

У лютым камісія па прыёмцы прадпрыемства не падпісала акт на яго афіцыйны запуск. Але, не гледзячы на гэта, у красавіку завод выпусціў першую партыю прадукцыі.

7 красавіка на плошчы Леніна ў Брэсце прайшоў чарговы мітынг, які скончыўся шэсцем па вуліцах Пушкінскай і Савецкай[7]. Быў затрыманы адзін з лідараў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва завода Дзмітрый Бекалюк[8].

У другой палове красавіка на акумулятарным заводзе паўторна працавала камісія па прыёмцы прадпрыемства, але 30 красавіка акту на запуск вытворчасці так і не падпісалі[9].

У пачатку мая на акцыю супраць акумулятарнага завода выйшла каля 120 чалавек. Адзін з актывістаў затрыманы ля свайго дома[10].

Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў маі пачаў адміністрацыйны працэс па факце перавышэння выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра на заводзе, які на той час працаваў у рэжыме пусканаладкі. Па стане на 30 мая прыёмка завода ў эксплуатацыю не адбылася[11].

Мэр Брэста прапанаваў аднаму з лідараў пратэстнага руху Дзям’яну Лепясевічу сабраць групу актывістаў на сустрэчу са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам па пытаннях акумулятарнага завода 12 чэрвеня. Кіраўнік Брэсцкай вобласці на сустрэчы з 13 актывістамі дапусціў, што акумулятарны завод закрыюць[12].

14 чэрвеня Брэсцкі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне губернатара Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў». 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу. 25 чэрвеня група кампаній 1AK-GROUP выступіла з заявай аб важнасці завода для краіны[13].

29 чэрвеня кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава сказала аб сітуацыі з будаўніцтвам завода, што першапачаткова гэта тэма знаходзілася ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады, паколькі на іх узроўні заключаўся інвестыцыйны дагавор. Аднак з улікам таго, што сітуацыя дасюль не ўрэгулявана, кампетэнтным органам даручана больш глыбока і дэталёва разабрацца, і па выніках разгляду будуць прыняты рашэнні[14].

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы распачала праверку па сітуацыі, звязанай з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю акумулятарнага завода ў Брэсце. У вытворчасць былі прынятыя крымінальныя справы, распачатыя КДБ Беларусі па артыкулах за атрыманне хабару і дачу хабару, у дачыненні да Віктара Лемяшэўскага, кіраўніка ТАА «ПАК-кіраванне»; Святланы Лемяшэўскай, галоўнага бухгалтара ТАА «Белінвестторг-Сплаў»; Сяргея Ахрэмчука, раней дырэктара ТАА «Белінвестарг-Сплаў», а затым начальніка аддзела тэхнічнага развіцця гэтага ж таварыства; Івана Пакіслюка, намесніка дырэктара ТАА «Белінвестарг-Сплаў». 1 ліпеня да гэтых асобаў прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Таксама па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры абноўлена следства па прыпыненых крымінальных справах у дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў Дзмітрыя Рудскога і Сяргея Жуковіча, завдезеных па фактах парушэння экалагічнага і падатковага заканадаўства. У дачыненні да згаданых асобаў таксама ўжыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад вартай[15][16].

2020 год

правіць

2 лютага каля 120 чалавек сабралася ў цэнтры Брэста, якія абмяркавалі размешчаную 31 студзеня на сайце кампаніі 1AK-Group, у якую ўваходзіць ТАА «АйПауэр», інфармацыю пра адмову ад перадачы актывістам Д. Бекалюку і У. Марозу праектнай дакументацыі па заводзе[17].

15 чэрвеня затрымалі Аляксандра Кабанава, 16 чэрвеня — Сяргея Пятрухіна, блогераў з канала «Народный репортёр» на YouTube, якія асвятлялі тэму барацьбы супраць акумулятарнага завода[18][19].

22 чэрвеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з актывістамі паабяцаў, што лёс акумулятарнага завода вырашыць мясцовы рэферэндум. 25 верасня распараджэнне старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода прызнана страціўшай сілу — акумулятарны завод зможа прыступіць да будаўніча-мантажных і пусканаладачных работ[20].

3 верасня шэфства над палітычнымі зняволенымі Аляксандрам Кабанавым узяў Франк Швабэ  (ням.), дэпутат Бундэстага, над Сяргеем Пятрухіным — Амід Нурыпур  (ням.), дэпутат Бундэстага[19].

У кастрычніку кіраўніцтва прадпрыемства паведаміла, што акумулятарны завод пад Брэстам, які планавалі запусціць у 2018 годзе, будзе ўведзены ў эксплуатацыю прыблізна ў студзені 2021 года[21].

2021 год

правіць

2 лютага стала вядома, што арыштаваных блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна будуць судзіць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу[18].

4 лютага стала вядома, што жыхары вёсак Тельмы-1, Тельмы-2, Ямна і Вочкі заявілі аб гатоўнасці ўвайсці ў ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму аб лёсе акумулятарнага завода пад Брэстам, у той час як запуск завода павінен днямі адбыцца[21]. У сярэдзіне сакавіка 2021 года акумулятарны завод запрацаваў — без абяцанага рэферэндуму[22].

Вынікі

правіць

У сакавіку 2021 завяршыла працу прыёмачная камісія па ўводу ў эксплуатацыю акумулятарнага завода. Прадпрыемства атрымала поўны пакет дакументаў, якія пацвярджаюць адпаведнасць патрабаванням экалагічнай бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці. 10 сакавіка падпісаны акт уводу завода ў эксплуатацыю — і ён прыступіў да працы. Абяцанага А. Лукашэнкам рэферэндуму не адбылося[23].

Зноскі

  1. Областная охрана природы начала административный процесс по факту превышения вредных выбросов на заводе АКБ под Брестом (руск.). Брестская газета (8 чэрвеня 2019). Праверана 9 чэрвеня 2019.
  2. На будаўніцтве акумулятарнага завода пад Брэстм выявілі парушэнні пажарнай бяспекі. Радыё Свабода (21 верасня 2018). Праверана 9 красавіка 2019.
  3. Правозащитник: Комиссия правительства по заводу встала на сторону чиновников и бизнеса (руск.). Брестская газета (17 мая 2018). Праверана 9 красавіка 2019.
  4. «Нам тут жыць». Да 2000 берасцейцаў выйшлі на мітынг супраць «бруднага» заводу. ФОТА. Радыё Свабода (29 красавіка 2018). Праверана 9 красавіка 2019.
  5. В Бресте суд оштрафовал активистов, собиравших подписи за отставку чиновников (руск.). Брестская газета (11 мая 2018). Праверана 9 красавіка 2019.
  6. Подписи за отставку чиновников Бреста и региона отправлены в Администрацию президента (руск.). Брестская газета (11 мая 2018). Праверана 9 красавіка 2019.
  7. Праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце ўпершыню прайшлі па горадзе, скандуючы «Не заводу!» ВІДЭА. Наша Ніва (7 красавіка 2018). Праверана 9 красавіка 2019.
  8. У Брэсце затрыманы адзін з лідараў ініцыятыўнай групы па барацьбе з акумулятарным заводам Дзмітрый Бекалюк. Наша Ніва (7 красавіка 2018). Праверана 9 красавіка 2019.
  9. Акумулятарны завод пад Берасцем пачаў нелегальную працу па начах?. Белсат (4 мая 2019).
  10. На акцыю супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці выйшла 120 чалавек. Адзін з актывістаў затрыманы ля свайго дома.. Радыё Свабода (5 мая 2019). Праверана 7 мая 2019.
  11. b-g.by
  12. svaboda.org
  13. nashaniva.by
  14. blr.belta.by
  15. prokuratura.gov.by Архівавана 26 кастрычніка 2021.
  16. nashaniva.by
  17. Берасьцейцы працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу. 2 лютага на плошчу выйшла 120 чалавек. Радыё Свабода (2 лютага 2020).
  18. а б Политзаключенный Сергей Петрухин сообщил, что в тюрьме его поставили на «профучет». Что это значит? (руск.). Брестская газета (2 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2021. Праверана 2 лютага 2021.
  19. а б Bundestagsabgeordnete übernehmen Gefangenen-Patenschaften für Eduard Babaryka, Siarhei Piatrukhin und Aliaksandr Kabanau (ням.). Libereco – Partnership for Human Rights  (ням.) (2 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2021. Праверана 2 лютага 2021.
  20. Строительство аккумуляторного завода под Брестом продолжится. Решение губернатора о приостановке отменено (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (28 верасня 2020 у 15:36). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2020. Праверана 29 верасня 2020.
  21. а б В инициативную группу по проведению местного референдума о судьбе завода АКБ записались 12 человек (руск.). Брестская газета (4 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2021. Праверана 4 лютага 2021.
  22. Радыё Свабода Архівавана 19 мая 2021.
  23. news.tut.by Архівавана 24 сакавіка 2021.