Пётр Якаўлевіч Сяўрук
Пётр Якаўлевіч Сяўрук (12 ліпеня 1905, Скідзель, Гродзенскі раён — 4 кастрычніка 1929, Скідзель, Гродзенскі раён) — беларускі паэт.
Пётр Якаўлевіч Сяўрук | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Плебей[1] |
Дата нараджэння | 12 ліпеня 1905 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 кастрычніка 1929 (24 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства |
|
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, празаік |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у |
Біяграфія
правіцьПаходзіў са шматдзетнай сям’і, якая ў часы Першай сусветнай вайны ў выніку бежанства апынулася ў расійскім Ліпецку. Тут пачаў вучобу. У 1921 годзе вярнуўся з бацькамі ў Скідзель. Актыўна ўключыўся ў работу Таварыства беларускай школы, Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Арганізаваў публічную бібліятэку ў Скідзелі, да 1928 года быў старшынёй Гродзенскай акруговай управы ТБШ. Сябраваў з паэтам М. Васільком. У 1925—1928 гадах шмат разоў арыштоўваўся польскімі ўладамі і некалькі месяцаў правёў у гродзенскай турме.
Вясной 1929 года, бачачы, што левы беларускі рух канчаткова падпарадкаваўся дыктаванаму з усходу курсу, Пётр Сяўрук звярнуўся да лідараў беларускага пасольскага клуба «Змаганне» (з лідарам якога Ігнатам Дварчаніным перапісваўся) з лістом, у якім выказаў сваё бачанне тагачаснай сітуацыі. Ліст Пятра Сеўрука не быў надрукаваны. 4 кастрычніка 1929 года заўчасна памёр ад сухот.
Творчасць
правіцьЛітаратурную творчасць пачаў, відаць, у 1923 годзе з апавядання «Тайна маны» (засталося ў рукапісе). Паводле сцверджання У. Калесніка, у сярэдзіне 1920-х г. друкаваў допісы, вершы, фельетоны ў віленскіх газетах пад псеўданімам Плебей, аднак гэтыя публікацыі дагэтуль не выяўленыя. Пасля смерці паэта засталіся сшыткі з рукапісамі, якія захоўвала яго малодшая сястра М. Мазалеўская. Частка з гэтых твораў была апублікавана ёй у 1986 годзе ў часопісе «Літаратура і мастацтва».
Паэзіі П. Сяўрука ўласцівыя тэмы свабоды творчага самавыяўлення («Маё»), традыцыйнага сялянскага наракання на цяжкую долю («Песня ратая-беларуса») і матывы хрысціянскай любові да людзей як галоўнага пачатку чалавечых узаемадачыненняў («Мне не страшна»). У абсягу пейзажнай лірыкі П. Сяўрук быў пад уплывам паэзіі М. Багдановіча («Агарнуліся родныя далі туманамі», «Адказ на пытанне Максіма Багдановіча»). Яго вершы надрукаваны ў часопісе «Полымя» (1986. № 10).
Творы
правіць- Да «правадыроў» беларускага народу (эсэ) / 2 сакавіка 1929 г.
Зноскі
- ↑ Беларусь у асобах і падзеях Праверана 16 сакавіка 2024.
Літаратура
правіць- Калеснік У. А. Час і песні. — Мн., 1962. — С. 62.
- Сяўру́к Пётр Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 363—364. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 5. Скамарохі — Яшчур. — С. 222. — 703 с. — 10 000 экз.
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 5. Пестрак — Сяўрук. — С. 479. — 480 с.; іл.. — ISBN 5-85700-168-4.