Прыпяцкія балоты

(Пасля перасылкі з Пінскія балоты)

Прыпяцкія балоты — прыродны комплекс балот, які аб'яўлены тэрыторыяй, важнай для птушак і водна-балотных угодзяў. Балоты размешчаны ў пашыранай частцы старажытнай даліны ракі Прыпяць у міжрэччы яе правых прытокаў — рэк Сцвіга і Убарць. Тэрыторыя ўяўляе сабой вялікую нізінную раўніну з агульным ухілам да поймы Прыпяці. Паўднёвая мяжа парка супадае з паўднёвым краем раўніны і прадстаўлена пясчанымі ўзгоркамі і выдмамі, якія зараслі хвойнымі лясамі. За выдмамі шырокім поясам працягнуліся буйнейшыя на Палессі верхавыя і пераходныя балоты, якія дзякуючы сваёй некранутасці і багатай біяразнастайнасці могуць з'яўляцца эталонам палескіх балот.

Пінскія балоты
Краіны Беларусь, Украіна
Рэгіёны Брэсцкая вобласць, Валынская вобласць, Ровенская вобласць
Паштовая марка Беларусі, прысвечаная Прыпяцкаму нацыянальнаму парку

Большая частка балот нацыянальнага парка пакрыта хвойнікамі, хаця і даволі значная іх плошча (каля 15 %) застаецца бязлеснай. Бліжэй да поймы верхавыя і пераходныя балоты змяняюцца нізіннымі; яны, ў сваю чаргу — паласой вельмі забалочаных, часам непраходных, алешнікаў, якія перамяжоўваюцца з адкрытымі альбо зарослымі хмызняком нізіннымі балотамі. Паласа алешнікаў пераходзіць у заліўныя шыракаліставыя лясы, сярод якіх пераважаюць дубравы (13,6 % ад агульнай плошчы лясоў). Менавіта пойменныя дубравы прыдаюць палескім ландшафтам непаўторны каларыт. Па краях поймы дубравы размяшчаюцца суцэльнымі палосамі, а бліжэй да ракі перамяжоўваюцца з шырокімі адкрытымі заліўнымі лугамі і шматлікімі старыцамі.

Асноўнымі вадацёкамі нацыянальнага парка «Прыпяцкі» з'яўляюцца рэкі Сцвіга і Убарць, якія абмяжоўваюць тэрыторыю з усходу і захаду. Па цэнтральнай частцы парка працякае яшчэ адна невялікая (каля 30 км), але дастаткова мнагаводная рака Свінавод. Акрамя натуральных буйных вадацёкаў і невялікіх азёр, якіх налічваецца крыху болей 40, на тэрыторыі парка захавалася сетка каналаў, якія былі пракапаны яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя ў часы заходняй экспедыцыі І. І. Жылінскага для лесасплаву. Агульная працягласць каналаў складае амаль 280 кіламетраў. Дзякуючы дзейнасці баброў і натуральнаму разбурэнню большая частка гэтых каналаў не аказвае істотнага ўздзеяння на гідралагічны рэжым парка.

У нацыянальным парку пераважаюць наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: абмежаваная высечка лясоў, сенакашэнне, выпас жывёлы, паляўнічы турызм.

Фаўна правіць

З 246 відаў птушак, якія адзначаны на тэрыторыі, 66 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У парку гняздуецца значная колькасць відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: нырэц белавокі (Aythya nyroca), арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla) (2-3 пары), вялікі арлец (Aquila clanga) (4-6 пар), драч (Crex crex), дупель (Gallinago media). Наяўнасць такой колькасці відаў нацыянальнай і міжнароднай значнасці падкрэслівае важнасць тэрыторыі для захавання біялагічнай разнастайнасці Палесся, Беларусі і Еўропы ў цэлым.

Фаўна млекакормячых нацыянальнага парка «Прыпяцкі» налічвае 49 відаў, 4 з іх (арэшнікавая соня (Muscardinus avellanarius), барсук (Meles meles), рысь (Felis linx), зубр еўрапейскі (Bison bonasus)) уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Флора правіць

На тэрыторыі парка зарэгістравана 827 відаў вышэйшых раслін, 18 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу і належаць ахове.

Неспрыяльныя фактары правіць

Змяненне гідралагічнага рэжыму поймы ракі Прыпяць у выніку асушальнай меліярацыі і абвалавання рэк.

Раслінныя сукцэсіі. У выніку парушэння гідралагічнага рэжыму і скарачэння сенакашэння заліўныя лугі зарастаюць хмызняком, што прыводзіць да змяншэння разнастайнасці біятопаў і збяднення біялагічнай разнастайнасці.

Лесагаспадарчая дзейнасць. Пасля пераўтварэння запаведніка ў нацыянальны парк лесагаспадарчая дзейнасць на яго тэрыторыі значна пашырылася, што аказала істотны негатыўны ўплыў на экасістэмы. У цяперашні час лесагаспадарчая дзейнасць перамясцілася ў лясныя масівы, размешчаныя за тэрыторыяй парка.

Пажары аказваюць істотнае ўздзеянне на экасістэмы парка. Яны здараюцца даволі часта і ахопліваюць значныя плошчы.

Літаратура правіць

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org


Спасылкі правіць