Раймунд Мікалай Зямацкі (польск.: Rajmund Mikołaj Ziemacki; 19 верасня 1810, Дахны — 5 чэрвеня 1863, Вільня) — беларускі каталіцкі святар.

Раймунд Зямацкі
Адукацыя
Нараджэнне 19 верасня 1810(1810-09-19)
Смерць 5 чэрвеня 1863(1863-06-05) (52 гады)

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 19 верасня 1810 года ў вёсцы Дахны каля Крэва ў сям’і Андрэя Зямацкага і Катарыны Камінскай. Хрышчоны ў вёсцы Лоск[1]. Вучыўся ў манахаў-трынітарыяў у Маладзечне, затым у Віленскім універсітэце. Разам са старэйшым братам Юзафам браў удзел у Лістападаўскім паўстанні 1830 года супраць царскіх уладаў. Старэйшы брат загінуў у час паўстання, сам Раймунд быў цяжка паранены. Малодшы брат Францішак быў бацькам будучага прафесара Віленскага ўніверсітэта Юзафа Казіміра Зямацкага.

Пасля заканчэння паўстання паступіў у Віленскую семінарыю, у 1838 годзе быў пасвечаны на святара. Да 1845 года служыў пробашчам у Касцёле Святога Рафала ў Вільні. З 1849 года служыў настаяцелем у Ваверцы Лідскага павета. У ноч з 24 на 25 студзеня 1863 года па старым стылі Раймунду Зямацкаму была дастаўлена копія паўстанцкага маніфеста з загадам зачытаць яго перад вернікамі ў нядзелю. Аналагічныя загады атрымалі пробашчы суседніх прыходаў, многія зачыталі іх, асцерагаючыся помсты з боку паўстанцаў, некаторыя, асцерагаючыся рэпрэсій з боку царскіх улад, паведамілі пра атрыманы загад у паліцыю і папрасілі аховы. Раймунд Зямацкі добраахвотна прыняў рашэнне падтрымаць паўстанне і зачытаць маніфест.

Неўзабаве пасля абвяшчэння маніфеста Раймунд Зямацкі быў арыштаваны і адпраўлены ў Вільню, дзе быў кінуты ў турму пры Касцёле Святога Духа. Разам з ім судзілі яшчэ двух каталіцкіх святароў Станіслава Ішору і Адама Фалькоўскага, чыя віна таксама складалася толькі ў абвяшчэнні маніфеста паўстанцаў. Усе трое былі пакараны смерцю па рашэнні генерал-губернатара М. Мураўёва. Раймунд Зямацкі быў расстраляны 5 чэрвеня 1863 года на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Памяць правіць

У капліцы Святой Барбары на каталіцкіх могілках Ліды ўстаноўленая мемарыяльная дошка ў памяць пра Раймунда Зямацкага

Зноскі

  1. у сувязі з гэтым Лоск у многіх крыніцах памылкова называецца месцам нараджэння

Спасылкі правіць