Руслан Анатольевіч Касыгін

Руслан Анатольевіч Касыгін (нар. 28 ліпеня 1968, г. Ялта) — беларускі ваенны, генерал-маёр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Руслан Анатольевіч Касыгін
Дата нараджэння 28 ліпеня 1968(1968-07-28) (56 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Прыналежнасць  Беларусь
Род войскаў танкавыя войскі
Гады службы з 1989
Званне
Генерал-маёр
Генерал-маёр
Узнагароды і званні
ордэн «За службу Радзіме» III ступені медаль «За бездакорную службу» I ступені медаль «За бездакорную службу» II ступені медаль «За бездакорную службу» III ступені

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 28 ліпеня 1968 года ў горадзе Ялта Крымскай вобласці Украінскай ССР[1].

У 1985—1989 гадах вучыўся ў Чалябінскім вышэйшым танкавым камандным вучылішчы імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка па спецыяльнасці «Камандная тактычная танкавых войскаў»[1]. Пасля заканчэння вучобы быў накіраваны для праходжання далейшай службы ў 264-ы танкавы полк 193-й танкавай дывізіі 5-й гвардзейскай танкавай арміі Беларускай ваеннай акругі.

У 1989—2001 гадах прайшоў пасады ад камандзіра танкавага ўзвода да намесніка начальніка базы 193-й танкавай дывізіі (пазней — 193-я база захоўвання ўзбраення і тэхнікі). У 2001 годзе паступіў на камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі, які скончыў з адзнакай у 2003 годзе па спецыяльнасці «Камандна-штабная аператыўна-тактычная сухапутных войскаў»[1].

У 2003—2007 гадах праходзіў службу на розных пасадах у галоўным аператыўным упраўленні Генеральнага штаба Узброеных Сіл. У 2007 годзе быў прызначаны начальнікам аператыўнага аддзела-намеснікам начальніка штаба Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.

У 2009 годзе накіраваны для навучання на факультэт Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі, які скончыў у 2011 годзе з адзнакай і залатым медалём па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і ваеннае кіраванне»[1].

З ліпеня 2011 года па верасень 2014 года праходзіў службу на пасадах намесніка начальніка ўпраўлення — начальніка 1-га аддзела 1-га ўпраўлення, начальніка чацвёртага ўпраўлення галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба.

У верасні 2014 года прызначаны начальнікам інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Генштаба, а ў маі 2016 года стаў начальнікам штаба — першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.

7 ліпеня 2020 года ўзначаліў галоўнае разведвальнае ўпраўленне[2]. 28 ліпеня 2023 года звольнены ў запас па ўзросце[3]. Генерал-маёр запасу[1].

Працаваў памочнікам генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік»[1].

Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Інфармацыйна-аналітычная работа ў сістэме органаў дзяржаўнага кіравання»[1].

У 2024 годзе выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VIII склікання ад Барысаўскай гарадской акругі № 63. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы[1].

Узнагароды

правіць

Узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені, медалём «За бездакорную службу» I, II і III ступені[1].

Жанаты, мае дачку і сына[1].

Зноскі

Спасылкі

правіць