Рэспубліканскі саюз (Іспанія, 1934)

Рэспубліканскі саюз (ісп.: Unión Republicana, UR) — цэнтрысцкая сацыяльна-ліберальная партыя, заснаваная ў 1934 годзе вядомым палітыкам-рэспубліканцам Дыега Марцінесам Барыа падчас зліцця некалькіх невялікіх рэспубліканскіх партый. Адна з вядучых партый Другой Іспанскай Рэспублікі часоў грамадзянскай вайны. Пасля ўсталявання дыктатуры Франсіска Франка практычна знікла з палітычнай сцэны, дзейнічаючы ў выгнанні ў Мексіцы. Улілася ў склад Іспанскага дэмакратычнага рэспубліканскага дзеяння.

Рэспубліканскі саюз
Дата заснавання 1934
Дата роспуску 1958
Краіна
Ідэалогія рэспубліканізм[d] і сацыял-лібералізм

Гісторыя правіць

Другая рэспубліка правіць

Рэспубліканскі саюз быў утвораны ў выніку зліцця некалькіх невялікіх рэспубліканскіх партый, у тым ліку, Дэмакратычнай радыкальнай партыі Дыега Марцінеса Барыа, заснаванай у маі 1934 года групай членаў Радыкальнай рэспубліканскай партыі Алехандра Леруса, незадаволеных альянсам апошняга з кансерватарамі з Іспанскай канфедэрацыі аўтаномных правых (CEDA).

На парламенцкіх выбарах 1936 года партыя ўдзельнічала ў складзе шырокай рэспубліканскай кааліцыі Народны фронт, атрымаўшы 36 месцаў. Яна стала чацвёртай па велічыні партыяй краіны[1][2]. Адразу пасля выбараў Мануэль Асанья, лідар Рэспубліканскай левай, трэцяй партыі Іспаніі, са згоды Народнага Фронту становіцца новым кіраўніком урада і, заручыўшыся падтрымкай сацыялістаў, фармуе свой кабінет з прадстаўнікоў Рэспубліканскай левай і Рэспубліканскага саюза. У новы ўрад увайшлі 2 члена партыі[3].

7 красавіка 1936 года Народны фронт, баючыся, што Прэзідэнт Рэспублікі, правы ліберал Нісета Алькала Самора, устане на бок кансерватыўных сіл, дамогся яго адстаўкі, скарыстаўшыся канстытуцыйным палажэннем аб тым, што парламент можа адхіліць ад пасады кіраўніка дзяржавы, што двойчы распусціў картэсы. Правыя ж не аказалі прэзідэнту ніякай падтрымкі, не разглядаючы яго ў якасці свайго саюзніка. У той жа дзень часовым прэзідэнтам становіцца лідар Рэспубліканскага саюза Марцінес Барыа. Гэтую пасаду ён займаў да 11 мая, калі яго змяніў новы прэзідэнт, Мануэль Асанья.

Пасля путчу 17—18 ліпеня, які хоць і не завяршыўся звяржэннем рэспубліканскіх уладаў, але прывёў да пачатку грамадзянскай вайны, Марцінес Барыа стаў прэм’ерам-міністрам. На сваю пасаду ён быў прызначаны 19 ліпеня, каб пераканаць кіраўнікоў перавароту скласці зброю і здацца. Зразумеўшы, што грамадзянская вайна непазбежна, падаў у адстаўку ў той жа дзень.

Рэспубліканскі саюз прымаў удзел ва ўсіх рэспубліканскіх урадах падчас грамадзянскай вайны, але гуляў нязначную ролю, якая яшчэ больш знізілася пачынаючы з першага ўрада сацыялістаў на чале з Ларга Кабальера.

У выгнанні правіць

У выгнанні ў Мексіцы Рэспубліканскі саюз быў адной з галоўных апор рэспубліканскага ўрада ў выгнанні. Марцінес Барыа займаў пасаду Прэзідэнта Рэспублікі ў выгнанні больш за 16 гадоў, з 17 жніўня 1945 года да 1 студзеня 1962 года. 13 жніўня 1951 года ён прызначыў кіраўніком урада ў выгнанні аднапартыйца Фелікса Гордана Ордаса, які займаў пасаду да 9 мая 1960 года. Гэта прызначэнне справакавала канфлікт з левымі рэспубліканцамі, якія пакінулі ўрад, абвінаваціўшы сваіх саюзнікаў з Рэспубліканскага саюза ў манапалізме. Зрэшты, пазней саюзныя адносіны дзвюх партый аднавіліся. Яны аб’ядналіся, утварыўшы партыю Іспанскае дэмакратычнае рэспубліканскае дзеянне.

Удзел ва ўрадзе правіць

У перыяд з 1936 па 1939 гады пасады ва ўрадзе займалі наступныя члены Рэспубліканскага саюза:[3]

  • IV кабінет Мануэля Асаньі (19.02.1936—13.05.1936): Антоніа дэ Лара і Саратэ (міністр юстыцыі) і Мануэль Бласка Гарсан (міністр камунікацый і гандлёвага флоту)
  • Кабінет Сант’яга Касарэса Кірогі (13.05.1936—19.07.1936): Мануэль Бласка Гарсан (міністр юстыцыі) і Бернарда Хінер дэ лос Рыас Гарсія (міністр камунікацый і гандлёвага флоту)
  • Кабінет Хасэ Хіраля і Перэйры (19.07.1936—4.09.1936): Мануэль Бласка Гарсан (міністр юстыцыі) і Бернарда Хінер дэ лос Рыас Гарсія (міністр камунікацый і гандлёвага флоту)
  • I кабінет Франсіска Ларга Кабальера (4.09.1936—4.11.1936): Бернарда Хінер дэ лос Рыас Гарсія (міністр камунікацый і гандлёвага флоту)
  • II кабінет Кабальера (4.11.1936—17.05.1937): Бернарда Хінер дэ лос Рыас Гарсія (міністр камунікацый і гандлёвага флоту)
  • I кабінет Хуана Негрына (17.05.1937—5.04.1938): Бернарда Хінер дэ лос Рыас Гарсія (міністр камунікацый і транспарту)
  • II кабінет Негрына (5.04.1937—1.04.1939): Бернарда Хінер дэ лос Рыас Гарсія (міністр камунікацый і транспарту)

Зноскі

  1. Antony Beevor. The Battle for Spain. The Spanish Civil War 1936-1939, p. 456. Penguin Books, 2006. P. 560. ISBN 978-0143037651
  2. Elecciones a II Cortes de la República 16 de febrero de 1936 (ісп.). Historia electoral.com. Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2020. Праверана 14 мая 2016.
  3. а б Gobiernos de España 1931-2008 (ісп.)(недаступная спасылка). terra.es. Архівавана з першакрыніцы 29 чэрвеня 2012. Праверана 16 мая 2016.