Сакрэтны дадатковы пратакол да Дагавора аб ненападзе паміж Германіяй і СССР

Сакрэтны дадатковы пратакол да Дагавора аб ненападзе паміж Германіяй і СССР ад 23 жніўня 1939 года вызначаў «граніцы сфер інтарэсаў» бакоў «у выпадку тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы абласцей, якія ўваходзяць у склад Прыбалтыйскіх дзяржаў (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва)» і Польскай Дзяржавы[1].

Пратакол быў натуральным працягам Дагавора, у якім і змяшчаўся ўвесь яго сэнс, які складаўся ў агароджванні часткі Усходняй Еўропы ад германскай акупацыі. Мэтай Дагавора, з пункту гледжання савецкага кіраўніцтва, было забяспечыць уплыў Савецкага Саюза ва Усходняй Еўропе, а без сакрэтнага пратакола ён не меў сэнсу. Хоць пратакол не з’яўляўся юрыдычнай падставай для перакройвання ўсходнееўрапейскіх граніц, ён прадвызначыў лёс трэціх краін і сведчыць пра супрацоўніцтва СССР з Германіяй у перадзеле Усходняй Еўропы[2].

Перадгісторыя

правіць

Вывучэнне савецкіх дыпламатычных дакументаў паказвае правасць тых аўтараў, якія лічаць, што сакрэтны пратакол быў ініцыятывай СССР і саступкай з боку Германіі[2].

Ідэя падпісання сакрэтнага пратакола пра раздзел сфер інтарэсаў ва Усходняй Еўропе была выказана Сталіным у пачатку перамоў з Рыбентропам 23 жніўня 1939 г. Паводле ўспамінаў Уладзіміра Паўлава, які быў на той сустрэчы асабістым перакладчыкам Сталіна, Рыбентроп прывёз толькі тэкст асноўнага дагавора, але Сталін, разумеючы, што Гітлер у дадзенай сітуацыі будзе згодны на любыя саступкі, раптам заявіў: «Да гэтага дагавора неабходны дадатковыя пагадненні, пра якія мы нічога нідзе публікаваць не будзем». Тут жа, у кабінеце Сталіна, быў складзены тэкст пратакола, які адрэдагавалі, надрукавалі і падпісалі. Сталін некалькі разоў падкрэсліў, што гэта асабліва сакрэтнае пагадненне нікім і ніколі не павінна быць разгалошана. Гэтыя словы Паўлава пацвярджаюцца і Рыбентропам, які на Нюрнбергскім працэсе заявіў, што Сталін абмяркоўваў «не магчымасць мірнага ўрэгулявання германа-польскага канфлікту ў духу пакта Брыяна-Келага, а даў зразумець, што калі ён не атрымае палову Польшчы і Прыбалтыйскія краіны яшчэ без Літвы з портам Лібава, тады я магу адразу выляцець назад»[3].

Палажэнні пратакола

правіць
Сакрэтны пратакол па нямецкай мікрастужцы (Nazi-Soviet Relations 1939—1941. Washington, 1948, p. 196, 197)
Арыгінал сакрэтнага пратакола да дагавора (Архіў Прэзідэнта РФ, Адмысловая папка, пакет № 34 і нямецкая версія).
 
Нямецкая версія па мікрастужцы (апошняя старонка)

Паводле пратакола, паўночная граніца Літвы станавілася граніцай сфер інтарэсаў Германіі і СССР у Прыбалтыцы. Пры гэтым Літва атрымлівала Вільню (на той момант польскі), а граніца інтарэсаў у Польшчы праходзіла па рэках Нараў, Вісла і Сан.

Пытанне аб незалежнасці Польшчы, паводле пратакола, магло «быць канчаткова высветлена» пазней, па згодзе бакоў.

СССР падкрэсліваў таксама цікавасць да Бесарабіі, а Германія — незацікаўленасць у ёй.

Гісторыя апублікавання

правіць

Першыя звесткі пра факт існавання

правіць

Сам пакт быў апублікаваны неадкладна пасля падпісання, інфармацыя ж пра дадатковы пратакол трымалася пад грыфам сакрэтнасці. Тым не менш, яна прасачылася ў дыпламатычныя колы практычна адразу. Раніцай 24 жніўня нямецкі дыпламат Ганс фон Герварт паведаміў свайму амерыканскаму калегу Чарльзу Болену поўны змест сакрэтнага пратакола[4].

Умовы савецка-германскіх пагадненняў змяшчае і так званая «прамова Сталіна на пасяджэнні Палітбюро 19 жніўня 1939 года», тэкст якой быў апублікаваны французскім інфармацыйным агенцтвам «Гавас» у лістападзе таго ж года. Некаторыя даследчыкі лічаць прамову сапраўднай[5], іншыя адмаўляюць яе сапраўднасць[6][7]. Аднак аж да заканчэння Другой сусветнай вайны гэтыя звесткі заставаліся на ўзроўні чутак, хоць і знайшлі відавочнае пацверджанне далейшым развіццём падзей.

На Захадзе

правіць

Нямецкі арыгінал тэксту дадатковага пратакола быў знішчаны ў час бамбардзіроўкі Берліна ў сакавіку 1944 года, але яго копія на мікрастужцы захавалася ў дакументальным архіве МЗС Германіі[8]. Карл фон Лёш, служачы МЗС, перадаў гэту копію брытанскаму падпалкоўніку Р. С. Томсану ў маі 1945 года.

Публічна пытанне пра сакрэтныя пратаколы ўпершыню было паднятае на Нюрнбергскім працэсе: абвінавачваныя пабудавалі на гэтым факце лінію абароны. Пра гэты дагавор гаварыў Рыбентроп, а абаронца Геса Зайдль атрымаў машынапісную копію пратакола[9] і паспрабаваў агучыць яе, але яму было адмоўлена пад маркай, што ён адмовіўся паведаміць суду крыніцу атрымання дакумента (пазней у сваіх успамінах ён згадаў, што атрымаў дакументы ад амерыканскай разведкі). Праз некалькі месяцаў Зайдль апублікаваў дакумент у амерыканскай правінцыйнай газеце «St. Louis Post-Dispatch», але гэта публікацыя засталася незаўважанай.

Шырокую вядомасць дакумент набыў у 1948 годзе, калі быў апублікаваны ў зборніку Дзярждэпартамента ЗША «Нацысцка-савецкія адносіны. 1939—1941 гг.»[10][11]. Акрамя таго, зборнік змяшчаў нямецкую і нямецка-савецкую дыпламатычную перапіску, у якой меліся прамыя спасылкі на сакрэтныя дамоўленасці[12]. Гэты факт паслужыў для шэрагу даследчыкаў[13] падставай для правядзення аналогій паміж палітыкай СССР і палітыкай нацысцкага Трэцяга рэйха і для абвінавачвання Савецкага Саюза ў саўдзеле ў развязванні Другой сусветнай вайны.

У сувязі з гэтым пытанне аб сакрэтных пратаколах (да Дагавора аб ненападзе і Дагавора аб дружбе і граніцы) набыло важнае палітычнае значэнне.

У СССР

правіць

У СССР існаванне сакрэтных пратаколаў катэгарычна адмаўлялася. Паводле слоў кіраўніка апарата прэзідэнта СССР[14] Валерыя Болдзіна, яны захоўваліся ў асабістым сейфе Сталіна, а ў далейшым — у архіве ЦК КПСС[15].

У 1948 годзе, у адказ на публікацыю зборніка Дзярждэпартамента ЗША «Nazi-Soviet relations», Саўінфармбюро апублікавала кнігу «Фальсіфікатары гісторыі», у якой высоўваліся сустрэчныя абвінавачванні краінам Захаду і змяшчаліся сцвярджэнні пра фінансаванне Германіі англійскімі і амерыканскімі фінансавымі коламі ў 1930-я гады[заўв 1]. У адрозненне ад выдання Дзярждэпартамента ЗША, якое ўяўляла сабой зборнік архіўных дакументаў, савецкае выданне ўяўляла сабой аўтарскі тэкст; у ім не было прыведзена ніводнага дакумента цалкам і некалькі — у невялікіх вытрымках[16]. Існаванне сакрэтнага пратакола адмаўлялася Молатавым да самай смерці, пра што ён неаднаразова гаварыў у гутарках з пісьменнікам Чуевым[17].

Пытанне пра Пакт Молатава — Рыбентропа і асабліва пра сакрэтны дадатак да яго было паднята ў СССР падчас перабудовы, перш за ўсё — з прычыны ціску з боку Польшчы. Для вывучэння пытання была створана адмысловая камісія на чале з сакратаром ЦК КПСС Аляксандрам Якаўлевым. 24 снежня 1989 года З'езд народных дэпутатаў СССР, заслухаўшы дакладзеныя Якаўлевым высновы камісіі, прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў пратакол (адзначыўшы адсутнасць арыгіналаў, але прызнаўшы яго сапраўднасць, абапіраючыся на графалагічную, фотатэхнічную і лексічную экспертызу копій і адпаведнасць іх зместу наступным падзеям)[18]. Тады ж упершыню ў СССР быў апублікаваны тэкст сакрэтных пратаколаў (па нямецкай мікрастужцы — «Пытанні гісторыі», № 6, 1989).

Савецкі арыгінал пратакола захоўваўся ў Агульным аддзеле ЦК КПСС (цяпер Архіў Прэзідэнта РФ), Адмысловая папка, пакет № 34. Паводле слоў гісторыка Льва Безыменскага, змесціва гэтага пакета хавалася Міхаілам Гарбачовым, які ведаў пра яго існаванне яшчэ з 1987 года[19], прычым Гарбачоў, паводле слоў яго кіраўніка справамі Болдзіна, намякаў яму на пажаданасць знішчэння гэтага дакумента[15].

У Расійскай Федэрацыі

правіць

Пасля рассакрэчвання архіва пакет № 34 быў выяўлены ў кастрычніку 1992 года былым намеснікам начальніка Галоўнага палітычнага ўпраўлення генерал-палкоўнікам Д. А. Валкагонавым, пасля чаго пратакол разам з астатнімі дакументамі пакета быў прадстаўлены грамадскасці на прэс-канферэнцыі[8] і апублікаваны ў газетах. Навуковая публікацыя адбылася ў часопісе «Новая и новейшая история», № 1 за 1993 год[8].

Юрыдычная характарыстыка

правіць

Немагчыма ацэньваць «Сакрэтны дадатковы пратакол» па-за кантэкстам «Дагавора аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам». Хоць пратакол не з’яўляўся юрыдычнай падставай для перакройвання ўсходнееўрапейскіх граніц, ён прадвызначыў лёс трэціх краін і сведчыць пра супрацоўніцтва з Германіяй у перадзеле Усходняй Еўропы. Тым больш што, як адзначае С. З. Случ, для Сталіна граніца «сферы інтарэсаў» азначала будучую граніцу СССР. Як лічыць В. Я. Сіпалс, пакт адлюстраваў узаемныя інтарэсы Германіі і СССР. Першая была зацікаўлена ў акупацыі Польшчы да «лініі 4 рэк», а другі — у спыненні вермахта як мага далей ад існых граніц і ў далучэнні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны[2].

Ацэнкі юрыдычнага боку ўласна дагавора (без пратакола) супярэчлівыя. Паводле меркаванняў адных гісторыкаў, Дагавор аб ненападзе сам па сабе (без пратакола) не змяшчае нічога незвычайнага і ўяўляе сабой тыповы дагавор аб ненападзе, прыклады якіх частыя ў тагачаснай еўрапейскай гісторыі (гл., напрыклад, аналагічны пакт паміж Германіяй і Польшчай)[20][21]. Гэта значыць, пакт без дадатковага пратакола фармальна быў накіраваны на прадухіленне вайны і стрымліванне агрэсіі ад трэціх бакоў.

А. А. Пронін[22] прытрымліваецца іншага меркавання, адзначаючы, што ў дагаворы адсутнічаў пункт, які адмяняў яго дзеянне ў выпадку, калі адзін з бакоў здзейсніць агрэсію (такі пункт прысутнічаў у большасці дагавораў аб ненападзе, заключаных СССР). Такім чынам, пакт і без дадатковага пратакола не стрымліваў агрэсію, але быў накіраваны супраць трэціх краін з боку дзяржаў, якія яго падпісалі, — СССР і Германіі. Аднак А. А. Пронін таксама адзначае, што дагавор цесна звязаны з сакрэтным пратаколам і не можа ацэньвацца асобна ад яго. Уласна дадатковы пратакол ацэньваецца А. А. Проніным як юрыдычна неправамерны, паколькі тычыўся трэціх краін.

Варта таксама адзначыць, што Вярхоўны Савет і Рэйхстаг не былі азнаёмлены з тэкстам «Сакрэтнага дадатковага пратакола», ён не быў ратыфікаваны парламентамі бакоў-падпісантаў і дэ-юрэ з’яўляўся, такім чынам, толькі асабістым пагадненнем Сталіна і Гітлера (што ніяк не змяняла яго значэнне дэ-факта, таму што і той, і іншы валодалі неабмежаванай таталітарнай уладай і ўвасаблялі сабой свае дзяржавы; у выпадку з Гітлерам гэта дэкларавалася і законамі 1933—1934 гг.)[заўв 2]. У Пастанове З’езду народных дэпутатаў СССР ад 24 снежня 1989 года № 979-1 «Аб палітычнай і прававай ацэнцы савецка-германскага дагавора аб ненападзе ад 1939 года» гаворыцца:

6. З’езд канстатуе, што перамовы з Германіяй па сакрэтных пратаколах вяліся Сталіным і Молатавым употай ад савецкага народа, ЦК УКП(б) і ўсёй партыі, Вярхоўнага Савета і Урада СССР, гэтыя пратаколы былі выняты з працэдур ратыфікацыі. Такім чынам, рашэнне аб іх падпісанні было па сутнасці і па форме актам асабістай улады і ніяк не адлюстроўвала волю савецкага народа, які не нясе адказнасці за гэту змову.

7. З’езд народных дэпутатаў СССР асуджае факт падпісання «сакрэтнага дадатковага пратакола» ад 23 жніўня 1939 года і іншых сакрэтных дамоўленасцей з Германіяй. З’езд прызнае сакрэтныя пратаколы юрыдычна беспадстаўнымі і несапраўднымі з моманту іх падпісання.

Пратаколы не стваралі новай прававой базы для ўзаемаадносін Савецкага Саюза з трэцімі краінамі, але былі выкарыстаны Сталіным і яго атачэннем для прад’яўлення ўльтыматумаў і сілавога ціску на іншыя дзяржавы ў парушэнне ўзятых перад імі прававых абавязацельстваў.

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Тэма фінансавання нацысцкай Германіі амерыканскімі карпарацыямі была падрабязна асветлена вядомым брытанскім эканамістам Энтані Сатанам у яго кнізе Wall Street and the rise of Hitler Архівавана 3 лістапада 2010. New Rochelle, New York: Arlington House, 1975.</ref>
  2. Артыкул VII Дагавора аб ненападзе патрабуе яго ратыфікацыі «ў як мага карацейшы тэрмін». Пры гэтым, аднак, у Германіі імперскі ўрад валодаў правам заключаць дагаворы, якія набывалі законную моц з моманту падпісання (паводле артыкула 4 Закона аб надзвычайных паўнамоцтвах 1933 г.), а ў артыкуле 49 Канстытуцыі СССР 1936 года, якая прадугледжвала працэдуру ратыфікацыі дагавораў Прэзідыумам Вярхоўнага Савета, нічога не гаварылася пра абавязковасць гэтай працэдуры.

Крыніцы

правіць
  1. Так званы «сакрэтны дадатковы пратакол» да савецка-германскага дагавора аб ненападзе
  2. а б в Мельтюхов М. И. Упущенный шанс Сталина. Советский Союз и борьба за Европу: 1939—1941. — М.: Вече, 2000. Глава «Политический кризис 1939 г.»
  3. А. А. Пронин. Советско-германские соглашения 1939 г. Истоки и последствия: Монография. LAP LAMBERT Academic Published. Саарбрюкен, 2012. ISBN 978-3-8473-3751-5
  4. (англ.) Charles E. Bohlen, Witness to History: 1929—1969 Norton, 1973, ISBN 0-393-07476-5
  5. В. Л. Дорошенко, И. В. Павлова, Р. Ч. Раак. Не миф: речь Сталина 19 августа 1939 года // Вопросы истории, 2005, #8.
  6. Случ, С. З. Речь Сталина, которой не было // Отечественная история. — 2004. — № 1.
  7. С. Лозунько. Историческая фальшивка: «речь Сталина 19 августа 1939 года». — Еженедельник «2000», 18 августа 2006.
  8. а б в Борис Хавкин. «К истории публикации советских текстов советско-германских секретных документов 1939—1941 гг.» Форум новейшей восточноевропейской истории и культуры — Русское издание № 1, 2007.
  9. А. Плотников Неизвестные документы Нюрнбергского трибунала. Второй аффидевит Гауса. // Москва.
  10. В. З. Роговин. Мировая революция и мировая война: Глава XXXIV — Секретный протокол. М., 1998. 415 с. ISBN 5-85272-028-3
  11. Nazi-Soviet Relations 1939—1941. Washington, 1948 (англ.)
  12. Гл. напр.: У. Шырэр. Узлёт і падзенне Трэцяга рэйха. Падзенне Польшчы.
  13. Гл. напр.: Guido Knopp. 100 Jahre — Der Countdown.
  14. Даведнік па гісторыі Камуністычнай партыі і Савецкага Саюза 1898—1991
  15. а б Валерий Болдин Над пропастью во лжи Архівавана 15 студзеня 2014. // «Совершенно секретно». № 03, март 1999 г.
  16. Советское информационное бюро. Фальсификаторы истории Архівавана 6 ліпеня 2012. М.: ОГИЗ, 1948. — 79 с.
  17. Чуев Ф. Сто сорок бесед с Молотовым: Из дневника Ф. Чуева. М.: ТЕРРА, 1991. — 623 с.
  18. Ведомости Съезда народных депутатов СССР и Верховного Совета СССР. 1989. № 29. Ст. 579.
  19. Безыменский Л. А. Гитлер и Сталин перед схваткой. Предисловие автора. — М.: Вече, 2000. — 512 с.
  20. Семиряга М. И. Советско-германские договорённости в 1939 — июне 1941 г.: взгляд историка // Сов. государство и право. 1989. № 9. С. 93.
  21. Мюллерсон Р. А. Советско-германские договорённости 1939 г. в аспекте международного права // Там же. С. 106.
  22. Пронин А. А. Советско-германские соглашения 1939 года: истоки и последствия (монография) // Международный исторический журнал, № 11, сентябрь-октябрь 2000 Архівавана 28 верасня 2007 года.