Саргацкая археалагічная культура

Сарга́цкая культура — археалагічная культура Заходняй Сібіры ў эпоху ранняга жалеза (VII-VI стст. да н. э. — IV ст. н. э.).

Саргацкая культура
Жалезны век
Рэканструкцыя аблічча носьбітаў Саргацкай культуры. Музей Цюменскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Геаграфічны рэгіён Сібір
Лакалізацыя Заходняя Сібір, паўночны Казахстан
Датаванне сярэдзіна I тысячагоддзя да н.э.— сярэдзіна I тысячагоддзя н.э.
Носьбіты сакі, угры
Тып гаспадаркі жывёлагадоўля
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Археалагічная культура атрымала назву паводле вёскі Саргатка на левым беразе ракі Іртыш недалёка ад Омска, дзе ў 1927 г. праводзіліся раскопкі курганоў. Помнікі саргацкай культуры сустракаюцца на берагах рэк Ішым, Табол, Іртыш і Ом. Асноўная частка тэрыторыі саргацкай культуры знаходзіцца ў межах сучаснай дзяржавы Расія, а яе паўднёвая частка — на поўначы Казахстана. Найбольш старажытныя помнікі (VII—VI стст. да н. э.) месцяцца на рацэ Ом. Найвышэйшы ўзровень развіцця датуецца II ст. да н. э. — II ст. н. э. Прыпыніла сваё існаванне ў канцы IV ст. н. э.

Носьбіты Саргацкай культуры ўзводзілі добра ўмацаваныя паселішчы. Курганы будавалі з пластоў дзёрну. Першапачаткова яны мелі выгляд усечанай піраміды. Характэрнай асаблівасцю большасці курганоў з’яўляецца наяўнасць рова вакол магільных пляцовак. У магільнях знаходзяць сляды вогнішчаў, што дае падставу меркаваць пра наяўнасць культу агню. Кераміка выканана спосабам ручной лепкі. Нароўні з ёй выкарыстоўваўся прывазны сярэднеазіяцкі посуд, выраблены на ганчарным коле. Шырока выкарыстоўвалі зброю і прылады працы з жалеза. Навершы стрэл таксама выраблялі з косці і бронзы. Вытворчасць жалеза адрознівалася высокім узроўнем для свайго часу. Кавалі мелі ў сваім распараджэнні сталь, якая пераўзыходзіла традыцыйнае мяккае жалеза.

Гаспадарка мела комплексны характар, аднак галоўную ролю адыгрывала жывёлагадоўля. Носьбіты Саргацкай культуры трымалі кароў і коней. Земляробства і паляванне мелі дадатковы характар. Мяркуецца, што носьбіты Саргацкай культуры знаходзіліся пад значным уплывам сарматаў, гандлявалі з Сярэдняй Азіяй, развівалі ўзаемаадносіны з прадстаўнікамі суседняй Кулайскай культуры.

Маёмасная і прававая неаднароднасць насельніцтва прасочваецца ў розніцы жытлаў і магільняў. На думку некаторых археолагаў, вылучалася некалькі сацыяльных пластоў, у тым ліку вярхоўныя правадыры, высакародныя людзі, простае і залежнае насельніцтва. Ніжэйшыя пласты не былі ўзброены. Армія складалася з дружыннікаў, на чале якіх стаялі правадыры. Асновай апалчэння былі лёгкаўзброеныя вершнікі з лукам і стрэламі.

Некаторыя даследчыкі атаясняюць Саргацкую культуру са старажытнымі уграмі, аднак у апошнія дзесяцігоддзі пераважае пункт гледжання, што галоўную ролю ў яе стварэнні і функцыянаванні адыгрывалі сакі. Насельніцтва найхутчэй было поліэтнічным. Знікненне культуры тлумачаць тым, што яе прадстаўнікі прынялі ўдзел у вялікім перасяленні народаў на захад.

Спасылкі правіць