Са́кі (саманазва: 𐨯𐨐)  — старажытны ўсходні іранскі народ, які насяляў стэпы Еўразіі ў 1 тысячагоддзі да н. э. — пачатку 1 тысячагоддзя н. э.

Сакі
(𐨯𐨐)
Бюст сакскага воіна (каля I ст.) у Тэрмезскім музеі археалогіі
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Еўразія
Мова скіфская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы сарматы, аланы, масагеты, дахі

Старажытнагрэчаскія аўтары называлі сакаў скіфамі. Пазней назва «скіфы» замацавалася за еўрапейскімі сакамі, а назва «сакі» — за азіяцкімі. Тым не меней, у сучаснай навуковай літаратуры абедзве назвы часцяком узаемазамяняльныя.

Паходжанне

правіць

На працягу другой паловы XIX — XX стст. археолагамі быў выяўлены шэраг культур, якія атаясняліся са скіфа-сакскім насельніцтвам жалезнага веку: Уюкская, Пазырыкская, Тагарская, Бегазы-Дандыбаеўская, Тасмалінская, скіфскі культурны комплекс поўдню Украіны і паўночнага Каўказа і інш. Іх агульнымі рысамі з’яўляюцца шырокае выкарыстанне жалеза, удасканаленне конскай збруі, сацыяльна-распластаванае грамадства і вылучэнне асобнага пласту воінаў[1]. Яны ахоплівалі вялікія тэрыторыі ад Дуная да Сіньцзяна, але не ўяўлялі сабою бесперапынную прастору, што садзейнічала вылучэнню пэўных мясцовых асаблівасцей. Вывучэнне культур суправаджалася высоўваннем розных гіпотэз іх агульнага паходжання, у тым ліку з усходняй Еўропы і паўночнага захаду Цэнтральнай Азіі. Аднак большасць прапанаваных ідэй да нашага часу састарэлі.

Найбольш старажытныя археалагічныя знаходкі (IX ст. да н. э.), звязаныя з сакамі, былі зроблены ў раёне Алтая. Генетычнае даследаванне 111 рэшткаў са старажытных пахаванняў, апублікаванае ў 2017 г.[2], паказала, што пераход ад бронзавага да жалезнага веку суправаджаўся значнымі дэмаграфічнымі зменамі ў стэпавых рэгіёнах Еўразіі. Былі вылучаны 2 асноўныя месцы паходжання качавых груп жалезнага веку: Алтай, адкуль пачалася скіфска-сакская экспансія, і заходні Урал. Качэўнікаў з заходняга Урала найчасцей атаясняюць з сарматамі, але яны маглі таксама адыгрываць значную ролю ў фарміраванні еўрапейскіх скіфаў.

Найменне сакаў упершыню сустракаецца ў старажытных ахеменідскіх надпісах VI ст., аднак у надпісах на кітайскай мове і санкрыце ўжываліся падобныя па гучанню найменні, што можа быць сведчаннем таго, што назва выкарыстоўвалася самімі сакамі падчас кантактаў з іншымі народамі. Відавочна, яна значыла качэўнікаў, літаральна тых, хто «знаходзіўся ў пошуках»[3]. Грэчаскае слова «скіфы» (грэч. Σκυθης, Σκυθοι, Σκύθαι), па сведчанню Герадота, паходзіць ад саманазвы еўрапейскай часткі плямёнаў «сколаты» (грэч. Σκολότες)[4], якая, у сваю чаргу, магла гучаць па-скіфску Skuδat і значыць стральцоў[5].

Гісторыя

правіць

Скіфа-сакская этнічная культура сфарміравалася на захадзе ад Алтая ў першай траціне 1 тысячагоддзя да н. э. Нягледзячы на яе імклівае пашырэнне ўздоўж стэпавых раёнаў Еўразіі, на першых парах яна захоўвала еднасць. Так, рысы, характэрныя для Карасукскай культуры, выяўляюць у помніках Харэзма, на Сырдар’і, у ніжнім Паволжы, у Балгарыі і Румыніі[6]. Самая старажытная пісьмовая згадка пра іх знаходзіцца ў асірыйскіх крыніцах і датуецца 70-мі гадамі VII ст. да н. э.[7], калі яны ўварваліся на паўднёвы ўсход Закаўказзя і поўнач Блізкага Усходу. У 625 г. да н. э. мідыйцы паўсталі супраць сакаў і выгналі іх.

Сакі таксама ўзгадваліся ў «Махабхараце»[8] пры апісанні падзей прыкладна таго ж перыяду на паўвостраве Індастан. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што валадарскі род (пазней — каста) Шак’я, з якога паходзіў Гаўтама Буда, браў пачатак ад сярэднеазіяцкіх сакаў[9].

У VI ст. да н. э. падчас пашырэння дзяржавы Ахеменідаў частка сакаў падтрымала Кіра Вялікага, удзельнічала разам з яго войскам у паходах у Малую і Сярэднюю Азію. Аднак, паводле апавядання Герадота[10], Кір загінуў падчас вайны з цэнтральнаазіяцкімі масагетамі, пра якіх ён паведамляў, што «некаторыя лічаць іх таксама скіфскім племем»[11]. Бехістунскі надпіс сведчыць, што сакі былі падпарадкаваны Дарыем I. У персепальскім надпісе Дарыя I узгадваюцца плямёны сака хаўмварга і сака тыграхауда, якія насялялі землі меркавана вакол ракі Сырдар’я. Паміж VI ст да н. э. і II ст. да н. э. сакі прасунуліся ў басейн Ілі, дзе былі зафіксаваны кітайскімі крыніцамі[12].

Сакі ўдзельнічалі ў бітве пры Гаўгамелах на баку персаў[13]. У 329 г. частка сакаў падтрымала паўстанне супраць Аляксандра Македонскага ў Сярэдняй Азіі, але яны былі пераможаны ім у бітве на Яксарце[14], пасля чаго правадыр астатніх сакаў пацвердзіў мір з македонскім валадаром.

У III — II стст. да н. э. сакскія культуры паступова знікаюць у Цэнтральнай Азіі і Сібіры. На ўсходзе сакаў выціскаюць качэўнікі хуну і юэчжы. Клаўдзій Пталемей у I ст. н. э. лакалізаваў месцазнаходжанне масагетаў і сакаў уздоўж Каракарума і Гіндукуша. У I ст. да н. э. — IV ст. н. э. на тэрыторыі сучасных Пакістана, Афганістана і Індыі існаваў шэраг так званых інда-скіфскіх дзяржаў[15], дзе галоўную ролю адыгрывалі валадары сакскага паходжання.

Культура

правіць

Скіфскія і сакскія плямёны Еўразіі займаліся пераважна адгоннай або качавой жывёлагадоўляй. Трымалі коней, авечак і вярблюдаў. Паводле археалагічных і пісьмовых крыніц, частка насельніцтва была ўцягнута ў земляробства, вырошчванне збожжавых культур. Дадатковую ролю адыгрывалі рыбалоўства і паляванне. На поўдні Сібіры здабыча футравых звяроў магла займаць важнае месца для забеспячэння гандлёвых абменаў. Сакскія майстры выраблялі цудоўную кераміку, былі слыннымі збройнікамі, здабывалі і апрацоўвалі розныя металы, у тым ліку золата, жалеза, бронзу. Для металічнай зброі і прылад характэрны так званы «звярыны стыль» упрыгожванняў.

Сакскія археалагічныя культуры Азіі знакаміты пераважна пахавальнымі помнікамі — драўлянымі калодамі або зрубнымі маўзалеямі з каменнымі насыпамі на паверхні. Інгумацыі нябожчыкаў на баку суправаджаліся забеспячэннем іх рознымі рэчамі — вопраткай, пасудзінамі, зброяй, упрыгожваннямі, часам — пахаваннем ахвяраваных людзей і коней. На ацалелых дзякуючы мерзлаце муміях Алтая знаходзяць сляды татуіроўкі, дарагія шаўковыя тканіны. Каля пахаванняў усталёўваліся вертыкальныя так званыя «аленныя камяні», на паверхні якіх часцяком высякалі розныя выявы.

Грамадства сакаў звычайна адносяць да ваеннай дэмакратыі з адметным сацыяльным пластом воінаў на чале з правадырамі. Антычныя і персідскія пісьмовыя крыніцы сведчаць пра тое, што інстытут валадарства перадаваўся па спадчыне і фактычна ўяўляў сабою манархію.

Тапаніміка

правіць

Ад назвы сакаў меркавана паходзяць наступныя тапонімы:

Зноскі

  1. Членова Н. Культуры скифского круга: черты сходства и различия. Саяно-алтайский район в скифском мире // Античная археология и памятники железного века на территории СССР. — М.: Наука, 1993. — С. 4—5.
  2. Unterländer, M., Palstra, F., Lazaridis, I. et al. Ancestry and demography and descendants of Iron Age nomads of the Eurasian Steppe. Nat Commun 8, 14615 (2017)
  3. Stephanie West SCYTHIANS
  4. Герадот, IV:6
  5. Σκύθης (Ancient Greek): meaning, translation
  6. Л. Р. КЫЗЛАСОВ. УЮКСКИЙ КУРГАН АРЖАН И ВОПРОС О ПРОИСХОЖДЕНИИ САКСКОЙ КУЛЬТУРЫ
  7. А. Д. Грач, 1980
  8. Словарь географических и этнических названий // Махабхарата. Книга восьмая. О Карне (Карнапарва). — М.: Наука, 1990. — С. 292.
  9. SHAKYA
  10. Герадот, 1:205
  11. Герадот, 1:201
  12. Taishan Yu A Study of Saka History
  13. The Battle of Gaugamela, 331 BCE
  14. Jaxartes (329 BCE)
  15. Indo-Scythian (Western) Kshatrapas (Sakas)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць