Шматгадовая травяністая расліна з прамым, густа аблісцелым, у верхняй частцы крыху галінастым, рабрыстым сцяблом вышынёй 100—120 см і паўзучым або ўзыходным карэнішчам. Лісце сядзячае, цэльнае, вострае, да асновы клінападобна звужанае, па краях пільчата-зубчастае і каротка-раснічастае, даўжынёй 12—20 см і шырынёй 1,5—4 см. Абгортка двухрадная, кароткаваласістая, з 3—5 лінейнымі знешнімі і 6—12 ланцэтападобнымі, на верхавінцы раснічастымі, з чорнымі плямамі, унутранымі лісцікамі. Язычковыя кветкі (6—8) ярка-жоўтыя, сабраны ў шматлікія кошыкі, якія ўтвараюць шчыткападобнае суквецце. Плод — голая рабрыстая сямянка.
Еўразійскі нізінна-рачны рэліктавы від. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала. Месцы росту: вербнякі і зараснікі іншых хмызнякоў па берагах рэк, поймавых лугоў і ўскрайках балот.
Цвіце ў чэрвені—ліпені, пладаносіць у жніўні—верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Зноскі
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 121. — 160 с. — 2 350 экз. — у крыніцы пад назвай Senecio fluviatilis