Студзяні́[1] — структураваныя (падобныя на цвёрдыя) сістэмы палімеррастваральнік. Для гэтых сістэм часам ужываюць тэрмін «гелі», які ў калоіднай хіміі пазначае скаагуліраваныя золі[2].

Студзяні складаюцца з высокамалекулярных злучэнняў і вадкасцей. Характэрныя ўласцівасці студзянёў — адсутнасць цякучасці, здольнасць захоўваць форму, трываласць і пругкасць. Гэтыя ўласцівасці абумоўлены наяўнасцю прасторавай сеткі макрамалекул, злучаных у асобных «вузлах» сіламі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння або хімічнымі сувязямі рознай прыроды.

Студзяні ўтвараюцца пры набраканні сеткавых палімераў у вадкасці (студзяні I тыпу) ці з раствораў палімераў пры змяненні тэмпературы і складу (студзяні II тыпу)[1]. Тыповыя студзяні — аморфныя гамагенныя сістэмы, якія часам утрымліваюць у вузлах структурнай сеткі драбнюткія крышталічныя вобласці — крышталіты[3].

У студзянях I тыпу вузлы прасторавай сеткі ўтвораны моцнымі папярочнымі хімічнымі сувязямі. Іх абарачальная дэфармацыя абумоўлена энтрапійным эфектам выпроствання і абнаўлення канфігурацыі скручаных участкаў макрамалекулярных ланцугоў паміж «вузламі». Студзяні II тыпу — гетэрагенныя структуры, якія ўзнікаюць пры распадзе гамагенных раствораў палімераў на канцэнтраваную фазу і фазу з нізкай канцэнтрацыяй палімера. Фазавы распад абумоўлены зменай актыўнасці растваральніка пры ўвядзенні ў раствор асаджальніка або рэзкай змены тэмпературы раствору.

Утварэнне студзянёў шырока выкарыстоўваецца ў тэхналогіі пластмас, вытворчасці гумы, хімічных валокнаў, харчовых прадуктаў і распаўсюджана таксама ў біялагічных працэсах.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б БелЭн 2002.
  2. Химическая энциклопедия 1995.
  3. Студни // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць