Сядзіба Рэйнаў (Бабінічы)

Бабінічы

Сядзіба Рэйнаў — колішняя сядзіба ў в. Звёздная Аршанскага раёна Беларусі. Сядзіба не захавалася. Да нашага часу дайшлі элементы парку.

Славутасць
Сядзіба Рэйнаў
54°24′43″ пн. ш. 30°25′12″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Гісторыя правіць

У XVI ст. сядзіба Бабінічы належала Кмітам. Найбольш вядомым прадстаўніком роду з’яўляўся ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Філон Кміта-Чарнобыльскі (каля 1530 — да 1587). У час Інфлянцкай вайны камандаваў войскамі на ўсходняй мяжы дзяржавы. За ваенныя заслугі ў 1566 г. атрымаў прывілей на Чарнобыль і прызначаны аршанскім старастам з абавязкам ахоўваць аршанска-смаленскае памежжа.

У пачатку XX ст. знаходзілася ў Пугляеўскай воласці Горацкага павета і належала адстаўному генерал-маёру Аскару Фёдаравічу Рэйну. Гаспадарка з’яўлялася ўзорнай, вядася аканомам. Усяго ў гаспадарцы было 3,75 тыс. дзесяцін зямлі. 3 іх пад садам, агародам і возерам — 27 дзесяцін, пад сенажацямі — 150 дз., пад лесам і зарасцямі — 2,38 дз., няўдобіц — 188 дз., ворнай — 400 дз. Маёнтак падзяляўся на эканомію і хутар. У гаспадарцы вёўся 8-польны севазварот. Вырошчваліся: азімае жыта (да 40 дз.) прабштэйскае, трысняговае, мясцовае і бесцягорка; яравая пшаніца (5 дз.) чырвонакалоска; ячмень (20 дз.) шэвалье, баварскі, дацкі, чэшскі; авёс (60 дз.) тульскі, шацілаўскі, канадскі, мясцовы, бесцягорка; гарох, віка белая і чорная, лубін, бульба (да 100 дз.) 16 гатункаў (глобус, персікавы цвет, цыбульны цвет, дабера, маскоўка, самсон, імператар, алкаголь, белы велікан, мучны шар, гіганцкі, сіні, ружовы і інш.). У продаж паступала насенне пшаніцы, аўса, бульбы.

Для патрэб гаспадаркі ўтрымліваўся статак коней на 60 галоў розных парод. Меўся статак кароў на 150 галоў: помесь мясцовай і сіментальскай[ru]; свіней (50 галоў): беркшыры[ru] і ёркшыры для адкорму. Малако перапрацоўвалася на масла. Меўся сад (5 дз.), вырошчвалі яблыні антонаўку, цітаўку і інш., грушы, вішні, слівы, ягадныя кусты. Вялася лясная гаспадарка. Пры сядзібе меўся бульба-крухмальны завод, млын мукамольны з турбінай і крупадзёркай.

У пачатку 1990-х гг. заставаліся рэшткі 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць