Варанчанская сядзіба
Варанчанская сядзіба — сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Варонча ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Быў спалены у ноч з 30 красавіка на 1 мая 1943 г. савецкімі партызанамі.
Славутасць | |
Варанчанская сядзіба | |
---|---|
Краіна | |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Стварэнне і разбудова сядзібна-паркавага комплексу
правіцьСядзібу заклаў у 1787 апошні наваградскі ваявода Юзаф Несялоўскі. Панскі дом і два бакавыя флігелі стваралі парадны двор з круглымі газонамі. Архітэктурны комплекс маёнтку дапаўняўся касцёлам Св. Ганны, скарбніцай, броварам, гаспадарчымі забудовамі і паркам.
Сам маёнтак — аднапавярховы прамавугольны драўляны будынак пад высокім мансардавым гонтавым дахам меў пераходны характар ад барока да класіцызму: барочная пластыка даху і яго авальных люкарнаў суседнічала са строгасцю класічнай ордарнай сістэмай, яе порцікамі і пілястрамі. Рытм гарызантальна ашаляваных фасадаў стваралі прамавугольныя вокны і прасценачныя пілястры. Уваходы ў парадную і жылую часткі вылучаныя дзвюма чатырохкалоннымі порцікамі з мансардамі, якія накрывалі двухсхільныя дахі. Памяшканні параднай і жылой паловы дома звязваліся паміж сабою анфіладна. Парадная частка складалася з вялікай залы, вітальні, гасцінай, кабінету і іншых памяшканняў (у некаторых сцены і столь былі ўпрыгожаныя роспісам, кафлянымі печкамі і мармуровымі камінамі). Жылая частка складалася з некалькіх спальняў, алькова і каморы. Пад домам знаходзіўся лабірынт скляпенняў.
Пасля смерці ваяводы ў 1814 г. яго сын Францішак Ксаверый Несялоўскі, генерал польскага войска, памяняў маёнтак на ўладанні генерала Фларыяна Кабылінскага ў Польшчы. Дачка Кабылінскага графіня Раствароўская ў 1844 г. прадала маёнтак Антону Мержаеўскаму. Дачкой Антона Мержаеўскага была Ізабэла (1876—1943), якая выйшла за Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) і так маёнтак Варонча стаў зямельнай уласнасцю Любанскіх (да 1939 г.). Іх дачка Аляксандра Аляксандраўна Любанская (1894—1943) выйшла замуж за Адама Чарноўскага (1876—1941). У 1939 г., калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, маёнтак Варонча быў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Любанскім.
Знішэчнне сядзібы
правіцьУ час акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі з 1941 г. Ізабэле Любанскай і яе дачцэ Аляксандры Чарноўскай з мужам і дзецьмі, як адміністратарам іх былой маёмасці, нямецкай уладай было дазволена жыхарстваваць у маёнтку Варонча. Яны ўключыліся ў падпольную дзейнасць Арміі Краёвай і падтрымлівалі ўсіх, каму была патрэбна дапамога, у тым ліку яўрэяў, якія хаваліся ад немцаў у ваколіцы, і збеглых савецкіх ваеннапалонных[1]. У ноч з 30 красавіка на 1 мая 1943 г. трымальнікі сядзібы Варонча (8 чалавек — у тым ліку Ізабела Любанская (з роду Мержаеўскіх) (1876—1943), Аляксандра Чарноўская (з роду Любанскіх) (1894—1943), яе сын Юзаф Адамавіч Чарноўскі разам з жонкай Ядвігай і іх дзецьмі) былі забітыя савецкімі партызанамі ў сядзібным доме, а сам дом падпалілі[2][3][4][5]. Сядзіба ў Варончы была спалена разам з касцёлам. У жывых партызаны пакінулі толькі аднаго сына Аляксандры Чарноўскай — сляпога юнака Антонія Адамавіча Чарноўскага (1919—1985/1989), які пасля Другой сусветнай вайны застаўся жыць у Варончы, быў добры музыкант[6], зарабляў на жыццё музыкай на вяселлях і іншых падзеях, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Вацлавай (якая добра спявала і памагала мужу зарабляць музыкай) і быў пахаваны жонкай у Варончы на парафіяльных могілках. Побач з магілай Антонія Адамавіча Чарноўскага ў Варончы пахавана і яго жонка Вацлава Сяргееўна Чарноўская (03.03.1924—11.11.2006).
Да сёння захаваліся бровар, касцёл і фрагменты парку. Ад колішняй сядзібы засталася толькі частка муру.
Зноскі
- ↑ WOROŃCZA(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2022. Праверана 4 чэрвеня 2022.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — 1991. — Cz. 1. — T. 2. — S. 401—402.
- ↑ Sygn. akt S 57.2009.Zk - Instytut Pamięci Narodowej - Szczecin(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2019. Праверана 30 мая 2022.
- ↑ WOROŃCZA. Obwód Grodzieński
- ↑ Zbiorowa mogiła ostatnich właścicieli dworu w Worończy
- ↑ Niewidomy muzyk z Worończy
Літаратура
правіць- Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко ; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
Спасылкі
правіць- Сядзіба Любанскіх у в. Варонча на Radzima.org
- WOROŃCZA Архівавана 18 мая 2022.