Таварыства з’яднаных славян

Таварыства з'яднаных славян — тайная рэвалюцыйная арганізацыя, створаная ў пачатку 1823 г. у г. Наваград-Валынскі на аснове «Таварыства сяброў прыроды» братамі афіцэрамі А. І. і П. І. Барысавымі і палітычным ссыльным Ю. К. Люблінскім.

ПраграмаПравіць

Мяркуючы па праграмных дакументах («Катэхізіс», «Клятвеннае абяцанне»), таварыства выступала паслядоўным праціўнікам прыгоннага права (для выкупу сялян выдзялялася частка грошай з грамадскай сумы), адмоўна ставілася да саслоўнага ладу і самадзяржаўя, выступала за ўвядзенне «дэмакратычнага прадстаўнічага праўлення», было утапічным праціўнікам багацця. Дамагчыся ўмоў выканання сацыяльных рэформ таварыства збіралася шляхам узброеннага паўстання з удзелам народа. Для гэтага члены таварыства праводзілі агітацыю сярод салдат, планавалі ствараць вясковыя вучылішчы, каб уплываць на палітычную актыўнасць сялян, і г.д. Галоўная мэта таварыства — аб’яднанне ўсіх славянскіх плямён і некаторых суседніх народаў (Расія, Польшча, Багемія, Маравія, Венгрыя з Трансільваніяй, Сербія, Малдавія, Валахія, Далмацыя) у адну федэратыўную рэспубліку. Меркавалася, што кожны народ будзе мець дэмакратычную канстытуцыю з улікам нацыянальных асаблівасцей.

ГісторыяПравіць

Уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, службоўцы, усяго больш за 50 членаў, сярод іх І. І. Гарбачэўскі і І. І. Іваноў (сакратар таварыства). Кожны, хто ўступіў у таварыства, даваў на мячы клятву, складзеную на аснове карбанарскіх клятваў: «Для вызвалення сябе ад тыранства і для вяртання свабоды, такой каштоўнай для роду чалавечага». У верасні 1825 г. таварыства па прапанове С. І. Мураўёва-Апостала і М. П. Бястужава-Руміна аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў на аснове яго праграмы. 3 таварыства былі створаны 2 управы адну склалі артылерысты, другую — пехацінцы. Пасрэднікамі паміж Славянскімі ўправамі і Паўднёвым таварыствам сталі Гарбачэўскі і М. М. Спірыдаў. Не менш чым 12 «славян» запісалася ў атрад царазабойцаў, які склаў Бястужаў-Румін. 26 членаў таварыства ў 1826 г. асуджаны Вярхоўным крымінальным судом па справе дзекабрыстаў.

ЛітаратураПравіць

  • Восстание декабристов: материалы. Т. 6. — М. —Л.: ГИЗ, 1929. — 406 с.
  • Горбачевский, И. И. Записки, письма. — М.: Изд-во АН СССР, 1963. — 354 с., 3 л. ил. — (Литературные памятники).
  • Нечкина, М. В. Движение декабристов: [в 2 т.] / АН СССР, Ин-т истории. Т. 2. — М.: Изд-во АН СССР, 1955. — 506 с.
  • Нечкина, М. В. Общество соединенных славян. — М. —Л.: Госиздат, 1927. — 244 с. — (Центрархив. «Восстание декабристов»: исследования).
  • Швед, В. В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў / БелНДІДАС; Навук. рэд. П. І. Брыгадзін. — Мн.: [Б. в.], 1998. — 131 с.: іл. — ISBN 985-6099-38-2.
  • Швед, В. Таварыства з'яднаных славян / Вячаслаў Швед // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 491—492. — ISBN 985-11-0214-8.