Тарнагродская канфедэрацыя
Тарнагро́дская канфедэра́цыя[1][2] — саюз пераважна сярэдняй шляхты Рэчы Паспалітай, накіраваны супраць абсалютысцкіх планаў караля польскага і вялікага князя літоўскага, адначасова курфюрста саксонскага Аўгуста II Моцнага.
Стварэнню Тарнагродскай канфедэрацыі папарэднічала ўвядзенне каралём у 1713 годзе на тэрыторыю Рэчы Паспалітай саксонскіх войскаў[2]. Гэта абгрунтоўвалася неабходнасцю абароны ад турэцкіх войскаў, а фактычна — з мэтай ўмацавання каралеўскай улады. У 1714 годзе ў Малой Польшчы пачаліся паўстанні шляхты супраць каралеўскага абсалютызму і сялянскія паўстанні супраць рабункаў саксонскіх жаўнераў[2]. Паўстанні былі задушаны.
26 лістапада 1715 года ў горадзе Тарногруд (Люблінскае ваяводства) праціўнікі караля стварылі Тарнагродскую канфедэрацыю на чале са Станіславам Ледухоўскім. Мэтай канфедэрацыі ставіўся вывад саксонскіх войскаў з Рэчы Паспалітай, дэтранізацыю караля Аўгуста і замацаванне шляхецкіх вольнасцей. Цар Пётр I, які быў саюзнікам Аўгуста II у Паўночнай вайне, не жадаючы ўмацавання яго ўлады, падтрымаў Тарнагродскую канфедэрацыю і ўвёў у Рэч Паспалітую войскі. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага ў падтрымку Тарнагродскай канфедэрацыі 23 сакавіка 1716 года ў Вільні стварыла Віленскую канфедэрацыю.
Канфедэраты змагаліся супраць каралеўскіх і саксонскіх войскаў. Пасля года баявых дзеянняў Пётр I выступіў пасрэднікам паміж канфедэратамі і каралём. Пасля перагавораў і пад націскам расійскіх дыпламатаў 13 лістапада 1716 года ў Варшаве было падпісана пагадненне паміж Тарнагродскайканфедэрацыяй, Віленскай канфедэрацыяй і каралём Аўгустам. 30 студзеня 1717 года пагадненне было ратыфікавана і 1 лютага 1717 года зацверджана «Нямым соймам». У выніку гэтага саксонскія войскі выводзіліся за межы Рэчы Паспалітай, абмяжоўвалася ўлада караля і правы гетманаў, замацоўваўся прынцып Liberum veto пры галасаванні ў сойме. Кароль не мог прымаць рашэнні без згоды Сената і дэпутатаў[2]. Шляхцічам-дысідэнтам (некатолікам[2]) забаранялася займаць дзяржаўныя пасады. Кароннае польскае войска скарачалася да 18 тысяч чалавек, а войска Вялікага Княства Літоўскага да 6 тысяч. Узмацніўся палітычны ўплыў Расійскай імперыі на ўнутраныя справы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Зноскі
правіцьЛітаратура
правіць- Грыцкевіч А. П. Тарнагро́дская канфедэра́цыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 442. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Грыцкевіч А. Тарнагро́дская канфедэра́цыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 506. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Тарногро́дская конфедера́ция // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 280. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Грыцкевіч А. Тарнагродская канфедэрацыя // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 659. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Konfederacja tarnogrodzka i jej tradycje. Tarnogród: [s.n.], 1995. ISBN 83-904884-0-X. s. 22-23.