Тафалары (саманазва тофа, тоха «чалавек») — карэнны народ Паўднёвай Сібіры. Кампактна насяляюць горна-таёжную тэрыторыю Ніжнеўдзінскага раёна Іркуцкай вобласці Расіі.

Тафалары
(тофа, тоха)
Агульная колькасць 837
Рэгіёны пражывання Расія
Мова тафаларская
Рэлігія Праваслаўе, шаманізм
Блізкія этнічныя групы Тувінцы, шорцы, саёты

Паходжанне і гісторыя правіць

Продкамі тафалараў з’яўляліся прадстаўнікі цюркскага племені тубо (дубо), якія ўзгадваліся кітайскімі пісьмовымі крыніцамі з V ст. н.э. Мова, матэрыяльная культура і назвы некаторых родаў тафалараў сведчаць таксама пра ўплыў на іх з боку самадыйскага і енісейскага насельніцтва. Аднымі з папярэднікаў тубо на поўначы Саянаў з’яўляліся самаеды-карагасы. Назву карагасаў доўгі час ужывалі ў дачыненні да ўсіх тафалараў.

У адрозненне ад суродзічаў тувінцаў-тоджа, тафалары рана патрапілі пад уплыў рускіх. У 1648 г. рускія казакі пабудавалі на іх тэрыторыі Удынскі астрог. Тафалары былі абкладзены ясаком, які выплочвалі згодна завышанай намінальнай, а не рэчаіснай колькасці паляўнічых.

У XIX ст. царская адміністрацыя стварыла 5 тафаларскіх улусаў, якія фактычна мелі права самакіравання. У 1931—1950 гг. існаваў Тафаларскі нацыянальны раён. Пасля калектывізацыі большасць насельніцтва пачала весці аселы лад жыцця.

Сёння агульная колькасць тафалараў у Расіі — 837 чал. (2010 г.).

Традыцыйная культура правіць

Асноўным гаспадарчым заняткам доўгі час з’яўлялася паляванне на капытных і футравых звяроў. Палявалі як у адзіночку, так і гуртам, з дапамогай сабак. Былі распаўсюджаны аблавы і ямныя пасткі. Доўгі час паляванне лічылася мужчынскай справай, але ў XX ст. да яго актыўна далучыліся некаторыя жанчыны. Аленяў трымалі пераважна для транспартыроўкі, але таксама пілі іх малако, рабілі з яго [што гэта?]. У XIX ст. у заможных тафалараў з’явіліся коні. Істотную ролю адыгрывала збіральніцтва дзікіх ядомых і лекавых траў і карэнняў. Восенню назапашвалі кедравыя арэхі. Распаўсюджаныя рамёствы — кавальская і гарбарная справы, апрацоўка драўніны, бяросты, рогу аленя і г. д.

Да сярэдзіны ХХ ст. тафалары вялі паўкачавы вобраз жыцця. Асноўным жытлом быў канічны чум з тычак. Улетку яго накрывалі бяростай, узімку — ласінымі і аленевымі скурамі. Левы бок чума лічыўся мужчынскім, а правы — жаночым. Пасля пераходу да аселасці пачалі будаваць зрубныя хаты.

Мужчыны і жанчыны насілі вопратку амаль аднолькавага крою. Узімку хадзілі ў футрах мехам унутр. Адзявалі яе на голае цела. Улетку — халат з аленевай скуры. Шылі кашулі з рускіх і кітайскіх тканін. Для майстравання вопраткі і ботаў куплялі ў буратаў і тувінцаў аўчыны. Жанчыны багата ўпрыгожваліся пярсцёнкамі, бранзалетамі, футрам вавёркі і собаля.

Кожная малая сям'я ёг ишти валодала аленямі, прыладамі працы, хатнімі рэчамі, жытлом, аднак яны аб’ядноўваліся па бацькоўскаму прынцыпу ў роды, якія распараджаліся паляўнічымі і качавымі ўгоддзямі. Роды, у сваю чаргу, уваходзілі ў буйную родава-тэрытарыяльную групу (усяго іх налічвалася восем, яны мелі судовыя і некаторыя кіруючыя функцыі).

Распаўсюджаныя формы вуснай народнай творчасці тафалараў — легенды, чароўныя казкі, казкі пра жывёл, лірычныя спевы.

Мова правіць

Тафаларская мова адносіцца да цюркскай моўнай групы, блізкая да мовы тувінцаў. Мае 2 гаворкі. У выніку русіфікацыі ў XX ст. амаль была згублена, аднак з 1980-х гг. адзначаецца цікавасць тафалараў да яе адраджэння. Тафаларская пісьмовасць на аснове кірыліцы была распрацавана ў 1970-х гг., аднак першы падручнік «Тоъфа букварь» быў выдадзены толькі ў 1989 г.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў — праваслаўныя. Аднак доўгі час захоўваўся шаманізм. Шаманамі маглі стаць мужчыны і жанчыны. У асноўным шаманская практыка датычылася лячэння хвароб.

Спасылкі правіць