Таўкачыкі (танец)
«Таўка́чыкі»[1][2] — старадаўні беларускі народны танец (танец-гульня[1]).
Таўкачыкі | |
---|---|
Кірунак: | народны танец, танец-гульня |
Памер: | 2/4 |
Тэмп: | ад умеранага да жвавага |
Вытокі: | беларускія |
Паджанры: | |
гульня-карагод, ілюстравана-выяўленчы гульнявы танец |
Танец імітуе працэс абівання і таўчэння зерня ў ступе. Музычны памер 2/4. Тэмп ад умеранага да жвавага[2]. Вядомы ў двух харэаграфічных варыянтах: гульня-карагод, ілюстравана-выяўленчы гульнявы танец[1].
Найбольш старажытны варыянт уяўляў сабой сольны імправізаваны танец, у якім выканаўца з двума таўкачамі ці кіямі ў руках імітаваў працоўны працэс: пастукваў кіямі, прытупваў і прыпяваў[2]. Часам выканаўца падскокваў як мага вышэй, станавіўся на рукі[2].
Шырокае распаўсюджанне атрымаў варыянт танца гульня-карагод, што выконваўся на крыжы, які ўтваралі дзве пакладзеныя на падлогу доўгія лучыны, вілы і чапяла або простыя кіі. Адзін, пapa ці група танцораў пад песню ці прыпеўку пераскоквалі ў рытме музыкі з квадрата ў квадрат рознымі спосабамі: па-дэ-баскам, на адной ці дзвюх нагах, з адной нагі на другую і іншымі[2], стараючыся не закрануць рэчаў, якія ўтвараюць крыж на падлозе. Танцавальны варыянт таўкачыкаў мае тую ж сэнсавую нагрузку, але можа выконвацца сола ці парамі ў суправаджэнні песні, прыпевак або пад акампанемент дудкі са скрыпкай[1].
Танец «Таўкачыкі» найбольш распаўсюджаны на тэрыторыі сучасных Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей Беларусі. Танцы на крыжы, падобныя на «Таўкачыкі», бытавалі ў розных рэгіёнах Беларусі: «Лучыніца», «Заёнец», «Магера», а часам і «Мікіта»[2]. Падобныя танцы вядомы ў некаторых народаў Прыбалтыкі[1].
У 1913 годзе танец «Таўкачыкі» быў выкарыстаны ў спектаклі па п’есе Янкі Купалы «Прымакі», у 1920-я гады ў спектаклі БДТ па п’есе «Машэка» Е. Мірановіча (у пастаноўцы К. Алексютовіча) і ў 1984 годзе ў аднайменнай пастаноўцы на Беларускім тэлебачанні[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Яшчанка В. М. «Таўка́чыкі» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 459. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Чурко Ю. М. «Таўка́чыкі» // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 493. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.