Тэадор Антоні Ваньковіч
Тэадор Антоні Ваньковіч (польск.: Teodor Antoni Wańkowicz, ? — 15 ліпеня 1716) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік і падстароста судовы менскі (1689—1716).
Тэадор Антоні Ваньковіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
польск.: Teodor Antoni Wańkowicz | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Марцін Казімір Валадковіч | ||||||
Пераемнік | Андрэй Бенедыкт Карніцкі | ||||||
Нараджэнне | невядома | ||||||
Смерць | 15 ліпеня 1716[1] | ||||||
Род | Ваньковічы | ||||||
Бацька | Пётр Ваньковіч | ||||||
Маці | Ганна з Дунін-Глушынскіх[d] | ||||||
Жонка | Ганна Войшнар, Феліцыяна Эйдонаўна | ||||||
Дзеці |
Стэфан Антоні Соф’я Алена Кацярына Францішка Калумба |
Біяграфія
правіцьЗ роду Ваньковічаў герба «Ліс зменены», сын менскага войскага Пятра і ваўкавыскай харунжычанкі Ганны Дунін-Глушынскай.
У 1671—1676 гадах узгадваецца як падчашы пінскі. Каля 1685 стаў менскім стольнікам, а ў 1689 годзе — падстаростам судовым. Гэтыя дзве пасады трымаў да канца жыцця. Таксама быў старостам падусвяцкім і рушаўскім. Пяць разоў засядаў у Трыбунале ВКЛ у 1682, 1686, 1691, 1701 і 1709 (у гэтым годзе быў маршалкам кола Compositi judicii) гадах. Часта бываў кіраўніком на сойміках і судах фіскальных. У Менску заснаваў кляштары кармелітаў і баніфратаў. Ахвяраваў значныя сродкі менскім францысканцам. Быў фундатарам мноства іншых кляштараў, у тым ліку тых жа законаў у Івянцы (Касцёл Святога Міхаіла Арханёла).
Згодна з Юзафам Вольфам, незадоўга да смерці атрымаў ад караля Аўгуста II прывілей на менскае кашталянства. Але нават калі прывілей і меў месца, Тэадор Ваньковіч не здолеў замацавацца на пасадзе кашталяна, бо з 1713 яе займаў Даніэль Выгоўскі. Ваньковіч застаўся стольнікам і падстаростам менскім, на гэтых пасадах і памёр пасля доўгай хваробы 15 ліпеня 1716.
Сям'я
правіцьБыў жанаты з дачкой лідскага земскага пісара Ганнай Войшнар і меў ад яе двух сыноў, Стэфана і Антонія, якія рана памёрлі, і пяць дачок:
- Соф'ю, жонку менскага войскага Францішка Валадковіча;
- Алену, жонку новагародскага земскага суддзі Яна Багуслава Рдултоўскага;
- Кацярыну, жонку вількамірскага скарбніка Яна Ярмаловіча;
- Францішку, якая была ксеніяй менскага закона Св. Бенедыкта;
- Калумбу, якая стала прэорыцай гэтага ж кляштара.
Зноскі
- ↑ Чарняўскі Ф. Ураднікі Менскага ваяводства XVI—XVIII стст. Біяграфічны даведнік. Выпуск I (стольнікі, падстоліі, лоўчыя і струкцасы) — Мн.: 2007. — С. 58. — 224 с.
Літаратура
правіць- Niesiecki K. Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839—1846
- Ваньковічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 684. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Чарняўскі Ф. Ураднікі Менскага ваяводства: біяграфічны даведнік, выпуск 1, с. 54. Мінск, 2007