Тэмі (саманазва Batemi), таксама вядомыя як сонджа (суахілі: Wasonjo) — народ ва Усходняй Афрыцы. Жывуць на поўначы Танзаніі каля ўсходняга адхону Вялікага Рыфту, недалёка ад возера Натрон. Агульная колькасць (2023 г.) — 60 000 чалавек[1].

Тэмі
(Batemi)
Агульная колькасць 60000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Танзанія
Мова кітэмі
Рэлігія монатэізм, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы меру, кікую, камба

Паходжанне правіць

Тэмі — адзін з народаў банту, які размаўляе на мове, блізкай да моў меру і камба. Мяркуецца, што продкі тэмі перасяліліся на землі сучаснай паўночнай Танзаніі праз тэрыторыю Кеніі не пазней за сярэднявечча. Яны здаўна практыкуюць ірыгацыйнае земляробства і, паводле адной з гіпотэз, мелі прамое дачыненне да будаўніцтва Энгарукі. У міфах саміх тэмі месцам іх першапачатковага жыцця часцей называюцца землі на поўнач ад возера Натрон.

Культура правіць

Тэмі насяляюць засушлівую мясцовасць, дзе большасць рэк перасыхае двойчы на год. Тым не меней, іх асноўным заняткам з’яўляецца земляробства. Яны практыкуюць так званае «абрашэнне па барознах», неглыбокіх каналах, што адводзяць ваду ад крыніц і ручаёў рыфтавага схілу на іх палеткі. Прэсная вада здаўна мае сакральны сэнс. Дзякуючы ёй тэмі вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, гародніну. Асноўныя камерцыйныя прыбыткі прыносіць продаж цыбулі. Зямлю апрацоўваюць завостранымі каламі. Мужчыны рыхтуюць палеткі да эксплуатацыі, высякаюць хмызнякі, рыюць «барозны». Астатняя праца на зямлі лічыцца жаночай.

Другі важны занятак — адгонная жывёлагадоўля. Ён не дае сталых прыбыткаў, але мае надзвычайнае сацыяльнае значэнне. Жывёлу пасвяць выключна мужчыны, яна выкарыстоўваецца як чыннік дабрабыту, абмен жывёлай паміж гаспадарамі азначае ўсталяванне сяброўскіх або саюзных адносін. Жывёльным гноем угнойваюць палеткі. Дадатковыя заняткі — паляванне і збіральніцтва.

Асноўны тып паселішча — вёскі каая. Яшчэ ў першай палове XX ст. іх налічвалася толькі 6. Агульная колькасць насельніцтва кожнай не перавышала 600—700 чалавек. Каая мелі раскіданую планіроўку, звычайна будаваліся на схілах. Узводзіліся знешнія ўмацаванні як перасцярога ад нападу масаяў. Тыповае жытло ўяўляла круглявую каркасную хаціну, крытую саломай. У склад каая абавязкова ўваходзілі свяшчэнныя гаі і крыніцы з пітной вадой. Межы паміж землямі пэўнай вясковай абшчыны і суседзямі былі размытымі, што з цягам часу з-за павелічэння насельніцтва і імкнення да стварэння новых палеткаў прывяло да канфліктаў як паміж абшчынамі саміх тэмі, так і з масаямі.

У мінулым тэмі амаль не карысталіся вопраткай, у прахалоднае надвор’е ахіналіся накідкамі з каровінай скуры. У нашы дні ў паўсядзённым побыце карыстаюцца еўрапейскім адзеннем, падчас святаў апранаюць строі, падобныя на масайскія, дзе асноўныя элементы — плашч накшталт тогі або кароткая спадніца. Мужчыны і жанчыны маюць шмат упрыгожванняў. Падлеткі і маладыя мужчыны маюць доўгія валасы, жанчыны, наадварот, часцяком голяць галаву.

Асноўная сацыяльная арганізацыя — сельская абшчына, якая кантралюе прылеглыя тэрыторыі. У тэмі маецца разуменне прыватнай маёмасці на апрацаваныя ўгоддзі, аднак яна адносная, паколькі іх утрыманне цалкам залежыць ад узаемнай суседскай дапамогі і абшчыннай сеткі «барознаў». На чале абшчыны стаяць рады старэйшын этонга. У іх руках знаходзіцца не толькі свецкая, але і рэлігійная ўлада. Важная функцыя старэйшын — арганізацыя святаў і абрадаў. Суды адбываюцца паводле звычаёвага права гітэмі.

Сем’і кіруюцца бацькам. Адлік сваяцтва толькі па мужчынскай лініі. Распаўсюджаны звычай палігініі. Вылучаецца некалькі родавых супольнасцей, раскіданых паміж рознымі вёскамі. Кожная з іх мае пэўны сацыяльны статус, вышэйшы або ніжэйшы за астатнія. Шлюбы знутры роду забаронены. У астатнім родавыя адносіны амаль не ўплываюць на грамадства. Большую ролю адыгрываюць бекарані — нефармальныя саюзы мужчын аднаго ўзросту, якія разам праходзяць падлеткавую ініцыяцыю. Адносіны знутры іх будуюцца на прызнанні аўтарытэту пэўных правадыроў, сяброўстве і ўзаемнай дапамозе.

Тэмі імкнуцца захоўваць традыцыйную культуру і адмоўна ставяцца да вонкавага ўплыву. Яны вядомы маляўнічымі традыцыйнымі святамі, звязанымі з земляробчым календаром. Падчас іх арганізуюцца супольныя танцы. Музычнае мастацтва адметна перавагай рытмікі. У фальклоры асаблівае месца займаюць міфічныя і гістарычныя паданні нгана-я-кала. Папулярна постаць бога і культурнага героя Гамбагеу.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія тэмі заснавана на шанаванні бога Мугвэ, які разглядаецца як заснавальнік сусвету і адначасова як сам сусвет. Іншыя значныя багі, сярод якіх асабліва вылучаюцца Сонца і Месяц, у той ці іншай ступені з’яўляюцца яго ўвасабленнямі. Тэмі вераць, што іх жыццё падтрымліваецца дзякуючы гітэмі — звычаёваму праву, што мае сакральны характар. Любыя парушэнні гітэмі прыводзяць да небяспечных наступстваў. Важную ролю адыгрываюць рытуалы, у тым ліку ахвярапрынашэнні.

У нашы дні сярод тэмі працуюць каталіцкія і пратэстанцкія місіянеры. Тым не меней, большасць працягвае прытрымлівацца традыцыйных вераванняў.

Зноскі

Спасылкі правіць