Узнагаро́ды Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі ўручаліся і ўручаюцца ўладамі рэспублікі, у прыватнасці Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. У 2016 годзе Рада БНР заявіла пра аднаўленне ўручэння ўзнагародаў, а ў 2018 годзе — пра заснаванне юбілейнага медаля ў гонар стагоддзя БНР.

Першыя ўзнагароды правіць

  • Жалезны «Крыж за Бацькаўшчыну». Зацверджаны ў 1918 годзе. Узнагароджваліся асобы — змагары за Беларускую Народную Рэспубліку.
  • Полацкі Беларускі крыж. Зацверджаны Радай БНР 26 студзеня 1920 года. Меў пяць ступеняў з дзяленнем на дзве катэгорыі — вайсковую і цывільную. Ордэн меў шасціканцовую форму і быў пакрыты белай эмаллю з пазалочанымі кантамі. Надаваўся для ўзнагароджання як у вайсковы, так і ў мірны час «за асаблівыя заслугі грамадзянам БНР перад Бацькаўшчынаю».

Сучасныя ўзнагароды правіць

1 верасня 1949 года дэкрэтам прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка быў заснаваны шэраг узнагародаў. Дэкрэт усталёўваў статутную камісію ў складзе:

Статуты, распрацаваныя камісіяй, былі зацверджаныя 5 жніўня 1951 года. Узнагароды прызначаліся як для вайскоўцаў, так і для цывільных «заслужаных беларусаў».

  • Ордэн Пагоні. Зацверджаны 1 верасня 1949 года, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 года. Мае пяць класаў (ступеняў). Выконваецца з золата ці срэбра, вешаецца на бел-чырвона-белай стужцы. У цэнтры выява Пагоні, на шырокіх промнях крыжа літары «БНР», на цэнтральным верхнім промні пазначаная ступень. На адваротным баку — парадкавы нумар. Найвышэйшая ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі, надавалася «асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцця незалежнасці, аб'яднання ўсіх беларускіх земляў, або да ўзмацавання незалежнасці і росквіту беларускай дзяржавы». Сярод узнагароджаных — генерал Міхал Вітушка. 24 лістапада 2022 года Рада БНР абвясціла пра абнаўленне Статута Ордэна Пагоні і заснаванне Медаля Ордэна Пагоні.[1]
  • Ордэн Зялезнага Рыцара. Зацверджаны 1 верасня 1949 года, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 года. Мае пяць ступеняў: Вялікі Крыж, Камандорскі Крыж, Кавалерыйскі Крыж, Залаты Крыж, Срэбны Крыж. Вешаецца на стужцы чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колераў. Шаблі на стужцы з таго ж металу, што і на ордэне. На трох горных промнях — літары «БНР». На адваротным баку — парадкавы нумар. Надаваўся за «выдатныя ваенныя ўчынкі».
  • Медаль Партызана. Зацверджаны 1 верасня 1949 года, першыя ўзнагароджаныя з 5 жніўня 1951 года. Мае дзве ступені, выконваецца адпаведна з золата і срэбра. Стужка — чырвона-зямельна-зялёная. На стужцы медаля I ступені два скрыжаваных ружжа. На відавым баку ў коле два скрыжаваных ружжа, над імі літары «БНР». На адваротным баку парадкавы нумар. Надаваўся «беларусам, якія змагаліся ў радах Беларускай нацыянальнай партызанкі за незалежнасць Беларусі супраць акупантаў».

У 2016 годзе XXIX сэсія Рады БНР пацвердзіла дзейнасць уведзеных у 1949 годзе ўзнагародаў і заявіла аб будучых зменах у іхныя статуты.

Зноскі