Адкрыць галоўнае меню

Уладзіслаў Іванавіч Сіліч

(Пасля перасылкі з Уладзіслаў Сіліч)

Уладзіслаў Іванавіч Сіліч (190430 верасня 1944) — беларускі шахматыст, першы ў Беларусі майстар спорту СССР па шахматах (1929). Шматразовы чэмпіён Віцебска. Пераможца 3-х чэмпіянатаў БССР (1928, 1934, 1937). Удзельнік 6-га чэмпіянату СССР (Адэса, 1929), а таксама апошняга даваеннага паўфіналу чэмпіянату СССР (Растоў-на-Доне, чэрвень 1941; не завершаны). Чэмпіён ЦК прафсаюза дзяржустаноў (1938). Загінуў у барацьбе супраць гітлераўскіх захопнікаў.

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў 1904 годзе на станцыі Тапу недалёка ад Таліна ў сям'і юрыста (паводле іншых звестак — у вёсцы Ведк Метсіўскага павета Эстоніі). Бацька — Іван Мікалаевіч, беларус родам з сучаснага Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Маці — Яўгенія Савінаўна, таксама беларуска. Пасля сям'я пераехала ў Віцебск. Шахматную тэорыю асвойваў самастойна, выпісваў кнігі і перыёдыку. Неўзабаве стаў адным з лепшых шахматыстаў Віцебска і Беларусі. У 1927 годзе ў складзе каманды Беларусі перамог у камандным першынстве СССР. У 1928 годзе ў Мінску праходзіў IV Усебеларускі з'езд шахматыстаў і шашыстаў з прыстойным складам удзельнікаў: чэмпіён СССР Пётр Раманоўскі, чэмпіён БССР Канстанцін Выгадчыкаў і іншыя. Сіліч падзяліў у турніры 1-3-е месцы. У 1929 г. пасля ўдалага выступлення ў чэмпіянаце СССР (адборачная група) яму было прысвоена званне майстра спорту па шахматах. У 1935 г. Сіліч быў пераведзены ў першую катэгорыю. У 1939 г. ён вярнуў сабе званне майстра, паспяхова выступіўшы ва Усесаюзным турніры кандыдатаў у майстры (Растоў-на-Доне). У 1930-я гг. Сіліч працаваў бухгалтарам Віцебскага абласнога спарткамітэта. Актыўна гуляў у шахматы па перапісцы; разам з масквічом А. Чысцяковым выйграў Першы ўсесаюзны турнір па перапісцы майстроў і першакатэгорнікаў (люты 1935 — снежань 1936) — фактычна, першы завочны чэмпіянат СССР па шахматах. У другім такім турніры, завершаным у 1940 г., Сіліч заняў 3-е месца з вынікам 8 з 12.

Удзельнічаў у аб'яднанні Беларусі ўвосень 1939 г. Зноў быў прызваны ў Чырвоную Армію 4 студзеня 1942 г. Данілаўскім райваенкаматам Пензенскай вобласці РСФСР. Першы медаль атрымаў у час аперацыі «Баграціён» — «За адвагу», 24 чэрвеня 1944 г. За ўдзел у баях за Столін у якасці старшага радыста батарэі быў прадстаўлены да ордэна «Чырвоная зорка», аднак 15 ліпеня 1944 г. выйшаў загад па 397-й дывізіі аб узнагароджанні Сіліча медалём «За баявыя заслугі». 30 верасня 1944 г. малодшы сяржант Сіліч быў забіты на тэрыторыі Латвіі. Пахаваны ля вёскі Гудрэны, недалёка ад горада Сігулды.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
  • Рубінчык, Вольф. З гісторыі Беларусі шахматнай. Мінск: Шах-плюс, 2012. С. 24—34.
  • Рубінчык, Вольф. Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні. Мінск: Шах-плюс, 2014. С. 71—72.

СпасылкіПравіць