Успенскія могілкі (Магілёў)
Успе́нскія могілкі — абмежавана дзеючыя могілкі ў Магілёве, размешчаныя ў пачатку вуліцы Леванеўскага, каля вуліцы Чалюскінцаў. Вядомыя з XVI ст. Закрыты для пахаванняў у 1971 годзе. Плошча складае 2,6 га[1].
Успенскія могілкі? | |
---|---|
53°53′43″ пн. ш. 30°18′38″ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | |
Краіна | |
Вобласць | Магілёўская вобласць |
Горад | Магілёў |
Гістарычны раён | Завалле |
Гісторыя | |
Дата закрыцця | 1971 |
Плошча | 2,6 га |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Успенскія могілкі вядомыя яшчэ з ХVI ст. Назва Успенскіх могілак паходзіць ад Успенскай царквы, якая размяшчалася непадалёк[2].
Лічыцца, што тут знаходзіцца найстарэйшае неідэнтыфікаванае пахаванне ў Магілёве[2], выяўленае напачатку 1990-х гадоў мінскім археолагам Мікалаем Бычковым[3]. Надмагілле прадстаўлена ў выглядзе каменнай пліты з пясчаніку[3], якая ляжыць на зямлі. На пліце высечаны герб: нямецкі чатырохчастковы шчыт. У правым кантоне главы праглядаюцца дзве стралы, павернутыя ўверх. У другім і ў трэцім — тры папярочныя палоскі (верхняя — доўгая, другая — трохі карацей, трэцяя — самая кароткая), у чацвёртым поле — дзве лілеі, павернутая ўверх. Выразна бачныя карона і клейнод. Фігур звяроў, якія трымаюць шчыт, на помніку няма. Уверсе пліты бачныя літары A.H.W.[4]. Пліта расколатая на 3 часткі, герб дрэнна праглядаецца. Пахаванне было абнесена плотам, пастаўлена надпіс «Гісторыка-архітэктурная каштоўнасць ахоўваецца дзяржавай». Паводле меркавання кандыдата гістарычных навук І. А. Пушкіна, гэтае пахаванне адносіцца да XVI ст. і належыць аднаму з прадстаўнікоў роду Валовічаў[2][4].
Іншыя намагільныя помнікі ўзніклі не раней за другую палову XIX стагоддзя. На Успенскіх могілках пахаваныя пераважна прадстаўнікі гарадской праваслаўнай знаці, але ёсць і пахаванні пратэстантаў[3].
У канцы 1930-х гг. у капліцу на Успенскіх могілках перавезлі каля 7 тыс. прадметаў з Музея гісторыі рэлігіі і атэізму, перавезеных з узарванага Іосіфаўскага сабора, што складала прыкладна чвэрць ад колішніх фондаў (астатняе было знішчана і разрабавана), дзе яны згарэлі летам 1941 г.[5].
У 1939 годзе праваслаўныя вернікі Магілева збіраліся на Успенскіх могілках, дзе маліліся побач з «могілкавай царквой»[6]. У час Вялікай Айчыннай вайны акупацыйныя ўлады далі дазвол на правядзенне набажэнстваў у шэрагу хрысціянскіх храмаў, якія былі гвалтоўна закрыты ў 1930-я гг. савецкай уладаю, у тым ліку ў праваслаўнай царкве на Успенскіх могілках[6]. Царква не збераглася[7].
На могілках шмат перакуленых, пабітых надмагілляў, безыменных крыжоў і магіл, пазбаўленых ідэнтыфікацыйных пазнак. Сустракаюцца старадаўнія помнікі са сцёртымі надпісамі і новымі шыльдамі[8].
Каля галоўнай алеі захавалася фамільнае пахаванне прадстаўнікоў вядомага магілёўскага шляхецкага роду Гартынскіх[8]. 11 магіл[9] роду прадстаўляюць перыяд з 1844 па 1913 г.: Гартынскі Рыгор Іванавіч (1769—1848), Каралькоў-Гартынская Мар’я Сямёнаўна (1775—1844), Гартынскі Мікалай Рыгоравіч (1799—1887), Гартынская … (1810−1880), Гартынскі Канстанцін Мікалаевіч (1831—1901), Гартынскі Мікалай Мікалаевіч (1833—1889), Гартынская Феадосія Яфімаўна (1844—1904), Гартынская Аляксандра Мікалаеўна (1861—1906), немаўля Гартынская Вольга (1876 г.), Гартынскі Грыня (1885—1913), немаўля Гартынскі Міхаіл (1886 г.)[2].
Каля заходняй граніцы могілак знаходзіцца багата аздобленая капліца-пахавальня сям’і Кленцэ 1909[2] года ў стылі класіцызму з агароджай.
Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках
правіць- Мікалай Рыгоравіч Гартынскі (1799—1887) — магілёўскі мэцэнат, хранолаг, краязнавец[9]
- Аляксандр Васілевіч Сялецкі (пам. 11 студзеня 1868 года на 32 годзе жыцця)[10] — партрэтны жывапісец. Вольнапрыходны вучань Акадэміі Мастацтваў з 1857 г. У 1860 г. удастоены звання някласнага мастака[11].
- Кузьма Кандратавіч Карыцкі (пам. 19 жніўня 1864) — магілёўскі губернскі паштмайстар, стацкі саветнік і кавалер[12].
- Міхаіл Данілавіч Васілеўскі (пам. 23.04.1889) — падпаручнік[12].
- Данііл Іосіфавіч Васілеўскі (10 снежня 1816 — 20 ліпеня 1886) — стацкі саветнік[12].
Брацкая магіла лётчыкаў, у якой пахаваны 6 лётчыкаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. На магіле ўстаноўлены абеліск[13].
-
Пахаванні Гартынскіх
-
Магіла губернскага паштмайстара Кузьмы Карыцкага
-
Магіла падпаручніка Міхаіла Васілеўскага
-
Магіла стацкага саветніка Данііла Васілеўскага
-
Брацкая магіла лётчыкаў
-
Магіла невядомага
-
Магілы братоў Андрэя і Касьмы Прасольных, якія трымалі фотамайстэрню
Зноскі
- ↑ Кладбища // Могилёв. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1990. — 472 с. — ISBN 5-85700-028-9.
- ↑ а б в г д Исследование могилевского некрополя XIX — Средняя школа № 34 Архівавана 6 мая 2019.
- ↑ а б в У Магілёве адшукалі магілу прадстаўніка беларускага роду магнатаў Валовічаў. 22 красавік 2017
- ↑ а б Пантелеева Е. Загадка канцлера// Республика — 2011 — 28 декабря — 22 с.
- ↑ Аляксандр Гужалоўскі. Музеі Беларусі (1918—1941 гг.). Мінск 2002
- ↑ а б І. А. Пушкін. ГРАМАДСКАЯ І КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ МЕНШАСЦЕЙ У БЕЛАРУСКАЙ ССР (1919—1991) МАНАГРАФІЯ. 2018 Архівавана 6 мая 2019.
- ↑ Пушкін, І. А. Гістарычная і культурная спадчына горада Магілёва : Курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. — 150 с. Архівавана 21 снежня 2019.
- ↑ а б 31.10.2016. У Магілёве зрабілі каталог старажытных пахаванняў Успенскіх могілак
- ↑ а б За магіламі славутых землякоў глядзяць грамадзкія актывісты. 27 красавік 2009
- ↑ Магілёўскія навукоўцы добраўпарадкавалі «пліту Валовіча» Архівавана 3 мая 2019.
- ↑ Александр Васильевич Селецкий
- ↑ а б в Спіс пахаванняў і архіў з фотаздымкамі
- ↑ Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 624 c.: іл. — ISBN 985-11-0011-0.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Успенскія могілкі (Магілёў)
- Успенскія могілкі (Магілёў) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Даследаванне Магілёўскага некропаля. Успенскія могілкі Архівавана 5 мая 2019.
- Чтобы предки не обижались (Успенское кладбище) 18.04.2011
- Спіс пахаванняў і архіў з фотаздымкамі
- Успенскія могілкі (Магілёў) на сайце «Архіварта»