Сабор Святога Іосіфа (Магілёў)
Сабор Святога Іосіфа — колішні праваслаўны кафедральны сабор на Саборнай плошчы ў Магілёве. Узведзены выдатным рускім архітэктарам Мікалаем Львовым ў класіцыстычным стылі. Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі[1].
Сабор | |
Сабор Святога Іосіфа | |
---|---|
| |
53°54′04″ пн. ш. 30°20′08″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Магілёў |
Канфесія | Праваслаўе |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Мікалай Аляксандравіч Львоў |
Будаўніцтва | 1780—1798 гады |
Асноўныя даты | |
1802 — Атрымаў статус кафедральнага сабора |
|
Дата скасавання | 1938 |
Статус | Страчаны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьБудаваўся ў 1780—98 гг. з цэглы за казённы кошт паводле загада імператрыцы Кацярыны II у гонар сустрэчы з аўстрыйскім манархам Іосіфам II. 29 мая 1780 г. манархі ў памяць аб сваёй сустрэчы паклалі камяні ў падмурак будучага храма. Праект храма быў адзначаны на конкурсе ў Пецярбургу 1-й прэміяй.
Тэхнічнае кіраўніцтва будаўніцтвам ажыццяўляў архітэктар Вісарыён Міхайлавіч Паўлаў, пасля завяршэння якога ён выканаў інвентарызацыйныя чарцяжы і падрабязнае апісанне будынка[2].
У 1802 г. загадам Сінода храм атрымаў статус кафедральнага. У 1932—1937 гг. у будынку сабора дзейнічаў музей гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 г. Урадам БССР прынята рашэнне аб рэканструкцыі горада з далейшым пераносам сталіцы з Мінска ў Магілёў. У тым жа годзе сабор Св. Іосіфа руйнуюць, на яго месцы пачалося будаўніцтва гасцініцы «Дняпро» (дабудавана ў 1939 г.).
У кастрычніку 2011 г. намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка паведаміў, што сабор трапіў у лік першых у чарзе на аднаўленне разбураных помнікаў архітэктуры Магілёва. Адзін з верагодных варыянтаў аднаўлення сабора — у фармаце канцэртнай залы[3]. Верагодна, што царкву адновяць на іншым, негістарычным, месцы (якое зараз занята гасцініцай).
Архітэктура
правіцьСтрогі і кампактны па аб’ёме сабор амаль быў пазбаўлены ўпрыгожанняў. Храм быў увянчаны пакатым купалам на барабане, прарэзаным дванаццаццю круглымі вокнамі, а ў бок плошчы рэзка выступаў дарычным шасцікалонным порцік, характэрны для архітэктуры класіцызму[1][4].
Нягледзячы на параўнальна невялікія памеры, будынак адрозніваўся манументальнасцю дзякуючы ўдала знойдзеным прапорцыям і адсутнасці дэкаратыўных дэталей, якія адцягвалі б увагу[4].
Ва ўнутранай прасторы тактоўна і паступова быў вырашаны пераход ад строгага і сціплага фасада да прыбранага і святочнага інтэр'ера, дзе з напаўцёмнага ўваходу і цэнтральнай часткі, аформленай стройнымі іанічнымі калонамі, погляд накіроўваўся да ярка асветленага верхнім святлом алтарнага ўзвышэння і акон ва ўсходняй сцяне[1]. На гэтым узвышэнні стаялі прыбраныя «шаты» — ратонда з калон карынфскага ордара. Знутры ўзнімаецца над асноўным аб’ёмам гарманічная паўсфера купала, у якім была выкарыстана канструкцыя падвойнага купала, што дазваляла прапускаць роўнае, рассеянае святло ўнутр царквы[4].
Роспісы і іконы на медных дошках былі выкананы сябрам архітэктара — вядомым рускім майстрам партрэта Уладзімірам Баравікоўскім. У 1784 годзе з Шатландыі быў запрошаны каменных спраў майстар Адам Менелас[4].
Зноскі
- ↑ а б в Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 340-341. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ Паўлаў Вісарыён Міхайлавіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ В Могилёве восстановят Иосифовский собор?
- ↑ а б в г Николай Львов
Літаратура
правіць- А. М. Кулагін «Праваслаўныя храмы на Беларусі». Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сабор Святога Іосіфа (Магілёў)
- Сабор Святога Іосіфа (Магілёў) на сайце Radzima.org