Хемасінтэз
Хемасі́нтэз (ад хема... + сінтэз) — працэс утварэння некаторымі бактэрыямі і археямі арганічных рэчываў з двухвокісу вугляроду за кошт энергіі, атрыманай пры акісленні неарганічных злучэнняў (аміяку, вадароду, злучэнняў серы і інш.). Адкрыты С. М. Вінаградскім у 1887 годзе. Хемасінтэтычным бактэрыям належыць важная роля ў біягеахімічным кругавароце рэчываў. Многія працэсы ператварэння хімічных элементаў у біягеахімічных цыклах ажыццяўляюцца толькі арганізмамі, здольнымі да хемасінтэзу.
Хемалітааўтатрофныя арганізмы
правіць- Жалезабактэрыі (Geobacter , Gallionella) акісляюць двухвалентнае жалеза да трохвалентнага.
- Серабактэрыі (Desulfuromonas, Desulfobacter, Beggiatoa ) акісляюць серавадарод да малекулярнай серы ці да солей сернай кіслаты.
- Нітрыфіцыруючыя бактэрыі (Nitrobacteraceae , Nitrosomonas , Nitrosococcus) акісляюць аміяк, які ўтвараецца падчас гніення арганічных рэчываў, да азоцістай і азотнай кіслот, якія, узаемадзейнічаючы з глебавымі мінераламі, утвараюць нітрыты і нітраты.
- Тыёнавыя бактэрыі (Thiobacillus , Acidithiobacillus ) здольныя акісляць тыясульфаты, сульфіты, сульфіды і малекулярную серу да сернай кіслаты (часта з істотным паніжэннем pH раствора), працэс акіслення адрозніваецца ад падобнага ў серабактэрый (у прыватнасці тым, што тыёнавыя бактэрыі не адкладаюць унутрыклеткавай серы). Некаторыя прадстаўнікі тыёнавых бактэрый з'яўляюцца экстрэмальнымі ацыдафіламі (здольныя выжываць і расплоджвацца пры паніжэнні pH раствора аж да 2), здольныя вытрымліваць высокія канцэнтрацыі цяжкіх металаў і акісляць металічнае і двухвалентнае жалеза (Acidithiobacillus ferrooxidans) і вышчалочваць цяжкія металы з руд.
- Вадародныя бактэрыі (Hydrogenophilus ) здольныя акісляць малекулярны вадарод, з'яўляюцца ўмеранымі тэрмафіламі (растуць пры тэмпературы 50 °C)
Літаратура
правіць- Хемасінтэз // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).