Хоўма (саманазва: Houma, літаральна «чырвоныя») — індзейскі народ на поўдні ЗША. Агульная колькасць (2010 г.) — 10 837 чалавек.

Хоўма
(Houma)
Сцяг хоўма
Агульная колькасць 10837 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова хоўма
Рэлігія татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы чакта, семінолы, маскогі, чыкаса

Хоўма — блізкія сваякі народаў чыкаса і чакта. Упершыню яны ўзгаданы французскімі вандроўнікамі ў 1682 г. як племя, што насяляла землі ўздоўж Рэд-Рывер. Яго назва з’яўляецца скарачэннем ад наймення татэма — чырвонага рака. Мяркуецца, што назва Рэд-Рывер («Чырвоная рака») паходзіць менавіта ад назвы хоўма.

У канцы XVII ст. агульная колькасць хоўма не перавышала 1800 чалавек. Асноўная вёска месцілася на схіле пагорка каля ракі. Яна складалася са 140 гліняных хацін, што апаясвалі 2 ланцугамі цэнтральную частку з храмамі і свяшчэнным вогнішчам. Храмы былі пабудаваны на штучных насыпных платформах. Мужчыны апраналі насцегнавыя повязі і плашчы з птушынага пер’я, жанчыны былі аголеныя вышэй пояса. У хоўма існаваў звычай дэфармаваць лоб немаўлятаў. Вакол вёскі распасціраліся палеткі, дзе хоўма вырошчвалі кукурузу, сланечнік, фасолю, гарбузы і дыні.

У 1706 г. хоўма пацярпелі ад нечаканага нападу туніка і былі вымушаны перасяліцца бліжэй да Новага Арлеана. З-за эпідэмій, прынесеных белымі перасяленцамі, і ўдзелу ў войнах на баку французаў іх насельніцтва стала скарачалася. У пачатку XIX ст. паселішчы хоўма апынуліся раскіданымі. У 1830-я гг., калі амерыканцы зафіксавалі апусценне найбольшых з іх, хоўма палічылі наогул вымерлымі. Тым не меней, частка народа, што насяляла землі на захад ад Новага Арлеана, выжыла. У XX ст. адбываўся рост насельніцтва. Нягледзячы на блізкасць да буйнога горада, асноўным заняткам хоўма стала паляванне на футравых звяроў і алігатараў.

У 1972 г. аб’яднанне хоўма было прызнана з боку штата Луізіяна. У 1979 г. была створана арганізацыя Аб’яднаная Нацыя Хоўма, якая прадстаўляе гэты народ у перагаворах з Федэральным Урадам ЗША.

Спасылкі правіць