Хрыстос прызямліўся ў Гародні

гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча

Хрыстос прызямліўся ў Гародні — раман Уладзіміра Караткевіча. Раман складзены з 62 раздзелаў і быў надрукаваны ўпершыню па-руску ў 1966, па-беларуску — у 1972.

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Жанр Раман
Аўтар Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1972
Дата першай публікацыі 1972
Выдавецтва Мастацкая літаратура

Раман прысвечаны падзеям беларускай гісторыі XVI стагоддзя. Яму папярэднічаў кінасцэнарый «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які быў скончаны 31 сакавіка 1965 года. Да напісання рамана Караткевіча заахвоціла змешчаная ў «Хроніцы Белай Русі» Мацея Стрыйкоўскага згадка пра з'яўленне на Гродзеншчыне за каралём Жыгімонтам І самазванца, што «сабе прыпісаў і прыўлашчыў» Хрыстова імя, «шалбера па імю Якуб Мялшцінскі». Гэта раман-прытча, філасофскі роздум пра чалавечае прызначэнне.

Як вынікае з эпіграфа, запісу з «Хронікі…» Стрыйкоўскага, падзеі, што апісваюцца ў рамане, маюць адбывацца на пачатку XVI ст., у гады праўлення Жыгімонта I Старога (1506—1548). Многія ж факты, прыведзеныя ў творы, сведчаць, што дзеянне адбываецца ў 20-30-я гг. XVI ст.: згадваецца Бона Сфорца, адзін з герояў рамана кардынал Лотр гаворыць пра выдадзеную Францішкам Скарынам Біблію і пра тое, што «вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю» і інш.

Гэта раман пра лёс прадстаўнікоў самых розных класаў і праслоек. Пераважная большасць герояў народжаны фантазіяй пісьменніка. Выключэнне складае Кашпар Бекеш (1520—1579), беларускі мысліцель-антытрынітарый. У цэнтры — вобраз Хрыста — Юрася Братчыка, які звязвае ў адно цэлае ўсе сюжэтна-кампазіцыйныя лініі твора і вакол якога разгортваецца асноўнае дзеянне.

Рукапіс рамана невядомы. Машынапіс рамана захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР, ф. 11, воп. 1, адз. зах. 41-47, з пералікам у пачатку твора герояў і іх характарыстыкамі, што адсутнічае ў кніжных выданнях рамана, а таксама з адзнакай у канцы: 7 красавіка 1965 г. — 29 красавіка 1966 г. Чалябінск — Рагачоў. Упершыню выйшаў на беларускай мове ў 1972 годзе (Мінск, «Мастацкая літаратура»), увайшоў у склад другога тома «Выбраных твораў» Уладзіміра Караткевіча (Мн.: Маст. лiт., 1980). У «Зборы твораў» друкаваўся паводле асобнага кніжнага выдання 1972 года.

Выходзіў у аўтарызаваным перакладзе Навума Кісліка на рускай мове («Нёман», 1966, № 11-12). Выдадзены ў перакладзе Вацлава Жыдліцкага на чэшскай мове (Прага, 1979), Малгажаты Бухалік — на польскай (2012)[1]. У 1967 годзе паводле рамана на кінастудыі «Беларусьфільм» створаны аднайменны фільм.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Караткевiч У. Збор твораў у 8 т. Т 6. [Тэкст] / У. Караткевiч.— Мн.:Маст. Лiт., 1990. — 492, [1] с., 4л. Ил. — Кам.: с. 491—493.