Чалавек умелы, мяркуючы па знойдзеным рэшткам, якія датуюцца 2,6—2,5 млн гадоў таму, існаваў больш за паўміліёна гадоў. Маса галаўнога мозга гэтага гамініда была ацэнена ў 650 грамаў, што было значна больш, чым у тыповых аўстралапітэкаў. Ён таксама адрозніваецца ад аўстралапітэкаў будовай таза, які забяспечваў больш дасканалы біпедалізм і нараджэнне дзіцянятаў з большай галавой. Эндакран акруглы і кропак росту не мае. Але ў чалавека ўмелага адбываецца пераразмеркаванне доляў мозга — патылічная доля памяншаецца на карысць павелічэння больш прагрэсіўных доляў — лобнай, цемянной, скроневай з асацыятыўнымі далямі. Адрозніваўся ён ад аўстралапітэкавых і будовай чэрапа — чэрап пашыраны ў падвочннай і цемянна-патылічнай абласцях. Памер зубоў памяншаецца, але большы, чым у Homo naledi, зубная эмаль робіцца менш тоўстай. Структура кісці Homo habilis мазаічная і спалучае ў сябе як прагрэсіўныя рысы, так і сляды адаптацыі лазання па дрэвам. Пашырэнне ногцевых фалангаў — прагрэсіўная рыса, якая сведчыць аб фармаванні падушачкаў пальцаў як датыкальнага кінэстэтычнага апарату. Фармаваўся сілавы захоп, з дапамогай якога магчыма было вырабляць прылады працы. Ад нагі хабіліса засталося толькі пяць фалангаў пальцаў, пяць костак ступні, пятачная костка і шчыкалатка. Гэта была прымітыўная нага паводле злучэння костак, але ўсё ж такі — нага чалавека. У Чалавека ўмелага першы палец ступні не быў адведзены ўбок, а таксама, як і ва ўсіх наступных прадстаўнікоў рода Homo, у тым ліку і Homo sapiens, размяшчаўся побач з іншымі пальцамі. Гэта значыла, што яго нага была цалкам прыстасавана да двухногага перамяшчэння.
Аб’ём мозга чалавека ўмелага — 600—700 см³[3]. Рост складаў да 1,2 м[1][4], маса цела — каля 40—50 кг[1]. Галава чалавека ўмелага мела больш круглявую форму, чым у аўстралапітэкаў; мозг таксама стаў буйнейшы, хаця складаў усяго толькі палову мозга сучаснага чалавека. Рэльефнасць унутры танкасценнага чэрапа сведчыць аб наяўнасці ў іх цэнтра Брака́ — цэнтра мовы, але гартань, верагодна, не была здольна ўтвараць столькі ж гукаў, колькі нашая гартань. Сківіцы былі менш масіўнымі, чым у аўстралапітэка; косткі рук і сцёгнаў здаюцца больш сучаснымі, а ногі мелі больш «сучасную» форму. Асобіны чалавека ўмелага мелі прыкметны палавы дымарфізм — самкі мелі больш шырокія сцёгны, чым самцы.
Першыя яшчэ груба апрацаваныя каменныя галькі (прылады алдувайскай культуры) шмат разоў знаходзілі разам з рэшткамі гэтай істоты. Верагодна, менавіта Чалавек умелы пераступіў нябачную мяжу, якая падзяляе род Homo ад усіх іншых біялагічных істот — ён зрабіў першы шаг на шляху падначальвання сябе навакольнага асяроддзя. Прылады, якія рабіў Чалавек умелы, амаль усе былі з кварцу, а кварц у месцах стаянак гэтых людзей не сустракаўся, яны прыносілі яго з адлегласці ад 3 да 15 км. Але ў адрозненні ад больш позніх відаў Homo, хабілісы не вельмі беражліва адносіліся да вырабленых імі прылад працы, і часта, пасля кароткачасовага выкарыстання проста выкідвалі іх. Кісць чалавека ўмелага ўжо магчыма назваць чалавечай, але пытанне было ў тым, ці быў дастаткова развіты іх мозг, каб скарыстацца магчымасцямі такой рукі, застаўся адкрытым[5]. Яны валодалі сілавым захопам вялікай магутнасці. Ніводная малпа не мае такіх здольнасцяў.
У 1967 годзе вялікая міжнародная экспедыцыя ў даліне ракі Ома ў Эфіопіі адкрыла касцяныя рэшткі, якія адносяцца да аўстралапітэкавых. Разам з імі былі знойдзены прылады працы. Пазней, каменныя прылады працы ўзростам 2,6 млн гадоў былі знойдзены ў эфіопскім месцазнаходжанні Гона (Kada Gona) і ўзростам 3,3 млн гадоў каля возера Туркана, паблізу ад месца знаходкі кеніантрапа[6]. Такім чынам, пытанне ўзнікнення дзейнасці звязанай з вырабленнем прылад працы застаецца адкрытым.