Нохум-Меер Шайкевіч (псеўданім: Шомер, ідыш: נחום-מאיר שײַקעוויטש – שמ"ר; снежань 1846 ці 1850, Нясвіж — 24 лістапада 1905, Нью-Ёрк) — яўрэйскі пісьменнік, тэатральны дзяяч. Вядомы займальнымі апавяданнямі і раманамі. Пісаў на іўрыце, часцей на ідышы.

Шомер
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні ідыш: נחום -מאיר שייקייביץ
Псеўданімы שמ"ר
Дата нараджэння невядома, у перыяд 1846-1850 гг. у снежні
Месца нараджэння
Дата смерці 24 лістапада 1905(1905-11-24)[2] ці 1905[3]
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Дзеці Miriam Shomer Zunser[d], Rose Shomer Bachelis[d], Аўром Шомер і Хана Шомер-Ротэнберг
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Мова твораў ідыш
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жыццё правіць

Дакладная дата нараджэння невядома. Прыводзяцца розныя (18 снежня 1846, 26 снежня 1846, 18 снежня 1847, 28 снежня 1848, 18 снежня 1849, 7 снежня 1850).

Нарадзіўся ў заможнай сям’і. Вучыўся ў ешыбоце. Бацька некалькі гадоў жыў у Капылі. Капыльскі рабін перадаў яму кнігі на іўрыце. Гэта былі «Парыжскія тайны» Эжэна Сю ў перакладзе Шульмана, творы Мапу і старажытных аўтараў. Ужо малым хлопец складаў цікавыя гісторыі, а ў юнацтве напісаў аповесць і вершы. У 20 гадоў ажаніўся, жыў у цесця, Міхла Барчынскага, у Пінску. Далучыўся да гуртка маскілаў (асветнікаў). У 1869 дэбютаваў у друку. Пацярпеўшы няўдачу ў лясным гандлі, страціў пасаг.

З 1876 жыве ў Вільні, служыць у купца Выгодскага, свайго дзядзькі. Яго раман «Ахвяры інквізіцыі», прысвечаны партугальскай гісторыі, забараніла цэнзура. Тады выдавец Шмуэль Фін параіў яму напісаць меншую рэч на ідышы. Раніцай ужо быў гатоў расказ «Мярцвяк на гэтым свеце», падпісаны псеўданімам Шомер (Скарачэнне з апошніх літар імя). Адразу яго выдалі асобнай кніжкай, а ў наступныя дні выйшлі яшчэ 9 кніжак. За кожнае апавяданне Фін заплаціў па тры рублі.

З дзядзькам-дастаўшчыком ён мусіў выехаць у Польшчу, потым у Румынію. Тут дзядзька пастаўляў ежу (масла і малако) для расійскай арміі. У Бухарэсце Шомер пазнаёміўся з А. Голдфадэнам і яго тэатрам.

Тым часам апавяданні і большыя творы Шомера з захапленнем сустрэлі чытачы, і ў расійскіх межах і ў аўстрыйскай Галіцыі. Ён падпісвае кантракты з віленскімі выдавецтвамі Ромаў і Мац, з іншымі выдаўцамі ў Варшаве, Бярдзічаве, Адэсе. З 1879 года жыве ў Адэсе, піша п’есы для трупы Лернера. Потым піша для ўласнай трупы, праводзіць гастролі ў Бесарабіі і Украіне. Летам 1881 узначаліў яўрэйскі тэатр у Кішынёве. У 1882 вяртаецца ў Адэсу, з Голдфадэнам і Лернерам яны аб’ядноўваюць акцёраў у адну трупу. У 1885-87 жыў у Варшаве. У 1888 вярнуўся ў Пінск, адкрыў тэатр.

У 1889 Шомер выехаў у ЗША па запрашэнні акцёраў.

Тыраж аднаго твора часам налічваў дзясяткі тысяч, з улікам перавыданняў. Вядома некалькі перайманняў ад іншых аўтараў, падпісаных парадыйнымі псеўданімамі, напрыклад, «Шомераў сын». Выходзілі і «пірацкія» выданні самаго Шомера. Яго творы на ідышы выдаваліся яшчэ ў 1919 годзе, у 1920-я выйшлі два апошнія асобныя выданні.

Сям’я правіць

Жонка — Дзіна Бярцінская (Барчынская). Мелі трох дачок і сына.

  • Абрагам (н. 1876) — пісьменнік, дзяяч амерыканскага кіно
  • Мір’ям (н. 1882)
  • Роза (н. 1887)
  • Хана (н. 1884 ці 85)

Роза і Мір’ям пакінулі ўспаміны пра бацьку («Ундзэр фотэр Шомэр»).

Творчасць правіць

Яму належыць больш 200 апавяданняў, аповесцей і раманаў, 50 п’ес і аперэт на ідышы, 15 раманаў і аповесцей на іўрыце, і іншыя творы, у тым ліку вершы, сатыры; складаў дапаможнікі-пісьмоўнікі. Пакінуў успаміны. Поўнага спісу твораў няма. Частка засталася ў рукапісах.

Шомер заахвоціў да чытання мноства людзей. «Ён першым, пасля Айзіка Дзіка, напісаў танныя кнігі для народа. І самым першым узняў народную літаратуру да вышынь рамана» — казаў Залман Рэйзен. У аснове Шомеравай мовы ляжалі яўрэйскія гаворкі Беларусі. Галоўнай аўдыторыяй былі дзеўкі і жанчыны. (Гэта справядліва, у нейкай меры, для ўсіх твораў на ідышы). Чыталі яго і мужчыны. Шомер пачаў пісаць тады, калі панавалі павучальныя творы. Ён даў чытачам новыя — займальныя, авантурныя. Для гэтага ён пазычаў прыёмы і сюжэты ў раманах-фельетонах заходніх аўтараў. Адводзіў месца і павучанням, маральнай пропаведзі.

На абедзвюх мовах ён апісваў і сучаснае жыццё і гістарычныя падзеі. З гістарычных постацей — кароль Казімір і Эстэрка, барон д’Агілар, тыран Мікалай I, Дрэйфус і іншыя.

На іўрыце было яго першае выступленне ў друку, артыкул «Охелэ перот шуханэ эцім» для адэскай газеты «Га-Меліц» А. Цэдэрбойма. Там жа ён змясціў пераклады навуковых артыкулаў з нямецкай мовы. Раман аб партугальскіх яўрэях, нягледзячы на ранейшую забарону, удалося надрукаваць пад назвай «Каін», была і версія на ідышы.

Выдаваў уласныя газеты. У Адэсе «Дэр літвак, одэр дэр талмэд-хохэм» (верасень-кастрычнік 1883), «Білдэр фунэм лэбн» (1883—1884). У Нью-Ёрку «Дэр мэнчнфрайнд» (1889—1891), «Дэр наер тэлефон» (1890—1891), «Дэр вэгвайзэр…» (1892), «Дэр ланд-хохэм» (1893—1894), «Дэр юдышэр пок» (1894—1896; разам з М. Зейфертам), «Ды нац’ён» (1901—1903; з М. Голдманам) і інш.

Друкаваўся ў газетах «Га-Бокер», «Га-Модзія лахадашым», «Ідышэс тагеблат», «Ды ідышэ бінэ», «Мінікес ёрбух», «Юдышэс фолксблат» і інш. Пастаянны супрацоўнік нью-ёркскага «Моргн-журнала».

Палеміка правіць

У 1880-я гады яго пачынаюць крытыкаваць журналісты і пісьменнікі-рэалісты, якія аб’ядналіся вакол Цэдэрбойма. Востра атакаваў яго Шолам-Алэйхэм сваім памфлетам «Суд над Шомерам» (выд. у Бярдзічаве, 1888). Шомер адказаў у прадмовах да сваіх кніг і ў асобным артыкуле «Ехі ор, одэр а літэрарышэр камп» (Хай будзе святло, або літаратурная бітва).

Выбраныя творы правіць

  • די פרינצעסין אין וואלד אדער דאס וואלד־קינד — Ды прынцэсін ін валд одэр дос валд-кінд — Прынцэса ў лесе, або дзіця лесу

Зноскі

  1. а б Sejm-Wielki.pl — 2002.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 31 снежня 2019.
  3. Catalog of the German National Library Праверана 8 студзеня 2024.
  4. Find a Grave — 1996. Праверана 18 чэрвеня 2021.

Літаратура правіць

  • Zalmen Reyzen. Leksikon fun der yidisher literatur, prese, un filologye, vol. 4
  • Isidore Singer, M. Seligsohn. Schaikewitz, Nahum Meïr (Shomer), Jewish Encyclopedia, 1906
  • Шомер, псевдоним // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. т. 16: Шемирамот — Иссоп. 1913

Спасылкі правіць

Бібліятэкі