Эльханан-Бунім Васерман

Эльханан-Бунім Васерман (1875, Біржай — 1941, Каўнас) — рэлігійны дзеяч, педагог, кіраўнік заснаванай ім ешывы ў Баранавічах.

Эльханан-Бунім Васерман
Род дзейнасці рабін
Дата нараджэння 1875[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 6 ліпеня 1941(1941-07-06)[3]
Месца смерці
Грамадзянства
Веравызнанне іўдаізм
Дзеці Simcha Wasserman[d]
Альма-матар

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1875 годзе ў гарадку Біржай (Літва). Яго бацькі рав Нафталі-Бейніш і Рохле-Шэйна займаліся гандлем.

Вучыўся ў ешыве ў горадзе Цельшы ў Эліэзера Гардона і Шымона Шкопа, у Валожыне, Брэсце.

У 1899 годзе ажаніўся з дачкой гаона рабі М. Атласа, кіраўніка суда Торы горада Шаўлі (цяпер Літва)[4].

У 1903 годзе разам з Ёэлем Баранчыкам кіраваў ешывай у Мсціславе, у якой і выкладаў на працягу чатырох гадоў.

З 1910 года ў Брэсце выкладаў у ешыве і выконваў абавязкі суддзі. З пачаткам Першай сусветнай вайны жыў у Смалявічах, Магілёве.

У 1918 годзе заснаваў ешыву «Оэль Тора» («Шацёр Торы») у Баранавічах (зараз тут, па вул. Царука, размяшчаецца спартыўная школа).

Пасля 1933 года Васерман стаў духоўным пераемнікам Хафеца Хаіма, духоўнага лідара яўрэйскага руху ў Польшы і Расіі і аднаго з лідараў Сусветнай канфедэрацыі харэдымных грамадстваў «Агудат Ісраэль» («Адзінства Ізраіля»).

Застаючыся на антысіянісцкіх пазіцыях, у 1937 годзе Васерман напісаў артыкул «Перад прыходам Машыяха», у якой прааналізаваў стан яўрэйскага народу. «У наш час, — канстатаваў ён, — яўрэі абралі для сябе два галоўныя ідалы, якім яны прыносяць свае ахвяры: размова ідзе пра сацыялізм і нацыяналізм (сіянізм)… І адбыўся цуд: на Нябёсах гэтыя два ідаласлужэнні аб’ядналіся ў адно — нацыянал-сацыялізм — і зрабілі з яго жазло страшэннага гневу».

Гэтая кніга была напісана на ідыш і выдадзена ў самым пачатку 1939 года, пазней перакладзена на іўрыт, а таксама на многія еўрапейскія мовы.[5]

Першапачаткова Васерман быў перакананы, што яўрэі могуць пазбегнуць катастрофы. Для гэтага яны павінны былі раскаяцца і пазбавіцца ад тых, хто не выконваў запаведзі. Але ў 1938—1939 гг. ён пераканаўся, што ўжо занадта позна: яўрэі, лічыў ён, павінны пакорліва прыняць катастрофу, у якой непазбежна загіне частка нацыі, але пагроза знікнення нацыі прывядзе да боскай літасці і прыходу Месіі.

У 1930-ыя гады ешыва Васермана ў Баранавічах набыла сусветную славу і колькасць студэнтаў тут узрасла да 400. Павялічыліся і ахвяраванні на дзейнасць ешывы ад яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў ЗША, Англіі і Германіі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны, нягледзячы на магчымасць выезду ў ЗША або Ізраіль, Васерман разам са студэнтамі ешывы пераязджае ў Каўнас. У 1941 годзе быў перамешчаны ў гета, якое размяшчалася ў ваколіцах Каўнаса, у Слабодцы.

9 ліпеня 1941 года быў расстраляны ў IX форце каўнаскай крэпасці.[6]

Перад самай смерцю ён выступіў перад сваімі вучнямі: «Відавочна, што на Нябёсах разглядаюць нас як праведнікаў, вартых загладзіць сваім жыццём жыццё народа ізраільскага. Мы павінны, такім чынам, неадкладна пакаяцца — тут і зараз, бо часу мала і Дзявяты форт ужо блізка. Нам трэба памятаць, што мы сапраўды будзем тымі, хто асвеціць імя Божае. Дык давайце ж будзем ісці з высока ўзнятымі галовамі! … Не будзем мець, Божа ўратуй, нявартых думак — пры прынясенні ахвяры гэта недапушчальна. Мы на парозе здзяйснення найвялікшай запаведзі — запаведзі аб асвячэнні Імя. Агонь, які знішчыць нас, — гэта тое самае полымя, з якога адродзіцца яўрэйскі народ».

У пасляваенныя гады яго выступленні былі сабраны ў кнігу «Ковец ашыурым» («Збор ўрокаў»). Гэтая кніга вывучаецца ў ешывах па ўсім свеце.[7]

Артыкулы Васермана па складаных пытаннях яўрэйскага светапогляду былі аб’яднаны ў зборнік «Ковец маамарым».

Меў сыноў Нафталі і Давіда, якія загінулі падчас вайны, і Сімха (1899—1992), які заснаваў ешывы «Ор Эльханан» у Дэтройце і Іерусаліме.

Крыніцы правіць

  1. Elhanan Bunim Wasserman // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Elhanan Bunim Wasserman // MAK
  3. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 31 снежня 2019.
  4. toldot.com
  5. beerot.ru
  6. jhist.org
  7. evreimir.com evreimir.com