Энтамалогія
Энтамало́гія (з грэч. entoma, «насякомыя»; -логія, «навука») — раздзел заалогіі, які вывучае насякомых.
Паводле задач падзяляецца на агульную і прыкладную. Агульная, ці тэарэтычная, энтамалогія вывучае будову і жыццядзейнасць насякомых, іх індывідуальнае развіццё і эвалюцыю, разнастайнасць форм, размеркаванне на Зямлі ў часе і прасторы, узаемаадносіны з асяроддзем і інш. Прыкладная энтамалогія (ветэрынарная, лясная, медыцынская, сельскагаспадарчая) вывучае насякомых-паразітаў, крывасмокаў, пераносчыкаў хвароб жывёл, чалавека і раслін, шкоднікаў лясных і сельскагаспадарчых раслін, прадуктаў, а таксама карысных насякомых, якія даюць чалавеку мёд, шоўк, апыляльнікаў раслін, ворагаў шкоднікаў, глебаўтваральнікаў. Унутры энтамалогіі вылучаюць калеаптэралогію (вывучае цвердакрылых), лепідаптэралогію (лускакрылых), мірмекалогію (мурашак) і інш.
Сярод беларускіх энтамолагаў вядомыя Анатоль Іванавіч Радкевіч і Усевалад Анатолевіч Радкевіч.
Літаратура
правіць- Энтамалогія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).