Юзаф Беркман
Юзаф Беркман (4 жніўня 1838, Валожын Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер горад Мінскай вобл. — 19 ліпеня 1919, Варшава) — мастак, публіцыст.
Юзаф Беркман | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 жніўня 1838 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 19 ліпеня 1919 (80 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Вучоба |
Скончыў гімназію ў Вільні. Вывучаў медыцыну ў Маскве, вучыўся на матэматычна-прыродазнаўчым факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Адначасова пачаў наведваць заняткі ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. За ўдзел у студэнцкай маніфестацыі ў кастрычніку 1861 арыштаваны; на працягу 3 месяцаў зняволены ў Петрапаўлаўскай і Кранштацкай крэпасцях. Пасля вызвалення выехаў у Вільню. Удзельнічаў у друкаванні і распаўсюджванні рэвалюцыйных адозваў. З верасня 1862 зноў працягваў вучобу ў Пецярбургу.
З пачаткам паўстання 1863-64 вярнуўся на Радзіму; ваяваў на Ашмяншчыне, у тым ліку ў атрадзе З. Мінейкі. 12.10.1863 у баі каля в. Рудзішкі паранены і трапіў у палон. Асуджаны на 4 гады катаргі, якую адбываў у Нерчынску на сярэбраных капальнях. За спробу ўцячы тэрмін катаргі быў падоўжаны на 4 гады.
Пасля вызвалення ў 1870 жыў у Іркуцку, дзе меў жывапісную майстэрню (сёння большасць яго твораў захоўваецца ў Іркуцкім мастацкім музеі). З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 у Лібаве (Ліепая, Латвія). У 1884 пераехаў у Варшаву, дзе жыў да канца жыцця. Асноўныя тэмы жывапісных работ — сцэны паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута» і інш.). Аўтар «Успамінаў пра паўстанне 1863 ў Ашмянскім павеце і пра побыт у Сібіры» (рукапіс быў у сям’і).
Зноскі
Літаратура
правіць- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).