Юрый Іванавіч Губарэвіч

(Пасля перасылкі з Юрый Губарэвіч)

Юрый Іванавіч Губарэвіч (нар. 23 лютага 1978, Белаазёрск, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць)  — беларускі палітык, старшыня Руху «За Свабоду», каардынатар Кадравага рэзерву[1].

Юрый Іванавіч Губарэвіч
Дата нараджэння 23 лютага 1978(1978-02-23) (46 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Адукацыя
Партыя
Член у
Род дзейнасці палітык
hubarevich.by

Біяграфія правіць

Бацькі — інжынеры-будаўнікі[2].

У 1996—1998 гадах адзін з арганізатараў Маладога Фронту, член яго Цэнтральнага савета. У 1998—1999 гадах выканаўчы сакратар Беларускага студэнцкага прафсаюза «Салідарнасць». У 1999—2000 гадах рэгіянальны каардынатар Моладзевага інфармацыйнага цэнтра[3].

У 2000 годзе скончыў энергетычны факультэт Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі па спецыяльнасці інжынер-электрык. У 2003 годзе атрымаў дыплом магістра дзяржаўнага кіравання ў Львоўскім рэгіянальным інстытуце дзяржаўнага кіравання[uk] Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце Украіны[3].

Вярнуўся ў Белаазёрск. Разам з іншымі актывістамі на мясцовыя выбары 2003 года яны вылучылі на большасць акруг кандыдатаў і выйгралі. Дэмакраты атрымалі большасць, а Юрый Губарэвіч, як лідар гэтай групы, з’яўляўся намеснікам старшыні Белаазёрскага гарсавета ў сакавіку-снежні 2003 года. Пасля давыбараў быў пазбаўлены пасады. Да 2007 года дэпутат Белаазёрскага гарадскога Савета дэпутатаў. У 2003—2004 гадах рэгіянальны прадстаўнік па Брэсцкай вобласці ЗАТ «АНК Белраснафтахімрэсурс».

У 2003—2008 гадах старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ. У 2004—2005 гадах дырэктар, намеснік дырэктара рэкламна-выдавецкага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Палард». У 2004 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З 2006 года намеснік дырэктара аналітычнага аддзела ГА «Міжнароднае аналітычна-інфармацыйнае агенцтва „Еўрапейская хваля“». У 2006 годзе давераная асоба і кіраўнік Брэсцкага абласнога штаба адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад АДС Аляксандра Мілінкевіча[3].

У 2007—2009 гадах намеснік старшыні Партыі БНФ. У 2007 абраны намеснікам старшыні Руху «За Свабоду» на ўстаноўчым сходзе. У 2008 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[3].

У 2012 годзе абраны першым намеснікам старшыні Руху «За Свабоду», у кастрычніку 2016 года — старшынёй Руху «За Свабоду»[4]. У 2016 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Каліноўскай выбарчай акругі № 108 г. Мінска.

У 2017 годзе прыняў актыўны ўдзел у «Маршах недармаедаў» у Мінску (17 лютага) і Маладзечне (10 сакавіка). Пасля акцыі ў Маладзечне жорстка затрыманы і 11 сакавіка асуджаны на 15 сутак арышту па абвінавачванні ў арганізацыі несанкцыянаванага марша «Я не дармаед»[5]. У 2018 годзе балатаваўся на мясцовых выбарах у Мінскі гарадскі савет, на адным з участкаў перамог праўладнага кандыдата[6], але не атрымаў агульнай перамогі.

Браў удзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020. Яго каманда, выкарыстоўваючы легальную магчымасць, праводзіла пікеты дзеля таго, каб казаць пра небяспеку выбараў у абстаноўцы распаўсюджання каранавіруса — як для здароўя грамадзян, так і для іх правоў як выбаршчыкаў[7]. Адказны па пытаннях рэгіянальнага развіцця ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве[8].

Жыве ў Мінску на вуліцы Чарнышэўскага.

Сям’я правіць

Жанаты, мае дзвюх дачок[3]. Жонка працуе ў ІТ-кампаніі праектным менеджарам.

Зноскі

  1. Кадровый резерв для Новой Беларуси. pr-belarus.org. Праверана 21 жніўня 2023.
  2. nashaniva.by
  3. а б в г д Юрась Губарэвіч(недаступная спасылка)
  4. https://www.svaboda.org/a/28057018.html
  5. Лебедько, Рымашевский и Губаревич получили по 15 суток за организацию "Марша нетунеядцев" (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (11 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2017. Праверана 17 сакавіка 2017.
  6. pyx.by Архівавана 13 лістапада 2021.
  7. Юрась Губарэвіч таксама зняўся з выбараў
  8. belarus-nau.org(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2021. Праверана 13 лютага 2022.

Спасылкі правіць