Якаў Сямёнавіч Гугель

Якаў Сямёнавіч (Янкель Сымонавіч) Гугель (21 студзеня 1895, Горкі, Магілёўская губерня, Расійская імперыя — 14 кастрычніка 1937, Кіеў, УССР) — савецкі гаспадарчы дзеяч, арганізатар прамысловасці, дырэктар Канстанцінаўскага металургічнага завода імя М. В. Фрунзэ, Марыупальскага металургічнага камбіната, начальнік трэста Магнітабуд, камбіната «Азоўсталь» (Марыупаль), Марыупальскага наватрубнага завода.

Якаў Сямёнавіч Гугель
Род дзейнасці дзяржаўны дзеяч
Дата нараджэння 21 студзеня 1895(1895-01-21)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 кастрычніка 1937(1937-10-15) (42 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Партыя
Член у
Узнагароды і прэміі
ордэн Леніна

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 21 студзеня 1895 года ў горадзе Горкі Магілёўскай губерні (цяпер — Магілёўская вобласць Рэспублікі Беларусь) у яўрэйскай сям’і. Бацька Гугеля быў служачым лясных складоў. У дзяцінстве разам з сям’ёй пераехаў у Екацярынаслаў, затым у Янакіева, дзе скончыў чатырохкласнае гарадское вучылішча.

У 1916 годзе скончыў Адэскае сярэдне-тэхнічнае вучылішча. Падчас Першай сусветнай вайны быў прызваны ў войска Расійскай імперыі. У складзе сапёрнай каманды ваяваў на Румынскім фронце.

У час Лютаўскай рэвалюцыі знаходзіўся ў Адэсе. У складзе 48-га запаснога палка ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях, быў памочнікам камісара міліцыі аднаго з раёнаў Адэсы. Кастрычніцкі пераварот 1917 года сустрэў у Бесарабіі. Яго абралі камандзірам чырвонагвардейскага атрада. Я. С. Гугель быў дэлегатам армейскага з’езда, членам салдацкага камітэта 6-й арміі.

У 1918 годзе Гугель у Янакіеве пачаў працаваць кацельшчыкам на Пятроўскім металургічным заводзе, затым яго вылучаюць на пасаду майстра на будаўніцтве новай даменнай печы. Тут ён упершыню дакрануўся да будаўніцтва — справе, якая потым стала галоўнай у яго жыцці[1].

У 1918 годзе паступіў на вучобу ў Харкаўскі тэхналагічны інстытут[2]. Пасля другога курса Я. Гугель — добраахвотнік у Чырвонай Арміі, але да фронту не даехаў, бо быў прызначаны камісарам авіязавода ў Таганрозе і тут, у 1921 годзе ўступае ў РКП (б)[3]. У гэтым горадзе Я. Гугель быў вылучаны на пасаду дырэктара кацельнага завода Таганрога. Калі адбылося аб’яднанне кацельнага завода з металургічным, яго прызначылі намеснікам дырэктара гэтага аб’яднанага прадпрыемства. Затым ён два гады (1923—1924 гг.) працаваў намеснікам Юзоўскага (цяпер Данецкага) металургічнага завода, пасля чаго чатырнаццаць месяцаў (1925—1926 гг.) быў дырэктарам Канстанцінаўскага металургічнага завода імя М. В. Фрунзэ.

З 1926 года працаваў дырэктарам Марыупальскага металургічнага камбіната. У гэты час, як лічыць Леў Яруцкі, яму належыць ідэя будаўніцтва новага металургічнага гіганта ў вусце ракі Кальміўса[4]. З лютага 1930 года таксама і начальнік будаўніцтва «Азоўстальбуда». На гэтых пасадах ён працаваў да студзеня 1931 года.

У 1931 годзе быў прызначаны дырэктарам будаўніцтва Магнітагорскага металургічнага камбіната [5]. Пасля пуску другой домны Я. С. Гугель быў пераведзены ў Маскву і прызначаны намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення Наркамата металургічнай прамысловасці СССР.

У лютым 1933 года Я. С. Гугель быў зноў прызначаны начальнікам будаўніцтва «Азоўстальбуда» і ў ліпені 1933 года пад яго кіраўніцтвам пачала працаваць першая доменная печ.

23 сакавіка 1935 года Я. С. Гугель быў узнагароджаны ордэнам Леніна. На VI і VII з’ездах Саветаў яго абіралі членам ЦВК СССР, быў дэлегатам XVI і XVII з’ездаў УКП(б).

У жніўні 1937 года быў арыштаваны і яго абвінавачвалі па арт. 17-54-8 і 54-11 КК УССР, бо ён з’яўляецца членам "контррэвалюцыйнай трацкісцкай тэрарыстычнай арганізацыі, па заданні гэтай арганізацыі праводзіў актыўную контррэвалюцыйную працу, накіраваную супраць палітыкі УКП (б) і савецкага ўрада [6]. 26 верасня 1937 года І. Сталін і В. Молатаў зацвердзілі «Список лиц, подлежащих суду Военной Коллегии Верховного суда СССР по первой категории». Пад нумарам 104 было прозвішча Я. С. Гугеля. 14 кастрычніка 1937 года прыгавораны да расстрэлу і ў той жа дзень прысуд быў прыведзены ў выкананне. 8 верасня 1956 года яго справа была перагледжана Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР і «за адсутнасцю складу злачынства спынена». Я. С. Гугель быў пасмяротна рэабілітаваны.

Узнагароды правіць

  • ордэн Леніна (1935).

Сям’я правіць

  • Першая жонка — Соф’я Гугель. У гэтым шлюбе нарадзіўся сын Уладзімір. Ён жыў і працаваў у Мінску.
  • Другая жонка — Таццяна Гугель, пасля арышту мужа была асуджана як член сям’і здрадніка Радзімы (ЧСЗР) і знаходзілася восем год у лагерах і турмах.

Цікавыя факты правіць

На думку Ігара Казлова, Якаў Гугель стаў прататыпам Марка Разанава ў рамане Анатоля Рыбакова «Дети Арбата» [7].

Ушанаванне памяці правіць

  • Імем Я. С. Гугеля названа адна з вуліц Марыупаля, на адным з будынкаў вуліцы ўсталявана мемарыяльная дошка[8].
  • У горадзе Марыупаль ёсць пасёлак «Гугліна», названы ў яго гонар.

Зноскі

  1. Восемьдесят лет назад ушёл из жизни человек, без которого историю Магнитогорского металлургического комбината представить практически невозможно. MAGMETALL.RU (руск.). magmetall.ru. Праверана 2020-10-1.
  2. Студенты и выпускники ХТИ// http://library.kpi.kharkov.ua/uk/graduate/GugelYaS
  3. Зозуля, Ефим Два портрета : [Блюхер, Гугель] — Москва : 1932 (Библиотека «Огонек»); № 53.
  4. Яруцкий, Лев. «Приазовский рабочий», 1988. 10 августа
  5. Зазуля, Яфім Два партрэта : [Блюхера, Гугель] / Яўхім Зазуля. — Масква: 1932 (Бібліятэка «Огонёк»); № 53.С. 24
  6. Галіновы дзяржаўны архіў Службы бяспекі Украіны. Крымінальная справа № 5667-п
  7. Ігар Казлоў. Страчаны сын металурга № 1 // http://zviazda.by/ru/news/20171129/1511948423-poteryannyy-syn-metallurga-no1
  8. Мемориальная доска Я. С. Гугелю, первостроителю и первому директору завода «Азовсталь»

Літаратура правіць

  • Зозуля, Ефим Два портрета : [Блюхер, Гугель] — Москва : 1932 (Библиотека «Огонек»); № 53.
  • Лившиц, В. М. Горецкая еврейская община: страницы истории — Горки — Нацрат Илит: 2009. — С.103-105.
  • Лившиц В. М. Революционер и строитель // В кн.: Евреи в Горках — судьбы и дела. Горки: Типография БГСХА, 2012. — С. 22-32.
  • Лихолобова, З. Г. Гугель Яків Семенович // Енциклопедія історії України : у 10 т. — К. : 2004. — Т. 2.— 518 с. : іл. — ISBN 966-00-0405-2.
  • Лихолобова, З. Г. Сталінський тоталітарний режим та політичні репресії кінця 30-х років в Україні. — Донецьк: 1996.
  • Яруцкий, Лев. «Приазовский рабочий», 1988. 10 августа
  • С юбилеем, Азовстальцы! // Приазовский рабочий. — 2008. — 12 авг.

Спасылкі правіць