20-ы літоўскі ўланскі полк

20-ы літоўскі ўланскі полк (Пінскі) — полк лёгкай кавалерыі, створаны дэкрэтам Напалеона I Банапарта ад 5 ліпеня 1812 года з рэкрутаў і добраахвотнікаў з земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Улан элітнай роты 20 палка ўлан літоўскіх у 1813 годзе. Малюнак Рыхарда Кнётэля

ГісторыяПравіць

Камандзірам палка быў прызначаны Ксаверый Абуховіч, маёрам — В. Гутакоўскі (да таго ад’ютант генерала А. Ражнецкага). Шэф першага швадрону — Г. Забела (сын былога гетмана), шэф другога швадрону — К. Мікашэўскі (пераведзены з роты коннай артылерыі Тызенгаўза). Галоўная кватэра палка размяшчалася ў горадзе Пінску Менскага дэпартамента. Набор кавалерыстаў праходзіў у Пінскім павеце, а таксама Брэсцкім, Кобрынскім і Пружанскім паветах Гарадзенскага дэпартамента.

Катастрофа Вялікай арміі і яе хуткае адступленне не дазволілі сфарміраваць полк цалкам, таму з 4 пакладзеных па штаце швадронаў было ўкамплектавана толькі 2.

Пасля зыходу з Літвы разам з рэшткамі Напалеонаўскай арміі полк у пачатку 1813 года апынуўся ў ваколіцах Варшавы. У студзені гэтага года, па распараджэнні маршала Берцье, адзін са швадронаў 20-га ўланскага палка быў накіраваны ў Данцыг, дзе ўключаны ў склад 9-га ўланскага Княства Варшаўскага. 20-ы полк, у складзе адзінага швадрону, быў уключаны ў зводную кавалерыйскую дывізію генерала Сулкоўскага. Пасля пакідання Варшавы адышоў разам з войскамі да Кракава. Наступныя тыдні аднаўляў сваю баяздольнасць і атрымаў папаўненне ў м. Паўлавічы. Затым, разам з войскам Княства Варшаўскага, полк здзейсніў марш праз Чэхію ў Саксонію для злучэння з Вялікай Арміяй.

Паводле заключанай з аўстрыйцамі канвенцыі, палкі ішлі па іх тэрыторыі асобнымі калонамі, стралковую і халодную зброю пры сабе мелі толькі генералы і афіцэры, астатняе везлі ў абозе ў апячатаных скрынях. 17 чэрвеня каля саксонскага горада Цытау 20 уланскі злучыўся з галоўнымі сіламі напалеонаўскай арміі. Літоўскія кавалерыйскія палкі (18-ы і 20-ы ўланскі) па распараджэнні імператара агледзеў герцаг Басано, які загадаў выплаціць асабістаму складу жалаванне, а таксама забяспечыць недастатковым абмундзіраваннем і рыштункам.

Пры чарговай рэарганізацыі Вялікай арміі 20-ы літоўскі ўланскі полк быў далучаны за значна парадзелага 16-га ўланскага палка Княства Варшаўскага. Вядома, што ў складзе гэтага палка літвінскія ўланы вызначыліся на палях бітваў у Германіі. Яны змагаліся 9 і 10 верасня ў Дрэздэна, 14 верасня 16-ы ўланскі прыкрываў цяжкае адступленне французскай дывізіі генерала Ж. Мутона, на якую наваліўся цэлы расійскі корпус, а 16 верасня паспяхова атакаваў у г. Петэрсвальдзе рускую кавалерыю генерала Палена. 22 верасня, калі Напалеон атакаваў у Дрэздэна і адкінуў авангард Сілезскай арміі саюзнікаў, уланы зноў цэлы дзень не выходзілі з бою. Калі асноўныя супрацьстаялыя сілы былі сцягнуты да Лейпцыга, Дрэздэн працягвала абараняць 35-тысячная групоўка маршала Л. Гувіёна Сэн-Сіра. У яе складзе знаходзілася і 20-я кавалерыйская брыгада генерала Я. Вайсэнгофа (13 гусарскі і 16 уланскі).

15 кастрычніка маршал распачаў вылазку супраць корпуса рускага апалчэння генерала П. А. Талстога, разбурыў узведзеныя ім умацаванні, захапіў пантонны парк і некалькі гармат. Кавалерыя моцна пабіла казакоў, якія прыкрывалі адыход апалчэнцаў, і ўзяла тры сотні палонных. Затым, пасля падыходу аўстрыйскага падмацавання, горад быў зноў узяты ў аблогу. 6 лістапада маршал Сэн-Сір павёў свае войскі на прарыў, але ж спроба была няўдалая, і пасля гэтага прыйшлося ўступіць у перамовы з супернікам аб капітуляцыі, якая і была падпісана праз тыдзень на даволі выгадных для гарнізона ўмовах: ён складаў зброю (афіцэрам пакідалі шпагі) і атрымліваў вольны пропуск у Францыю з абавязацельствам не ўдзельнічаць у баявых дзеяннях паўгода. Для польскай 20-й кавалерыйскай брыгады было зроблена выключэнне, ёй гарантавалася вяртанне на радзіму.

Але, калі раззброеныя напалеонаўскія салдаты адышлі на некаторую адлегласць ад горада, ім паведамілі, што саюзнае камандаванне не зацвердзіла ўмовы капітуляцыі. Маршалу прапанавалі альбо вярнуцца ў горад і працягнуць змагацца, альбо здацца ў палон. Камандзір групоўкі абраў палон. Кавалерысты моцна парадзелай 20-й брыгады, выконваючы законы воінскага гонару, вырашылі разам з іншымі ісці ў аўстрыйскі палон.

У складзе 9-га ўланскага палка швадрон 20-га ўланскага прымаў удзел у баях за Данцыг. Горад абараняў 10-ы корпус Вялікай арміі пад камандаваннем генерала Ж. Рапа (30 тыс. чалавек). Горад быў блакіраваны ў студзені 1813 рускім корпусам генерала Ф. Ф. Левіза з войска П. Х. Вітгенштэйна. Абложнікі ўвесь час атрымлівалі падмацаванне, у ліку якіх з вясны былі і часткі прускага ландвера. Гарнізон жа да канца аблогі скараціўся ўдвая з-за чаго пастаянна бушавала эпідэмія.

4 лютага дзве калоны напалеонаўскіх войск пад камандаваннем генералаў Ш. Гранжана і Ж. Башлю, наперадзе якіх ішлі польскія і літвінскія ўланы, распачалі паспяховую вылазку дзеля выведкі, збору харчавання і фуражу. Праз некалькі дзён яшчэ адна паспяховая вылазка была зроблена сіламі адной толькі кавалерыі.

Аднак, востры недахоп харчавання прымусіў генерала Ж. Рапа 24 сакавіка распачаць далёкую вылазку значнымі сіламі, у якой прыняла ўдзел яго адзіная кавалерыйская брыгада. У цэлым яна скончылася ўдала: было захоплена каля трохсот палонных і шмат сельскагаспадарчых жывёлін. 27 красавіка значны атрад французскай пяхоты з 12 гарматамі і палова 9-га ўланскага распачалі чарговую вылазку.

Аднак, пасля ўпартага бою, салдаты Вялікай арміі былі вымушаны адысці да горада. 3 чэрвеня абложнікі распачалі атаку на заходнім участку фронту, але яна была адбітая. 9 чэрвеня 9-ы ўланскі, прыкрываючы вялікую пяхотную калону, прыняў удзел у нападзе на мястэчка Ора. Бой доўжыўся ўвесь светлавы дзень і скончыўся толькі ўвечары, калі ардынарац Напалеона прывёз афіцыйную вестку аб заключэнні Плейсвіцкага перамір’я. Варожыя бакі аднаўлялі сілы для працягу супрацьстаяння. 29 жніўня абложаныя зрабілі вылазку значнай часткай пяхоты гарнізона і ўсёй кавалерыяй у раёне прадмесця Лангфур.

Становішча змянілася кардынальным чынам толькі пасля Лейпцыгскай бітвы, калі спадзяванні на дэблакіраванне горада зніклі. Пасля гэтага больш за тысячу іспанскіх, галандскіх і саксонскіх салдат перабеглі на бок суперніка. Уланы засталіся вернымі прысязе і не пакінулі французскае войска. 2 студзеня 1814 г., праз год пасля пачатку аблогі, гарнізон, страціўшы надзею на прарыў і ганаровую капітуляцыю, склаў зброю. Па ўмовах капітуляцыі, польскія і літвінскія ўланы былі адпраўленыя ў Польшчу.

Вядома, што з усіх уланаў 20-га ўланскага палка на радзіму вярнуліся толькі 9 чалавек (3 афіцэры, 3 падафіцэры і 3 шараговыя).

СтройПравіць

Вядома, што канчаткова полк быў абмундзіраваны вясной 1813 г. у Саксоніі. Адзінымі крыніцамі выступаюць партрэты афіцэраў, адзін з якіх — гэта партрэт штабнога афіцэра Лякшынскага. З чаго атрымліваецца, што 20 полк меў цёмна-сінія мундзіры, жоўты рабат, кармазінавыя каўняры і манжэты.

Калі верыць крыніцам, то бліжэй да лета 1813 полк атрымаў цёмна-зялёныя мундзіры. Палкоўнік Абуховіч меў такі мундзір, што сведчыць аб пераабмундзіраванні часткі ў маі-чэрвені 1813 г. Гэтая з’ява хутчэй за ўсё звязаная з недахопам абмундзіравання яшчэ з часоў фарміравання адзінкі на Літве.

Існаванне цёмна-зялёных мундзіраў у 20 палку ў 1813 г. пацвярджае таксама гісторык Б.Гембаржэўскі. Ён сцвярджаў, што ўланы 20 уланскага, улітыя ў склад 16 уланскага Княства Варшаўскага, захавалі свае палкавыя колеры. Гэта выснова зроблена на падставе замалёвак Піцера фон Геса, які рабіў выявы з натуры, па гарачых слядах, падчас бітвы пад Дрэздэнам. Гембаржэўскі прадставіў іх цалкам экіпіраваных у мундзір цёмна-зялёнага колеру, пашытым па польскім узоры. Рабат, фалды, манжэты і каўнер былі кармазінавага, колеру, выпушка была белай.

Таксама Гембаржэўскі сцвярджаў, што ўланам 20 уланскага пасля іх пераабмундзіравання ў цёмна-зялёныя мундзіры былі выдадзены чапракі (пакрышка сядла) гвардзейскіх конных стральцоў з імператарскім вензелем «N». Вымпелы на ўланскіх піках па сцвярджэнні большасці даследчыкаў былі чырвона-белыя.

ЗброяПравіць

Шабля, піка, 2 пісталеты ў ольстрах на сядле.

У фланкераў карабін, шабля, 2 пісталеты.

Гл. таксамаПравіць

ЛітаратураПравіць

  • Andrzej Tomaszewicz. Wojsko Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas.— 2006.—№ 18.
  • Baginski W. Dawne guziki polskie.—Krakow: Naklad towarzystwa numizmatycznego, 1899.
  • Bronislaw Gembarzewski. Wojsko Polskie, Ksiestwo Warszawskie 1807—1814. Warszawa, 1905, reprint wyd. Kurpisz, Poznan, 2003.
  • Gaidis H.L. Napolеon’s Lithuanian Forces //LITUANUS.—1984.—Volume 30., № 1.
  • Guziki. Polskie guziki wojskowe od XVI do konca XX wieku. Przewodnik dla kolekcjonerow.—Warszawa, 1999.
  • Historia 17 pulku ulanow na tle wojsk litewskich 1812—1814 / Jozef Tyszkiewicz w opracowaniu Dariusza Nawrota i Andrzeja Nieuwaznego.— Gdynia: Wydawnictwo «Armagedon Books», 2004.
  • John R. Elting. Napoleonic uniforms vol. I—IV, 1993.
  • Les uniformes de l`Armee Francaise. / Lienhart, Humbert.—Leipzig, 1908.
  • Nawrot D. Litwa I Napoleon w 1812 roky. Katowice, 2008.
  • Акты Виленской археографической комиссии. Т. XXXVII. Вильна, 1912.
  • Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Составил Ф. А. Кудринский. С факсимиле Императора Александра I, Наполеона и некоторых русских генералов. Вильна: Издание Управления Виленскаго Учебнаго Округа Типография А. Г. Сыркина, 1912.
  • Вооруженные силы Литовского княжества 1812 года. Кудряшов И. Ю.— Москва, 1991.
  • Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805—1815 гады. / В. Швед, С. Данскіх.— Гр.: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006.
  • Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. Петербург, 1909.
  • Часовая мінская газета. 1812 год.— Мн.: Выд. В. Хурсік, 2008.