Слонік вішнёвы (Epirhynchites (Rhynchites) auratus) — жук залаціста-малінавага колеру, даўжынёй ад 5 да 9 мм. Належыць да сямейства Rhynchitidae.
Самкі Rhynchites auratus адкладаюць яйкі ў плады вішні і чарэшні, прагрызаючы ў мякаці плоду паглыбленне, змяшчаюць у абалонку яшчэ мяккай костачкі адно яйка. Кожная самка можа адкласці прыкладна паўтары сотні яек. Прыкладна праз тыдзень з яйка з’яўляецца бязногая белая лічынка, якая пранікае ў костачку, і сілкуецца яе ядром, выядаючы ўсё змесціва. Недзе праз месяц дарослыя лічынкі выбіраюцца з пладоў, падаюць на зямлю і акукляюцца ў глебе на глыбіні 12—14 см, дзе і зімуюць. Маладыя жукі з’яўляюцца вясной, падчас цвіцення вішні. Спачатку сілкуючыся пупышкамі, маладым лісцем і кветкамі, а пасля цвіцення — завязямі вішні і чарэшні, ядучы маладыя плады поўнасцю або праядаючы ў іх наздраватыя адтуліны. Прыкладна праз два тыдні пасля цвіцення вішні, жукі пачынаюць адкладванне яек.