Авяльга, таксама Івалга звычайная (Oriolus oriolus) — невялікая яркая птушка, адзіны прадстаўнік сямейства авяльгавых, распаўсюджаны ва ўмераным клімаце паўночнага паўшар'я.
Даўжыня цела 23—27 см, маса 70—90 г. Апярэнне галавы і тулава ў самцоў залаціста-жоўтае, з чорнымі крыламі і часткай хваста, ад асновы дзюбы да вока ідзе чорная паласа. Самка і маладыя больш аднастайна афарбаваныя. У самак верх цела жаўтавата-зялёны, ніз шаравата-белы з цёмнымі падоўжанымі стракацінамі, крылы і частка хваста больш цёмныя за цела. Дзюба чырвоная. Голас: чысты, флейтавы свіст.
Насяляе нізіны, ускрайкі лісцевых і мяшаных лясоў; акрамя таго, групы дрэў сярод палёў і паркі з высокімі дрэвамі, сады, старыя алеі і лесапасадкі ўздоўж дарог, прырэчныя лясы. У гарах Швейцарыі даходзіць да вышыні 600 м, у Пірэнеях і Апенінах — да 1000 м, на Сіцыліі — да 1500 м, у Карпатах — 800 м (часам да 1000 м).
Мігруе на далёкія адлегласці, зімуе ў тропіках Азіі і Афрыкі на поўдзень ад Сахары.
Па дадзеных Міжнароднага саюза аховы прыроды, даволі шматлікі від. У сусветнай Чырвонай кнізе авяльга мае статус таксонаў мінімальнага рызыкі (катэгорыя LC).
Шумная і рухомая, звычайна трымаецца ў кроне дрэў, пераважна лісцяных. Сустракаецца ў адзіночку або парамі. Сілкуецца вусенямі і іншымі насякомымі, а таксама ягадамі.
Гняздо робіць на бакавой галіне высокага дрэва (звычайна лісцевага), далека ад ствала, рэдка паміж дзвюх суседніх галін ці каля ствала, на вышыні ад 4 да 16-18 м над зямлёй, пераважна слаба замаскіраванае. Гняздо вісячае, бакі аплятаюць развілку галін, краі гнязда закручаны ўнутр. Матэрыял: сухое лісце, трава і раслінныя валокны (у знешняй частцы), а таксама кара бярозы, касмыкі шэрсці, часам кавалкі ануч або паперы (ва ўнутранай частцы). Высцілка з тонкай травы (часам з прымессю некалькіх пёраў, воўны, павуціны, малых кавалкаў паперы).
Яйкі (4-5, часам 3-6) даволі падоўжаныя з завостраным вузейшым канцом. Белыя або крэмавыя з ружаватым адценнем і цёмна-вішнёвымі плямкамі (рэдка чорнымі). Памеры: 30х22 мм