Іван Усцінавіч Здановіч
Іван Усцінавіч Здановіч (руск.: Ива́н Усти́нович Здано́вич; 25 мая (6 чэрвеня) 1864, Мінск — 11 (24) жніўня 1915, Мінск) — лекар, грамадскі дзеяч, дабрачынец, заснавальнік вучылішча для сляпых у Мінску.
Іван Усцінавіч Здановіч | |
---|---|
Род дзейнасці | урач, грамадскі дзеяч |
Дата нараджэння | 25 мая 1864 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 жніўня 1915 (51 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Падданства | Расійская імперыя |
Бацька | Іўсцін Ігнатавіч Здановіч |
Жонка | Марта Эразмаўна Кабельская |
Альма-матар | |
Узнагароды і прэміі |
Пачатак працы
правіцьІван Здановіч нарадзіўся ў сям’і выкладчыка Мінскай духоўнай семінарыі Іўсціна Ігнатавіча Здановіча. Рэдкае імя бацькі прычынілася розначытанням у напісанні імя па бацьку: Іван Усцінавіч (найбольш распаўсюджаны варыянт), Іван Іўсцінавіч і нават Іван Юсцінавіч.
Скончыўшы Мінскую гімназію, Здановіч паступіў у кіеўскі Універсітэт Святога Уладзіміра, затым некалькі гадоў стажыраваўся ў Еўропе, дзе вывучаў масаж і аздараўленчую гімнастыку. Вярнуўшыся ў Мінск, ажаніўся з Мартай Эразмаўнай Кабельскай, у 1890 годзе ў іх нарадзілася дачка Тамара.
Восенню 1890 года Здановіча прызначылі сельскім лекарам Лошніцкага ўчастка Барысаўскага павета. З мая 1891 года стаў лекарам для камандзіровак па сельска-медыцынскай частцы[1], г. зн. выязным кансультуючым спецыялістам, гэта дало яму магчымасць адкрыць прыватную практыку ў Мінску.
У 1892 годзе Іван Здановіч пачынае працу ў бальніцы Прыказу грамадскага догляду, якая стала потым Губернскай земскай бальніцай (цяпер 2-я гарадская клінічная бальніца). У 1893 годзе ён малодшы лекар Мінскіх богаўгодных устаноў і пэўны час выконвае абавязкі гарадавога лекара. Праз год ён ужо старшы лекар богаўгодных устаноў і паралельна лекар Жаночай гімназіі, што на Падгорнай вуліцы. У 1895 годзе да пералічаных дадаецца яшчэ пасада лекара Жаночага духоўнага вучылішча. Будучы заможным чалавекам, Здановіч на ўласныя сродкі абсталяваў 10 ложкаў для лячэння хворых парадзіх, забяспечыў ўстанову неабходным інвентаром і медыкаментамі, а затым перадаў радзільны прытулак гарадскім уладам.
Вучылішча для сляпых
правіцьУпершыню прапанова стварэння вучылішча для сляпых дзяцей прагучала ў 1893 годзе, але мінскія гарадскія ўлады не мелі для гэтага сродкаў. Здановіч адправіўся ў Пецярбург і сустрэўся з Канстанцінам Карлавічам Гротам — вядомым дабрачынцам, заснавальнікам і кіраўніком Папячыцельства пра сляпых. Быў арганізаваны збор сродкаў і сярод заможных мінчан. Урэшце вучылішча было адкрыта ў 1897 годзе і да 1901 года размяшчалася ў сціснутых умовах у доме Пржаляскоўскага на Захар’еўскай вуліцы (дом захаваўся, сучасны адрас — вул. Савецкая, 12).
Пасля таго, як Галоўнае папячыцельства пра сляпых дало беспрацэнтную пазыку з выплатай у растэрміноўку на 16 гадоў у памеры 3500 рублёў, стала магчымым набыць участак зямлі ў 1616 квадратных сажняў (прыкладна 7300 кв.м.) і стары дом[2]. Дом знаходзіўся на Захар’еўскай вуліцы амаль насупраць дома Пржаляскоўскага (цяпер на гэтым месцы левае крыло Дома ўрада), а ўчастак паблізу — на Трубнай вуліцы (цяпер гэта вуліца Берсана).
У будынак вучылішча былі праведзены электрычнасць і водаправод. У некаторых публікацыях сцвярджаюць нават, што такое было ўпершыню ў Мінску, але гэта, вядома, перабольшанне, бо дамы з электра- і водазабеспячэннем былі ў горадзе і раней, але для пачатку XX ст. дасягненне несумненна значнае. Акрамя таго, Здановіч арганізаваў у будынку вучылішча біялагічную ачыстку сцёкавых водаў.
На вучылішчным участку былі лазня з пральняй, каменная лядоўня, якая замяняла халадзільнік. Там жа была пабудавана царква «Усіх Тужлівых Радасць», асвечаная ў лістападзе 1907 года, прычым уся мастацкая разьба была выканана або самім Здановічам, або паводле яго эскізаў. Газета «Мінскае слова» пісала: «З сякерай у руцэ ён паказваў цесляру, як рубіць вугал. Калі ён браўся за разец, то ў яго выходзілі мастацкія рэчы, скульптурныя творы і мастацкія творы, якія былі сапраўдным упрыгожваннем мясцовых выстаў»[3].
Вучэбная праграма ўключала Закон Божы, рускую мову, арыфметыку, гісторыю, геаграфію і заалогію. Асаблівая ўвага давалася спевам. Каб атрымаць дадатковыя сродкі на ўтрыманне вучылішча і даць невідушчым дзецям з бедных сем’яў спецыяльнасць, якая дазволіла б ім у будучыні пракарміць сябе, выхаванцаў навучалі кошыкавай і шчотачнай вытворчасці. Кошыкі, шчоткі, а таксама мэбля прадаваліся ў адмысловай краме пры вучылішчы, часам выконвалі нават прыватныя заказы, што кажа пра высокае прафесійнае майстэрства[4]. «Ганаровым членам» была Любоў Аляксандраўна Гірс — жонка губернатара А. Ф. Гірса, так Здановіч забяспечваў афіцыйную падтрымку свайго пачынання.
У 1904 годзе «за выдатныя заслугі ў справе ўстановы Мінскага таварыства сляпых і за нястомныя бязвыплатныя працы на пасадзе дырэктара названага вучылішча» лекар атрымаў асабістую падзяку ўдовай імператрыцы Марыі Фёдараўны.
Калі ўжо пасля смерці Здановіча да Мінска падышоў фронт Першай сусветнай вайны, вучылішча было эвакуіравана ў Мяшчоўск Калужскай губерні[5]. Пасля рэвалюцыі дзейнасць была адноўлена ў Мінску — у тым жа доме, але затым, пасля пачатку будаўніцтва Дома ўрада, школа пераехала ў Красны Бераг, потым у Магілёў і, ужо пасля вайны — у Гродна.
Станцыя Ждановічы
правіцьУ 1909 годзе Здановіч купіў пад загарадную дачу невялікі дом на беразе Свіслачы. Там ён выявіў незамярзальную крыніцу, воды якой мелі саланаваты смак. Пробы былі адпраўлены ў Пецярбург, аналіз пацвердзіў, што гэта мінеральная вада мае гаючы характар. Неўзабаве Здановіч стварыў там невялікую лячэбную ўстанову на 6 ложкаў для хворых на страўнікава-кішачныя захворванні. Так быў закладзены пачатак цяперашняга санаторыя «Крыніца».
Каб палегчыць доступ да крыніцы, Іван Усцінавіч за свой кошт пабудаваў чыгуначную платформу, якая так і называлася — платформа Здановіча. На ёй спыняліся не толькі прыгарадныя, але і некаторыя хуткія цягнікі. Пасёлак, які ўзнік паблізу платформы, стаў называцца Здановічы.
Пасля 2-й сусветнай вайны ў назве пасёлка першая літара стыхійна замянілася на «Ж» і тапонім набыў больш традыцыйную для беларускіх месцаў форму Ждановічы. Назва станцыі Здановічы пратрымалася прыкладна да сярэдзіны 1960-х гадоў, але ўрэшце таксама змянілася на «Ждановічы».
Апошнія гады
правіцьУ 1904 годзе доктар Здановіч стаў галоўным лекарам Губернскай земскай бальніцы. У бальніцы з’явілася лабараторыя для бактэрыялагічных даследаванняў, ўстаноўлена навінка таго часу — рэнтген-апарат, набыты новы хірургічны інвентар. Здановіч заставаўся на чале бальніцы да канца сваіх дзён.
Каб спрыяць распаўсюджванню цвярозага ладу жыцця, Здановіч стварыў на Траецкай гары, паблізу бальніцы, галоўным лекарам якой ён быў, народную чайную. Актыўна займаўся палітыкай, прычым погляды меў правыя. Ён быў галосным гарадской думы, кіраўніком Мінскага аддзела «Саюза 17 кастрычніка»[6], членам выдавецкага савета і актыўным супрацоўнікам газеты «Минская речь», пасля пераназванай у «Минское слова».
Пісаў Здановіч і навукова-папулярныя артыкулы, супрацоўнічаў з часопісам «Самаадукацыя», які выдаваўся на пачатку XX ст. у Санкт-Пецярбургу. Вось фрагмент аднаго з яго артыкулаў[7]:
Не цар прыроды чалавек, а благое паводле намераў дзіця яе. Зямля, якая нарадзіла чалавека, вартая лепшай любові яго… і моцны той чалавек, хто любіць сваю зямлю і адданы ёй! Але ёсць драпежныя людзі: не любяць яны зямлі, якая стварыла іх, не вабіць іх лес шумам дрэваў, спевам птушак, не з любоўю глядзяць яны на кожнае дрэва — драпежныя пачуцці ў іх, думаючы пра тую нажыву, якую атрымаюць, калі зрубяць яго. Знішчыўшы вакол сябе ўсё, што толькі можна: лес, птушак, звяроў, нават забраўшыся ў нетры зямлі і адтуль узяўшы ўсё, што толькі можна ўзяць, чалавек кідае аб’едзены ім участак зямлі і перасоўваецца на іншы, дзе яшчэ ёсць матэрыял для нажывы.
Іван Усцінавіч Здановіч раптоўна памер 11 (24) жніўня 1915 года а 2 гадзіне дня. Прычына смерці невядомая — магчыма, інфаркт, але, магчыма, і тыф, эпідэміі якога ў прыфрантавым горадзе здараліся нярэдка. Невядома і месца яго пахавання.
У некралогу, апублікаваным у часопісе «Минские врачебные известия», называюцца ўзнагароды Івана Усцінавіча: у 1896 годзе ён быў узнагароджаны сярэбраным медалём на Аляксандраўскай стужцы, у 1898 — ордэнам Св. Станіслава III ступені, у 1905 годзе за выслугу гадоў узведзены ў стацкія саветнікі. Але галоўнай справай яго жыцця, вядома, трэба прызнаць стварэнне Мінскага вучылішча сляпых.
Памяць
правіцьУ 1986 годзе ў Мінску была адкрыта школа № 188 для сляпых і са слабым зрокам дзяцей. У 1997 годзе ёй было прысвоена імя Івана Здановіча, пра што сведчыць памятная дошка на фасадзе (на жаль, год смерці паказаны няслушна — 1916 замест 1915).
Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» заснавала нагрудны знак «Заслужаны дзеяч ГА „Белтіз“», у Палажэнні пра які, у прыватнасці, гаворыцца[8]: «Ніжняя частка нагруднага знака мае форму круглага вянка, які ўтвараецца лаўровымі галінамі, дыяметрам 35 мм. На адным баку ніжняй частцы нагруднага знака размешчаны барэльеф І. У. Здановіча, гуманіста і асветніка канца 19 — пачатку 20 стагоддзя, па ініцыятыве якога было адкрыта першае ў гісторыі Беларусі вучылішча для сляпых, і подпіс „I. У. Здановіч“».
Зноскі
- ↑ «Минские врачебные известия». 1915, № 7-8, с. 128.
- ↑ О. Ждан. «День белой трости». «Неман» № 8, 1995. С. 202—223.
- ↑ Г. А. Кандыбор. Иван Устинович Зданович — выдающийся деятель госпитальной медицины. Материалы XI республиканской научной конференции по истории медицины и фармации, 3 ноября 2009 г., Витебск. С. 145—146.
- ↑ А. А. Зорко. «Первая в Беларуси школа для обучения грамоте слепых детей и её основатель врач И. У. Зданович». «Сестринское дело, здравоохранение, история медицины: проблемы и перспективы: сборник статей». О «Гродненский государственный медицинский университет», Общественное объединение средних медицинских работников Гродненской области. С. 106—110.
- ↑ «Памятная книжка Минской губернии на 1917 год».
- ↑ К. М. Бондаренко. Союз 17 октября на Беларуси в 1905—1907 гг.". Кулешовские чтения : материалы научно-практической конференции: тезисы докладов. — Могилев, 2001. С. 135—137.
- ↑ Д-ръ И. У. Здановичъ. О Жизни. (Ничтожныя мысли о великомъ). С.Петербургъ, «С.-Петербургская Электропечатня», 1902. Отдельные оттиски из «Самообразование» 1902 № 30-33.
- ↑ Постановление Пленума Центрального правления № 26, 25.05.2011 Об утверждении Положения о присвоении звания «Заслуженный деятель ОО „БелТИЗ“».
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 47. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Иван Зданович: доктор и попечитель // «Медицинский вестник» № 3 (837), 17 января 2008. (руск.)
Спасылкі
правіць- Зеленков В. Жизнь замечательных минчан: доктор Иван Зданович Архівавана 21 чэрвеня 2014. — tut.by, 12.6.2014, 21:07
- Здановіч Іван Усцінавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»