Адкрыць галоўнае меню

Аляксандр Васільевіч Сукала

Алякса́ндр Васі́льевіч Сука́ла (нар. 25 лютага 1951, г. Рагачоў, Гомельская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне педыятрыі, дзіцячай нефралогіі і экапаталогіі, імуналогіі дзіцячага ўзросту. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; член-карэспандэнт з 2009), доктар медыцынскіх навук (1995), прафесар (1996). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2002). Выдатнік аховы здароўя СССР (1978), выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2012).

Аляксандр Васільевіч Сукала
Дата нараджэння 25 лютага 1951(1951-02-25) (68 гадоў)
Месца нараджэння
Род дзейнасці вучоны
Навуковая сфера педыятрыя
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук
Навуковае званне акадэмік НАНБ
Альма-матар Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут
Узнагароды і прэміі
Медаль «За працоўныя заслугі», Беларусь

БіяграфіяПравіць

Закончыў з адзнакай Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1975). У 1975—1978 гг. — урач-інтэрн, ардынатар 2-й Дзіцячай клінічнай бальніцы г. Мінска. З 1981 г. — у Мінскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (з 2001 — Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), з 1988 — дэкан, з 1994 — загадчык кафедры, адначасова ў 1998—2001 гг. — прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай рабоце. З 2012 — намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.

Навуковыя працы прысвечаны вывучэнню прычын і распрацоўцы спосабаў прафілактыкі рэцыдываў нефратычнага сіндрому ў дзяцей, клінічнаму і эксперыментальнаму даследаванням неспрыяльных знешнеасяроддзевых уздзеянняў (цэзію-137 і нітрытаў) на ўзнікненне, цячэнне і канец гламеруланефрытаў у дзяцей Беларусі ў постчарнобыльскі перыяд. Устанавіў факты змянення цячэння і ўчашчэння неспрыяльных зыходаў гламеруланефрытаў (развіццё хранічнай нырачнай недастатковасці) пры ўздзеянні цэзію-137, нітрытаў і іх спалучэнняў, якія леглі ў аснову аднаго з раздзелаў сучаснай нефралогіі — экалагічнай нефралогіі дзіцячага ўзросту. Устанавіў новыя маркёры прагназавання зыходаў першасных і другасных гламеруланефрытаў, прапанаваў метады аптымізацыі тэрапіі вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці, уключаючы трансплантацыю нырак. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку пратаколы супрацьрэцыдыўнай тэрапіі гламеруланефрытаў, што дазволіла мінімізаваць адмоўныя ўздзеянні патагенетычнага глюкакортыкастэроіднага і цытастатычнага лячэння гламеруланефрытаў. Укараненне ў лячэбны працэс высокатэхналагічных спосабаў нырачна-заменнай тэрапіі дазволіла знізіць смяротнасць дзяцей ад вострай нырачнай недастатковасці з 35 % практычна да нуля. У галіне эндакрыннай паталогіі ў педыятрыі распрацаваў алгарытмы абследавання, прафілактыкі і лячэння дзяцей з залішняй масай цела.

Аўтар звыш 530 навуковых прац.

УзнагародыПравіць

Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» (2007), ордэнам Свяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені (2011), ордэнам Ефрасінні Полацкай (2012).

БібліяграфіяПравіць

  • Заболевания почек у детей // Справочник по госпитальной педиатрии, Мінск, 2002.
  • Врожденный ихтиоз у детей, Мінск, 2013 (у суаўт.).
  • Аллергия у новорожденных детей, Мінск, 2013 (у суаўт.)

Зноскі

СпасылкіПравіць