Анатоль Мікалаевіч Зэкаў

беларускі паэт, празаік
(Пасля перасылкі з Анатоль Зэкаў)

Анатоль Мікалаевіч Зэ́каў (нар. 20 студзеня 1955; в. Патапаўка, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі паэт, празаік, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.

Анатоль Мікалаевіч Зэкаў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 20 студзеня 1955(1955-01-20) (66 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Мова твораў беларуская
Прэміі
Узнагароды

БіяграфіяПравіць

У 1977 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі гомельскай раённай газеты «Маяк», потым — у Гомельскім райкаме камсамола: загадчыкам арганізацыйнага аддзела, другім сакратаром.

З 1980 да 1982 года — слухач Вышэйшай камсамольскай школы пры цэнтральным камітэце Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі (Масква). У Мінску працаваў інструктарам аддзела прапаганды і агітацыі цэнтральнага камітэта Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі. У 1991 годзе завочна скончыў Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Камуністычнай партыі Беларусі. Палітолаг.

З 1985 года — у рэдакцыі маладзёжнай газеты «Чырвоная змена». Затым узначальваў мінскую гарадскую газету «Добры вечар» (1990—1996) і штотыднёвік «Сталіца», працаваў у газеце «Книга и мы» (1996—1997), быў галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газеты» (1997—2002), намеснікам і в.а. галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (2002—2005), рэдактарам аддзела прозы — членам рэдкалегіі часопіса «Полымя» (2006—2009). Цяпер — у рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Працуе тэлевядучым на канале «Беларусь 3», дзе вядзе штотыднёвую літаратурную праграму «Дыя@блог. P.S.».

Аўтар тэкстаў гімнаў лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1994 года.

ТворчасцьПравіць

Першы верш апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў 1969 годзе. Анатоль Зэкаў — аўтар зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Зона кахання» (2003), «Промнік позірку твайго» (2008). Асноўныя тэмы паэтычнай творчасці — роздум аб праблемах, якія ставіць жыццё перад чалавекам і чалавецтвам, аб вечных праблемах дабра i зла, любові i нянавісці.

А. Зэкаў напісаў шмат пародый на вершы іншых паэтаў (Р. Баравікова, Т. Атрошанка, В. Аксак, М. Шабовіч і іншыя). Яго пародыі ўвайшлі ў зборнікі сатыры і гумару «Дуэль» i «Дуэль-2», «Вінегрэт пад фуршэт», «Каханне на снезе», «Тары-бары» і іншыя. У іх А. Зэкаў паўстае не толькі як парадыст, таму што на «дуэль» ён выклікае не адных паэтаў, a i розных масцей антыгерояў свайго супярэчлівага часу.

Сучаснай трактоўкай тэм і вобразнасцю вызначаюцца байкі Анатоля Зэкава «Сабачы брэх», «Крот і мышы», «Пчолы і труцень», «Мядзведзь і размеркаванне», «Уюн і дно», «Непаслухмяны конь», «Паўлін і певень» і іншыя.

Дэбютам у прозе стала кніга «Вясельнае падарожжа ў Стамбул».

Таксама ён стварыў мноства кніг для дзяцей: «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і іншыя. І ў гэтых кнігах, адрасаваных юным чытачам, ён паказаў сябе такім жа майстрам, удумлівым, лаканічным, дасціпным і сучасным.

Песні, створаныя на аснове твораў А. М. Зэкава, спяваюць многія беларускія выканаўцы, у тым ліку Я. Навуменка, А. Ярмоленка, А. Балотнік, Г. Грамовіч і іншыя.

А. Зэкаў напісаў лібрэта спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

Вершы Анатоля Зэкава перакладзены на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі.

БібліяграфіяПравіць

ПаэзіяПравіць

  • «Боль сумлення» (1989)
  • «Аварыя сумлення» (1996)
  • «На арэхавым кані» (2003)
  • «Зона кахання» (2003)
  • «Лісты да цябе» (2005)
  • «Чарнобыльскі вецер» (2006)
  • «Кругі ў галаве» (2007)
  • «Промнік позірку твайго» (2008)
  • «Не казкі пра Сашку» (2013)
  • «Пад кронай белых аблачын» (2013)
  • «Безбілетны Зай» (2014)
  • «Вожык вёз сараканожак» (2014)
  • «Вінегрэт пад фуршэт» (2015)
  • «Параненая памяць» (2015)
  • «Белае сонца бяроз» (2016)
  • «Птушыныя арэлі» (2017)
  • «Прыгарадныя чайкі» (2018).

ПрозаПравіць

  • «Вясельнае падарожжа ў Стамбул» (2000)
  • «Генеральскі нумар» (2011)

Сатыра і гумарПравіць

  • «Дуэль» (1994)
  • «Дуэль-2» (1995)
  • «Па самую плешку» (2003)
  • «Кругі ў галаве» (2007)
  • «Каханне на снезе» (2011)
  • «Замарожаныя пачуцці» (2015)
  • «Тары-бары» (2015)

Для дзяцейПравіць

  • «Чатыры зярняткі» (2000)
  • «На арэхавым кані» (2003)
  • «Мянтуз сярод мядуз» (2007)
  • «Зязюля Гулюля» (2011)
  • «Кенгуру ці кенгура?» (2013)
  • «Як Гаўка ў космас збіраўся» (2013)
  • «Азбуку мядзведзь вучыў» (2015)
  • «Лічба з літарай сябруюць» (2016)
  • «Адна сям’я — ад А да Я» (2017)
  • «Селі хмаркі на вярбу» (2018)
  • «За месяцам — месяц» (2018)

У зборнікахПравіць

ІншаеПравіць

  • «Алесь» (2007) — кніга ўспамінаў пра Алеся Пісьмянкова
  • лібрэта спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

Прэміі і ўзнагародыПравіць

  • Залаты купідон (2007; сатыра і гумар)
  • Літаратурная прэмія імя Васіля Віткі (2009);
  • медаль Францыска Скарыны (2019)[1].

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2

СпасылкіПравіць