Андрэй Андрэевіч Душачкін

Андрэй Андрэевіч Ду́шачкін-Клі́маў (нар. 8 лютага 1960, г. Мінск) — беларускі акцёр тэатра і кіно, педагог, літаратар. Заслужаны артыст Беларусі (2004)

Андрэй Андрэевіч Душачкін
Дата нараджэння 8 лютага 1960(1960-02-08) (64 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Маці Аляксандра Іванаўна Клімава
Адукацыя
Прафесія тэатральны акцёр, кінаакцёр, пісьменнік
Гады актыўнасці з 1981
Тэатр
Член у
Узнагароды
медаль Францыска Скарыны
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
IMDb ID 0244624
Сайт a-dushechkin.narod.ru

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 8 лютага 1960 года ў Мінску. Сын народнай артысткі СССР А. І. Клімавай і тэатральнага педагога, акцёра А. В. Карсакоўскага (Душачкіна)[1].

Скончыў у 1981 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па курсе В. Раеўскага. Кар’ера будучага артыста пачыналася з трапяткога захаплення музыкай. У той час амаль у кожнай школе існаваў свой ансамбль. Андрэй іграў на электрагітары, якую сканструяваў самастойна[1].

Прайшоў час, школьная сцэна змянілася тэатральнымі падмосткамі. Тлумачэнне гэтаму можа быць дваістае: з аднаго боку любоў да музыкі як да адной са сфер сапраўднага мастацтва, з другога — наяўнасць вядомых таленавітых бацькоў-акцёраў[1].

Андрэй Душачкін-Клімаў з 1981 г. працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага[1]. Адначасова з 1981 года працуе на Беларускім радыё, з 1983 года на Беларускім тэлебачанні, з 2005 выкладае ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў[2].

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Расіі[1], член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1984 года.

Творчасць правіць

Тонкі і шматгранны акцёр, выканаўца лірычных, драматычных і трагікамічных роляў. Яго мастацтву ўласцівы шчырасць, арганічнасць, імправізацыйнасць, гратэскавая завостранасць у злучэнні з глыбінёй разумення сцэнічнага характару[1].

Рэпертуарны ліст артыста значны і разнастайны. Сярод роляў: Гарацыа («Гамлет» У. Шэкспіра), адвакат Ганефельд («Перад захадам сонца» Г. Гаўптмана), Сцыпіён («Калігула» А. Камю), Цяцін, Мікалай Пацехін («Ягор Булычоў і іншыя[ru]», «Дзівакі» М. Горкага), Міколка («Бабскае царства» паводле Ю. Нагібіна), Валодзя («Начныя карлікі і Антыгона» Л. Разумоўскай), Міхаіл Булгакаў («Я веру ў гараскопы» А. Карэліна)[2], Прафесар, Вядучы («Свабодны брак» Д. Фо і Ф. Рамэ), Марцэл («Трагічная аповесць пра Гамлета, прынца Дацкага» паводле п’есы «Гамлет» У. Шэкспіра), Віктар Віктаравіч («Неадкладна патрабуецца… „самазабойца“» паводле п’есы «Самазабойца» М. Эрдмана), Канчэта Меле («Суцяшальнік удоў» Дж. Марота, Б. Рандоні), Окерман («Сунічная паляна» І. Бергмана) і інш[1].

Акцёру падабаецца ствараць непадобныя адзін на аднаго характары і ў кіно: Чырвонаармеец Заяц («Ветразі майго дзяцінства»), Урач («Каменская»), Доктар Васькін («Атэль выканання жаданняў»), Бізнесмен («Агенцтва Іван ды Мар’я»), Тата («Маленькія ўцекачы»), Урач Паршын («Дняпроўскі рубеж») і інш.[1], таксама здымаўся ў фільмах "3 юбілеем пачакаем», «Жанчыны ў гульні без правіл», «Тры талеры», «Шчасце ёсць»[2].

Зняўся ў дзвюх псіхалагічных кінанавелах рэжысёра М. Субоціна — «Бакал віна» і «Аб тых, хто прапаў без вестак», якія былі адзначаны шэрагам узнагарод. Артыст таксама здымаецца ў розных праектах Беларускага тэлебачання, працуе на радыё[1].

Андрэй Душачкін-Клімаў з’яўляецца аўтарам трох кніг: «Па той бок люстэрка» (1996; прысвечана маці, актрысе А. І. Клімавай), «Адлюстраванне» (2000) і «Лісты месяца» (2003; у іх змешчаны эсэ, пародыі, авангард, абстракцыі). У 2009 г. у часопісе «Нёман» было апублікавана апавяданне «Фронтовик». Друкаваліся таксама вершы аўтара[1].

Узнагароды правіць

Узнагароджаным Ганаровым дыпломам ЮНЕСКА за творчую і грамадскую дзейнасць (2008 г.), медалём Францыска Скарыны (2010)[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к Андрэй Андрэевіч Душачкін на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
  2. а б в Душачкін Андрэй Андрэевіч // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць