Антаніна Сяргееўна Канавалава

Антаніна Сяргееўна Канавалава (нар. 19 чэрвеня 1988) — актывістка руху «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага і давераная асоба Святланы Ціханоўскай на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020. Палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Антаніна Сяргееўна Канавалава
Род дзейнасці актывіст, палітычны вязень
Дата нараджэння 19 чэрвеня 1988(1988-06-19) (35 гадоў)
Грамадзянства Беларусь
Альма-матар

Біяграфія правіць

Антаніна Канавалава нарадзілася 19 чэрвеня 1988. Пасля школы паступіла на філалагічны факультэт БДУ вывучаць рамана-германскія мовы, але адлічылася пасля першага семестру праз нежаданне быць настаўніцай. Да нараджэння дзяцей працавала ў лагістыцы, была дыспетчарам, пасля ўласна лагістам. Мае двух непаўнагадовых дзяцей, сына Івана і дачку Анастасію. Завочна атрымлівала юрыдычную адукацыю ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва ў Мінску[2]. На пачатку эпідэміі каранавіруса захварэла, сутыкнулася з праблемамі ў пошуку і атрыманні патрэбнай медыцынскай дапамогі, што стала штуршком для пошуку сябе ў грамадзянскім актывізме. Валанцёркай працавала на зборы подпісаў за вылучэнне спачатку Сяргея Ціханоўскага, пасля затрымання апошняга, ўжо Святланы Ціханоўскай на пасаду прэзідэнта на выбарах 2020 года[3].

Палітычны пераслед правіць

Антаніна Канавалава была затрымана 6 верасня 2020, затрыманне было ахарактарызавана ў СМІ як «знікненне» праз тое, што некалькі дзён не было вядома пра тое, што Антаніна затрымана[4]. Утрымлівалася спачатку ў тэхнічным памяшканні РАУС, пасля родныя знайшлі яе на Акрэсціна[5]. У судзе ў адміністрацыйным парадку атрымала штраф за ўдзел у несанкцыянавым мерапрыемстве. Аднак пасля суду жанчыну не адпусцілі, а перазатрымалі ў межах крымінальнай справы. Ёй прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (Масавыя беспарадкі), да суда ўтрымлівалася ў СІЗА-1 г. Мінска[6]. Пазней, на пачатку кастрычніка 2020 году, таксама быў затрыманы муж Антаніны, Сяргей Ярашэвіч, таксама прызнаны палітычным зняволеным[7].

7 кастрычніка 2020 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай[8].

Справу разглядаў суддзя Сяргей Аляксандравіч Епіхаў (які пазней асудзіў Марыю Калеснікаву і Максіма Знака)[9], 7 траўня 2021 года ў Мінскім абласным судзе ён вынес прысуды фігурантам справы па телеграм-канале «Армія з народам», усе падсудныя атрымалі менавіта такія прысуды, як запрошваў пракурор. Антаніна Канавалава была асуджана да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (столькі ж, але ва ўмовах узмоцненнага рэжыму, атрымаў яе муж, Сяргей, які таксама быў абвінавачаны і асуджаны па гэтай справе)[10][11].

Нягледзячы на тое, што разгляд апеляцыйнай скаргі быў запланаваны 30 ліпеня 2021 года, ужо 26 ліпеня Антаніну забралі на этап з СІЗА-1, суд прайшоў без ейнага ўдзелу. Рэчы Антаніны, якія яе бацькі збіралі её у калонію, зніклі ў СІЗА. На этапе з Мінску ў Гомель Анатніна і іншыя зняволенныя знаходзіліся трое сутак, з 26 па 29 ліпеня. З расповеду Ганны, мамы Антаніны: «І яе з ковідам адправілі на этап. Іх 15 чалавек загрузілі ў вагон, у памяшканне з металічнымі адсекамі. Першыя суткі іх не вадзілі нават у прыбіральню. А там была спякота — і гэты вагон, як кансервавая бляшанка, награваўся. Хоць адлегласць ад Мінска да Гомеля можна пераадолець прыкладна за 5 гадзін — то бок яны галоўным чынам стаялі, а не ехалі. Без вады, без ежы, без сну. І яны прыехалі ў Гомель 29 ліпеня. Гэта значыць з 26-га па 29-е Тоня ехала ў Гомель»[12].

З 22 жніўня 2021 утрымліваецца ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі, дзе пастаўлена на ўлік як «схільная да экстрэмізму». Нягледзячы на праблемы са зрокам (інвалід па зроку з дзяцінства) спачатку была накіравана на працу швачкай, пасля пераведзена ў іншы цэх, дзе прасуе тканіну[12].

Зноскі

Спасылкі правіць